Генадзь Аўласенка


“Ключ, які нічога не адмыкае”


Мінск: “Мастацкая літаратура”

Пра кнігу:


Новая кніга прозы Генадзя Аўласенкі «Ключ, які нічога не адмыкае» мае падзагаловак «Рэальна-містычна-фантастычныя апавяданні». І гэта сапраўды так. Бо нягледзячы на тое, што зборнік апавяданняў можна вызначыць як містычна-фантастычны, рэальнага на ягоных старонках не менш, чым уласна містыкі альбо фантастыкі. А месцамі — нават і больш… У зборнік увайшлі розныя паводле памеру і тэматыкі апавяданні. Усе яны (хоць і ў рознай ступені) знаходзяцца на хісткай і даволі размытай мяжы паміж «рэальным і фантастычным». Толькі некаторыя з твораў (тыя, што пераступілі ўсё ж нябачную гэтую мяжу) можна аднесці да чыстай фантастыкі альбо сапраўднай містыкі.

Пра аўтара:


Нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Беларус. У 1972 годзе скончыў Ушацкую сярэднюю школу. З 1974 па 1976 год служыў ва ўзброеных сілах. Затым скончыў біялагічны факультэт БДУ. Некаторы час жыў і працаваў у Якутыі і Забайкаллі.

Больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам Вайнілаўскай базавай школы Чэрвеньскага раёна, дзе выкладаў біялогію і хімію. Цяпер рэдактар аддзела падлеткавай творчасці часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1999 года.

Казкі Генадзя Аўласенкі ўвайшлі ў зборнікі казак «Чароўныя пацеркі» і «Вежа міру», якія ў 2006—2007 гг. выйшлі ў «Мастацкай літаратуры», а таксама ў казачны цыкл выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»: «Чырвоная кніга ў казках і вершах» (2007 г.); «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2008 г.); «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (2009 г.).

У 2009 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла кнігу-казку «Вася Лайдачкін у Краіне Шкодных Звычак». Пры канцы 2009 года ў серыі «Бібліятэка сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы», якую выдае выдавецтва «Харвест» разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выйшла кніга фантастыкі «Дзікія кошкі Барсума». У 2011 годзе беларуская сучасная фантастыка папоўнілася раманам Г. Аўласенкі «Пленники чёрного леса». У 2014 годзе выходзіць зборнік рэальна-містычна-фантастычных апавяданняў «Ключ, які нічога не адмыкае» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»).

Вынікі апошніх гадоў:
2016 2015 2014 2013
Арганізатары: