Ганна Янкута: Батлейка і яе музы


Аўтар прапануе свайму чытачу шэраг амаль лубачных герояў савецкага і постсавецкага часу, з якімі той у рэальным жыцці наўрад ці сутыкаўся, а калі і сутыкаўся, то хутчэй за ўсё глядзеў на іх зусім іншымі вачыма. Усе гэтыя гангстары, Шастаковічы, акторы і бізнесоўцы выглядаюць так схематычна, нібыта іх толькі што выцягнулі з тэлескрыні, па якой акурат круцяць серыял пятага гатунку, дзе шалёна змяшаліся сюжэтныя штампы, побытавыя стэрэатыпы, састарэлыя ўяўленні пра dolce vita і безліч іншых гукавых эфектаў. “Неўзабаве перакручаныя гісторыі становяцца гарадскім фальклорам і нават набываюць легітымнасць нацыянальных міфаў”, — так вызначае характар кнігі сам аўтар, гаворачы пра тое, што без гэтых лубачных герояў і стэрэатыпаў зразумець насельнікаў “камуфляванага пяцікутніка, які называецца Беларуссю”, немагчыма.
Цікава, што сёлета ў доўгі спіс прэміі Гедройца трапіла яшчэ адна кніга, якая пазіцыянуецца як зборнік гарадскіх легендаў, — “Казкі пра дарослых” Адама Глобуса. Але розніца паміж дзвюма гэтымі кнігамі відавочная: калі Глобус спрабуе гарадскую прастору міфалагізаваць, засяліўшы яе рознага кшталту сучаснымі дзівосамі, то Уладзіслаў Ахроменка збірае пад адной вокладкай побытавыя, хаця і абсурдныя гісторыі, у якіх адлюстраваныя пэўныя стэрэатыпныя ўяўленні пра жыццё. Ці сапраўды ў народзе жывуць гэтыя ўяўленні пра бабулек, якія дзеля сваіх градаў адмовяцца ад замежнай спадчыны, ці зорак балета, якія абавязкова акажуцца геямі ды яшчэ і педафіламі, кожны чытач вызначыць для сябе сам. Батлейка Уладзіслава Ахроменкі сваю справу выканала, паказаўшы нам шэраг інтэрмедыяў — нават не сацыяльна-бытавых сатыраў, а даведзеных да мяжы кітчавасці побытавых схемаў, у якіх штамп робіцца асноўным мастацкім сродкам і аўтарскае майстэрства палягае менавіта ў выбудоўванні сюжэтаў вакол гэтых штампаў. І тут варта сказаць, што фантазіі аўтара можна толькі пазайздросціць.
Ужо сама назва кнігі — “Музы і свінні” — папярэджвае, што мастацкі свет Уладзіслава Ахроменкі раздзелены на чорнае і белае, на муз і свінняў. Падзел гэты, аднак, несіметрычны. З’явіўшыся ва ўступе ў выглядзе амаль оруэлаўскіх персанажаў, свінні далей ператвараюцца ў рознага кшталту службоўцаў, музы ж з прыўкрасных паненак з кіфарамі і “налітымі цыцкамі” трансфармуюцца ў прадстаўнікоў шэрагу творчых прафесіяў, аднак казаць, што ўсе яны — героі спрэс станоўчыя, не выпадае. Часам здаецца, што станоўчых герояў тут увогуле няма, і галоўная роля музаў у кнізе — дапамагчы аўтару разбіць сюжэты на групы і выбудаваць для свінняў дастаткова стройную і немудрагелістую кампазіцыю. Кніга раздзеленая на 9 частак у адпаведнасці з колькасцю муз, і кожная з гэтых частак улучае па тры гісторыі, нейкім чынам звязаныя з галіной мастацтва, якой апякуецца пэўная муза (так, напрыклад, у раздзеле “Тэрпсіхора. Муза танцаў” усе гісторыі прысвечаныя дзейнасці танцавальных ансамбляў ці працы танцораў). “На месцы зляцелых німбаў раптоўна выторкваюцца д’ябальскія рогі, але і праз чорную звярыную поўсць іншым разам прарастаюць карункавыя анёльскія крылцы”, — піша ў прадмове аўтар, і ўсё ж неадназначнымі яго герояў ніяк не назавеш: батлейка ніколі не прапануе гледачам драматычнай калізіі, хоць і можа прымусіць спагадлівыя душы паспачуваць нават самаму чорнаму злодзею.
Музы батлеечнага тэатра Уладзіслава Ахроменкі не вельмі патрабавальныя і ўсё ж герояў сабе выбіраюць не абы-якіх. У кнізе, як ні дзіўна, няма гісторыяў пра любімага апошнім часам беларускімі пісьменнікамі Лі Харві Освальда, затое ёсць і Кім Ір Сэн, і Жак-Іў Кусто, і дзед Талаш. Кідкія, як тая пазалота на тэатральнай ляпніне, вобразы і кінематаграфічныя сюжэты могуць дапамагчы чытачу запоўніць вольны час, але глытаць кнігу за адзін вечар усё ж не варта: праз пэўную аднастайнасць (дзякуючы якой кніга атрымалася цэльнай) апавяданні і іх героі хутка пачынаюць блытацца. Музы і свінні нібыта пераходзяць з аднаго тэксту ў наступны, змяняючы адно батлеечныя дэкарацыі. Зрэшты, менавіта пазнавальнасць і паўтаральнасць робіць серыялы (хоць кніжныя, хоць тэлевізійныя) такімі прыцягальнымі.
Ганна Янкута