Павел Абрамовіч


Рэцэнзія на кнігу:
Альгерд Бахарэвіч "Дзеці Аліндаркі"


«У цібя ташніт»? Нататкі на палях аднаго рамана
***

У той час, як у Беларусі зачыняюцца апошнія беларускамоўныя школы і гімназіі, а з расейскамоўнымі беларускімі пісьменнікамі носяцца, быццам з пісанай торбай, заглядаючы ім у рот (і не для таго, каб вырваць костку, выдаліць пухліну), раптоўна з’яўляецца вядомы літаратар, які пакідае на бачным месцы кнігу — свой новы раман — і моўчкі сыходзіць назад, у зялёныя пісьменніцкія нетры.

Раман мае густоўную вокладку з калюча-таямнічым сэнсам; стылістычна бездакорны пачатак зачароўвае, захоплівае ўсю ўвагу... І толькі калі раздаецца моцны выбух, паспяваеш зразумець: тое была не кніга, а бомба, і перад табой быў не пісьменнік (ты абазнаўся!), а баец — магчыма, са Слуцкага збройнага чына ці Ірландскай рэспубліканскай арміі.

Змест яго паслання дайшоў да ўсіх, быў чутны паўсюль.

Адкінуўшы вобразнасць у бок, скажу, што асабіста я даўно не чытаў беларускамоўную прозу такой вялікай, упэўненай у сабе мастацкай сілы. І мужнасці — гэта не “мастацтва дзеля мастацтва”, а па-грамадзянску актыўны, выразны, дужы раман. Відавочна, Альгерд Бахарэвіч паступова расце як літаратар, і не ў поцемках намацвае сваю галоўную кнігу, а мэтанакіравана ідзе да яе, ведаючы, у якім баку шукаць. У “Дзецях Аліндаркі” ён здолеў падабраць дакладныя словы і належную ім аправу для таго, каб яскрава паказаць, у якой жудаснай дрыгве апынулася Беларусь, калі абрала для жыцця Язык, а не Мову, вырашыўшы, нібыта так будзе правільна, надзейна.

О, крывадушны разлік баязліўцаў!

Францішак Багушэвіч у прадмове да “Дудкі беларускай” пісаў з моцным “прымірыцельным” акцэнтам: “Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю”. У адрозненні ад класіка Бахарэвіч не збіраецца залагоджваць, прыносіць ахвяры Языку, які жадае толькі аднаго: праз сваіх носьбітаў панаваць над душамі, учынкамі, тэрыторыямі. Пісьменнік вырашае адкрыта, у самім тэксце, змагацца з ім. “Больш ніякіх саступак, ніякай гульні”, — рашуча кажа Бацька з “Дзяцей Аліндаркі”. І хоць згаданы кніжны персанаж (да героя яму шчэ далёка) абірае шлях партызана, сам раман Бахарэвіча — рэвалюцыя ў познелацінскім значэнні слова: гэта заварот нацыянальнай літаратурнай традыцыі, ператварэнне не толькі ідэйна-эстэтычнай прасторы, але і самой беларускай рэчаіснасці.

Зазначу, што “Дзеці Аліндаркі” — не чарговы (пост)мадэрнісцкі выраб аднаго з былых сузаснавальнікаў суполкі “Бум-Бам-Лiт”. Тады, у 1990-я, калі ўсім здавалася, што яны ідуць у агромністай такой грамадзе, беларуская мова была для бесшабашных бумбамлітаўцаў сродкам эстэтычнага абнаўлення наваколля. Ну, і проста забаўкай, так: літаратурна адораныя дзецюкі калупаліся ў мове і яе сродках, быццам у старым дзядулевым гадзінніку: як ён змайстраваны? а навошта тое колца? а як працуе гэта спружынка? а што будзе, калі зняць шкло? Цяпер, калі час незваротна змяніўся і ўсё навокал насычана непрыдуманым трагізмам, прыйшло, непазбежна, як сталасць, разуменне: мова — не цацка, не прылада ці механізм. Мова ёсць само жыццё і яго крыніца адначасова; мова падобная не на гадзіннік, а на дзяўчынку-падлетка з імем Сіа — “яснае слова сярод бязглуздага мармытання”, “багіня, якой давераны самы важны папірус”.

Мове патрэбны ўсяго адзін чалавек, каб быць жывой. І гэта дзяўчо трэба неадкладна ратаваць ад паршывага Языка і ягоных ублюдачных жаргонаў.

***

Узяўся пісаць кнігу пра Мову — пішы прыгожа, каб кожнае слоўца, як птушка ў слынным садзе Эдэмскім, выглядала і спявала, славячы Госпада Бога.

Бахарэвіч піша чароўна, цудоўна; яго тэкст — нібыта прыгожыя пацеркі; “Дзеці Аліндаркі” — гэта прыхаванае ў лесе ад чужых вачэй любоўнае прызнанне да самага дарагога ў жыцці: словаў, гукаў, таямнічых формаў і зместаў роднай мовы: “Словы і праўда прагучалі так, нібы пасярод зараснікаў чарнічніку раскрыўся нейкі зялёны рот, паварушыў вуснамі і сказаў усё гэта — тое, што гаварыць нельга ні ў якім разе.

Мова, мова, мова… Адна мова, мова нанова… Мова можа быць мяккай, як галінка, альбо цвёрдай, як скальпель. Іншым разам мова — чыстае паветра без аблокаў, нёманскі крышталь, а здараецца — мех з бульбай, радкі — як чорныя гракі, градкі. Мова — гэта свабода і ў адначассе адказнасць, прывязка да пэўнага месца, “люди, и где зародилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имают”. Пісьменныя, вы адчуваеце ласку мовы?

Іншым разам між радкоў “Дзяцей Аліндаркі” гучыць атанальная нотка. Нотка нявыказанай, але інтанацыйна акрэсленай непрыязнасці да мовы за яе бясконцасць, бязмежнасць, прадвызначэнне. І жаданне аддаліцца ад яе, хаця б ненадоўга і недалёка — праз пераклад.

***

Толькі дурню, які прызвычаіўся скаліць зубы з мастацкай літаратуры і шукаць у ёй зацішнае месца для адпачынку, падасца, што “Дзеці Аліндаркі” — забаўляльная гісторыя. Неверагодныя прыгоды двух дзяцей, якія заблукалі ў лесе, хаваючыся ад злых дарослых, і вось паўсюль у тэксце сімвал твой забыты, краю родны — Мова: “Ну, крыху розуму, алегорыі той гісторыйкі не зашкодзіць!”

Насамрэч тут, у “Дзецях Аліндаркі”, усё да ачмурэння, да агіды рэальна і сур’ёзна — паглядзіце ўважліва. Узяць хаця б цётак, якія сваім вонкавым выглядам і ўнутраным зместам быццам цвердзяць: “Я ёсць закон”. Менавіта на іх таўстамясых плячах трымаецца Сістэма. Ад Міністра аховы здароўя і ніжэй, да звычайнай рэгістратаркі з ЗАГСу (“яна сядзела пад гербам, як пад горбам” — выдатны вобраз!) — усе гэтыя і іншыя суворыя кабеты не проста сцерагуць закон, а стаяць на ахове правільнага маўлення як асновы здаровага ладу жыцця і палітычнай стабільнасці дзяржавы.

“Мовы нет, а демоны остались”
, — даводзіць школьны псіхолаг Таццяна Эдуардаўна, якая прагне, каб беларускія дзеці не адставалі ў развіцці і дзеля гэтага навучыліся правільна, чыста размаўляць на Языку. Беларускамоўным у нашай краіне, як вы цудоўна ведаеце, далі здзеклівую мянушку “свядомыя”, і за два дзесяцігоддзі амаль зраўнавалі з ідыётамі і небаракамі, якіх апанавалі дэманы і якія вярзуць нешта незразумелае, дзікае. Іх немагчыма грамадзянамі лічыць — іх лячыць трэба, такое пануе меркаванне.

Ці ж Бахарэвіч тое прыдумаў альбо іншы які наш пісьменнік? Гэта праўда жыцця і без дужак, дзетка. Жыццё штодзённае беларускае жахлівейшае за самую вычварэнскую фантазію — паспявай занатоўваць, літаратар! І калі сапраўды можна пісаць пра нешта пасля Асвенцыма, дык толькі беларускім пісьменнікам — прамым сведкам таго, як пасярод Еўропы цывілізацыю гвалтам перарабляюць на яе антонім…

Вернемся ў кнігу Бахарэвіча: уладальніцы мажных цел і высокіх прычосак лічаць сябе нармальнымі, хіба што крыху саромеюцца свайго акцэнту — трэба наведацца да Доктара, хай паглядзіць, што там захрасла ў роце, замінаючы нармальна размаўляць. Аднак адзіная па-сапраўднаму здаровая істота жаночага роду ў гэтым рамане-кунсткамеры — дзяўчынка Сіа ці, па-іншаму, Лёся.

Бахарэвічава Сіа няўлоўна нагадвае Надзею Яноўскую — апошнюю прадстаўніцу шляхецкага роду, злыбеды якога апісаў Уладзімер Караткевіч. Але ўладальніца Балотных Ялінаў была моцна скаваная жахам і прывязаная да свайго месца, тады як Сіа — птушка вольная. Страх ёй невядомы, і omnia mea mecum porto (“Усё сваё трымаю пры сабе”), у тым ліку Мову. Да таго ж Лёся, у адрозненне ад Яноўскай, з першай кніжнай старонкі знаходзіцца пад надзейнай аховай: ці то бацькоўскай малітвы-трымцення, ці то братавага заступніцтва.

***

Усе шляхі вядуць у Брэмен, а дакладней, у казкі братоў Грым.

Перадумова разумення і ўспрыняцця чытачамі “Дзяцей Аліндаркі” — гэта ў тым ліку добрае веданне нямецкай дзіцячай класікі. Але чаму “дзіцячай”? І даросламу з галавой на плячах павінна быць зразумела, што, не раўнуючы як у аповесцях Гофмана, уся наша мілая гатычная Беларусь жыве падвоеным жыццём; кожны яе жыхар мае “дзве душы” і нармальна пачуваецца, а не толькі менскі Ўладар Пярсёнкаў, які з раніцы — люты тыран, а ўвечары — спагадлівы бацька. Так склалася з цягам гісторыі, якую ў нас апавядалі-перапісвалі кожны на свой лад дый яшчэ часцяком на Языку. І фантастычнае ў Беларусі можа лёгка заняць месца рэальнага, ці наадварот, рэчаіснасць надоўга заступіць месца фантазіі. (Міжволі згадваюцца словы Яна Баршчэўскага: “У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду”.)

Таму не трэба здзіўляцца, калі пачуеце ад Бахарэвіча, як адна бабулька сышла жыць у лес, каб ніхто яе не чапаў, і пабудавала там сабе хацінку з розных падручных матэрыялаў: вокны зацягнула цэлафанам фірмовай крамы "Ласунак", дах зрабіла з бляшанак ад рагачоўскай і глыбоцкай згушчонкі, а веранду — са скрыняў з-пад украінскіх цукерак “Шалена бджілка” і вафель “Рашэн”. Што тут фантастычнага, скажыце? І нямецкі Брэмен, дарэчы, старая калісьці бачыла на свае вочы — яе туды на працу фашысты пагналі.

Ці вось Зрыцель, які да бабулі з райцэнтра ходзіць, таксама ўласную гісторыю мае, і няма ў ёй насамрэч нічога неверагоднага. Як і ў тым, што слабейшыя здольныя адужаць мацнейшых з дапамогай правільных словаў.

***

Ёсць калхазаны, а ёсць вёска, ёсць правінцыйнасць, а ёсць правінцыя. Бахарэвіч ненавідзіць першае, а да другога ставіцца з разуменнем, іранічнай спагадай. “Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую”. І калі ў людзей з правінцыі няма заняткаў, то адзінае, што ім застаецца, на думку пісьменніка, — паціху вар’яцець: “… цікавіцца егіпталогіяй, раскопваць брацкія магілы, садзіць у гародах жэньшэнь і арганізоўваць бейсбольныя каманды”. Што праўда, у маім родным Дзяржынску да бейсбола справа не дайшла, затое ладзілі дваровае першынство ў “городки” — усяго астатняга з пералічанага Бахарэвічам, зямнога і землянога, было ў нас багата.

Міжволі пачынаеш пасміхацца, калі ў “Дзецях Аліндаркі” сустракаеш выявы любай сэрцу правінцыі: як блішчаць у цемры на ганку рэстарацыі белыя кашулі мужчын “асобна ад нябачных у цемры штаноў” ці як бабулі, баронячы дзяцей ад кіроўцы прыгараднага аўтобуса, сварацца на яго за тое, што ён увесь салон прапярдзеў. Тут адчувальная паэзія, тут перададзены краскі жыцця...

Ціхамірныя ўсмешкі саступаюць месца дзікаму рогату, калі Бахарэвіч пераходзіць ад апісанняў правінцыі да выкрыцця правінцыйнага, выродлівага, пошлага ў жыцці. І літаратуры — сваёй роднай стыхіі.

Сапраўдная творчая здабыча Бахарэвіча — вобраз Міхася Барадаўкіна. Пісьменніка, якога чытачы любяць “за зямлю” і які настолькі заслужаны, што “яму ўжо не трэба было нічога пісаць”. Сатыра і гратэск, і грэблівая пагарда энергічна і па-майстэрску пачынаюць правіць балем, як толькі ў кнізе з’яўляецца гэты жывы класік беларускай літаратуры: па дарозе на лецішча, выціраючы “гераічны” пот, ён уяўляе, як яму будзе там хораша працавацца. (“Как у Христа за пазухой”, — уголас кажа беларускі літаратар.) У ягонай спартовай торбе, якая належала “самому І. Шакоўскаму”, ляжыць модная вышываная кашуля — “толькі надзеўшы яе, Міхась Барадаўкін садзіўся працаваць, дый наогул адчуваў сябе чалавекам” — як бачна, Бахарэвіч не змяніў свайго стаўлення да вышыванак. І над чым, вы думаеце, будзе працаваць слынны паэт? (Падказка: згадайце “Сказ пра Лысую гару”, “глеба” для правільнага адказу — там.) Над будаўніцтвам… прыбіральні!

“Праца абяцала прынесці яму даўно забытую асалоду творчасці”
.

Вонкава вобраз Барадаўкіна размаляваны густымі атрутнымі фарбамі, але калі зірнуць на яго знутры, прасачыўшы ход мыслення гэтага персанажа, то гідка, ажно да слёз патыхне невыносным чорным смуродам — не раўнуючы як ад вулічнага сарціра: “Не так важна, на каком языке ты любіш сваю землю. Зямля, ана не спрашывает. Ана бярот то, што мы ей даём”.

Бахарэвіч ідзе шчэ далей: укладае ў рукі Барадаўкіна апавяданне маладога пісьменніка, якое стары пашляк і маразматык чытае ўголас. Твор па праблематыцы і стылістыцы вельмі нагадвае тое, што ствараў Васіль Быкаў. Аднак не пэўны пісьменнік тут высмейваецца, а ўдала парадзіруюцца штампы, “манера письма”, тыя пісьменнікі — паслядоўнікі вялікіх майстроў, што як п’яўкі прысмакталіся да “тэмы”, ператварыўшы ў пародыю і саму яе, і Мову. Цягам усяго двух невялічкіх частак з агністымі назвамі “Гэта сонца мяне заб’е” і “Не хоча гарэць, сука” Бахарэвіча ладзіць вялікую феерыю. Але дзея ягоная вельмі злосная па характары — не адзін літаратурны крытык так моцна не пне праблему ці асобнага пісьменніка, як зробіць гэта калега апошняга. Бо той валодае не толькі ведамі, але і Мовай, валодае дасканала, як самурай дайсё.

***

“На Языку гэта называецца: у цібя ташніт”
, — навучае Лёся брата.

Кола праблематыкі новага рамана Бахарэвіча — небяспечны атракцыён. На вышыні аповеду, калі вы ў чарговы раз апыняцеся над самым лесам і пабачыце лагерныя карпусы, дзе маленькіх беларусаў кормяць рознакаляровымі пігулкамі і цягаюць на распоркі, у вас захопіць дух, закружыцца галава — не дзіва, што некаторых пацягне на ваніты. Галоўнае, не чытаць раман услых — тыя месцы з “Дзяцей Аліндаркі”, што пададзены на Языку. Забараніце сабе гэты занятак, небяспечны для вашага артыкуляцыйнага апарата, мыслення і псіхікі.

…Відавочна, у той старонцы дыхаецца лягчэй, дзе дзеці ніколі не чуюць гісторыяў пра Нязнайку і блакітны вагон, а дарослыя — не сутыкаюцца з нахабнай мовай-чужаніцай, яе словамі, падобнымі да “ветлівых людзей”. Аднак ці трэба адразу капітуляваць перад “великим и могучим”, з дапамогай якога штодзённа мацуецца Імперыя Чыстага голасу? Дома і сцены дапамагаюць, і кожная сасна свайму бору песню пяе. Сапраўды ёсць нешта ў гэтай краіне, “разлітае ў самім паветры”, што замінае людзям гаварыць правільна, да таго ж самі хітруны-беларусы, гледзячы па сітуацыі, змяняюць сваё маўленне, замятаюць у размове сляды. Нават сам Доктар, гэты апостал правільнага маўлення, які грэбліва лічыць, што Мова прыдатная адно для перадачы галасоў свінняў і кароваў, мае адхіленні: яго ўзбуджаюць такія словы, як “смочка”. Відаць, падхапіў нейкую інфекцыю паветрана-кропельным шляхам, калі ездзіў у сталіцу на нараду.

Дык што можа стаць надзейным бар’ерам на шляху дэпрэсіі, адзіноты, разрыву ўсіх камунікацыяў, эміграцыі? Бахарэвіч лічыць, што сама мова. Мова, “якую яны дзялілі цяпер на дваіх, і мовы не рабілася меней”.

Магчыма, адзіны кантэкст усіх словаў і частак гэтай кнігі — каханне.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: