"Варажбіткі”
Вільня: “Логвінаў”
Пра кнігу:
“Варажбіткі” — кніга-жарт, у якой цесна перапляліся выдумка і рэальнае жыццё. Аўтар весела, а часам з гарэзлiвасцю расказвае пра жыццёвыя прыгоды знаходлівых людзей, якія жывуць на нашым неспакойным свеце. Менавіта гумар дапамагае гэтым людзям спраўляцца з самымі неверагоднымі цяжкасцямі. Без гумару не было б і белай паласы ў жыцці, якую ўсе мы чакаем пасля чорнай.
Пра аўтара:
Віктар Асіпенка нарадзіўся 5 красавіка 1954 года. Яго першае сатырычнае апавяданне “Горкі вопыт” было надрукаванае ў часопісе “Вожык” № 14 у ліпені 1986 года. У 2013 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў зборнік апавяданняў Віктара Асіпенкі “Глухмень”.
У газеце “Новы час” ад 25 красавіка 2014 года ў дадатку “Літаратурная Беларусь” было надрукаванае апавяданне “Бабскі бунт” як анонс да выхаду наступнай кнігі — “Варажбіткі”, якая ўбачыла свет у 2015 годзе.
Варажбіткі
(урывак)
Вечар выдаўся празрысты і ціхі. Працоўны дзень каціўся да свайго афігею. Начальнік Казляеўскага райаддзела міліцыі маёрПалажняк Ігнат Васільевіч смаркануў пад стол і вывеў на лісце паперы: “Акт пра патананне”. Пасля закрэсліў і напісаў: “Акт пра ўтапленне”.
— Суха. Не бачны размах праведзенай працы. А калі напісаць: “Акт пра ўваход цела ў ваду і нявыхад яго з вады”? Не, так увогуле падобна на задачу са школьнага падручніка. Пісака!Ваўчыную хватку опера забівае ўва мне канцыляршчына!
Маёр наліў з мельхіёравага чайніка паўшклянкі выратавальнага чыфіру. Як некалі, у маладыя гады, яму захацелася, сціскаючы песцік у руцэ, паганяць урак, пашчоўкаць сталёвымі бранзалетамі на запясцях у бандзюганаў. Нуднае сядзенне ў райаддзеле прызнавалася карысным толькі ў дні бязвоблачнага пекла, калі любое жывое стварэнне шукае выратавальны цянёк.
Хтосьці з павагай пастукаў у дзверы.
Твар Палажняка прыняў заклапочанадзелавы выраз. Увайшоў старшы лейтэнант Канарэйкін. Выглядаў старлей горш за тапельца.
— ЧП, таварыш маёр! Бунт! Затрымана паўтара дзясятка чалавек.
Бровы Палажняка сурова сышліся на пераноссі.
— Завадатараў у каземат! Дапытаць як след!Выпісаць кожнай істоце па мордзе! Калі пытанні застануцца без адказаў — па нырках! Кругом!Аб выкананні далажыць!
— Якія ныркі, таварыш маёр, бабы бунтуюць!
— Якога хрэна бабам трэба?!
— Чорт іх ведае! На ўгаворы растлумачыць сутнасць свайго бунту не паддаюцца. Начальніка патрабуюць!
— Якія ўгаворы?! Яны, што, на пляжы ў шэзлонгах ляжаць, а ты разносчык халоднага піва?! Галава ў цябе нашто?
— Ем галавою!
— Думаць галавою трэба, а карміць па заслугах.
— Так точна! — і Канарэйкін ліха шчоўкнуў абцасамі.
— Пайшлі. Пакажаш бунтарак.
Палажняка ў райаддзеле паважліва звалі “рэнтген”.
Калі маёр неміргаючым позіркам дзіравіў злачынцу, прамаўляючы легендарнае: “Я цябе, падла, наскрозь бачу”, нікому не ўдавалася адмаўчацца.
У цеснай дзяжурцы дванаццаць жанчын ціха аб нечым шапталіся. Хутчэй за ўсё, аб сваім бабскім гаротным лёсе. Крыху ўбаку моўчкі сядзелі трое мужчын з каменнымі тварамі. Каларытная цётка ў вясёленькай кофтачцы дзелавіта грызла яблык.
“Каларыціцца, зараза!” — без злосці падумаў маёр і ўпіўся славутым уедлівым позіркам у шустранькую з выгляду жанчынку. Жанчына здрыганулася і ледзь не папярхнулася кавалкам яблыка.
— Вы мяне вачыма так не страшце! Па вашай міласці ледзьве яблыкам не падавілася.
— Кофтачка на вас пухнатая, — знайшоў што адказаць Палажняк. — Вачэй не адарваць.
— Сапраўдная шэрсць ебіпцянскіх вярблюдаў.
— Тое, штошэрсць вярблюжая, я адразу зразумеў па двух горбіках на вашых грудзях.
“Рэнтген!”, падумаў з павагай Канарэйкін і зашаптаў шэфу на вуха:
— У пратаколе адзначаны факт групавога парушэння грамадскага парадку. Жанчыны на плошчы, нецэнзурна выражаючыся, заміналі людзям культурна адпачываць. Завадатар — Муратава Вольга Пятроўна, тая, што з яблыкам. Дваццаці васьмі гадоў, швачка. Па словах відавочцаў, так крыла матам, што заслухацца можна. Хвацкую лаянку выдавала! Крыніца натхнення пакуль не выяўлена.
— З дазнаннем валаводзіш, старлей! — нахмурыўся Палажняк і пераключыўся на аматарку яблыкаў і моцнага слова. — Давай, Вольга Пятроўна, выкладвай, як табе собіла ў хуліганкі запісацца! Бач ты, надумала мацюкамі крыцьу грамадскім месцы! Табе што, кутоў у кватэры бракуе?! Уткніся носам у кут і мацюкайся колькі заўгодна — пазбаўляйся нечысці.
Муратава паклала абгрызак яблыка ў пакецік, выцерла далоняй сакавітыя вусны і залапатала:
— Грамадзянін начальнік, на плошчы праходзіў марш пратэсту непрыгожых жанчын супраць усталяванага мэрыяй сухога закону падчас святкавання “Дня горада”. Матывацыя пратэсту змяшчаецца ў некалькіх словах: “Непрыгожая баба цвярозаму мужыку па абуху”.
— Пачакай, пачакай! Твае словы з партрэтам твайго твару не стыкуюцца. З твару ты сімпатычная, ды і фігурай не абдзелена. Не магу зразумець, як ты патрапіла ў кампанію непадобных да сябе?
— Каб мяне зразумець, вялікага розуму не трэба. Душа бунтуе, бо стамілася чакаць нармальнага мужыка. Маньяк і той бесхрыбетны пайшоў! Згвалтаваць толкам не можа. Уздумала неяк бесхрыбетнае чмо абразіць мяне апоўначы на паркавай алеі. Плашч на сабе расхінула, а там замест мужчынскай годнасці нейкая ерунда лядашчая вісіць. Без бінокля цяжка разгледзець. “Што ж ты, паразіт, з пузам кавуновым да мяне сунешся! — накінулася я на маньяка. — Хвосцік твайго кавуна дзе?! Усох?!” Так напалохала маньячыну, што пракляты драпака даў, ажно толькі пяткі блішчэлі ў месяцавым святле. Чахарда ў мяне з мужыкамі пачалася, як ярмо замужжа на сябе павесіла. Але пакуль сілы ёсцьі на здароўе не жалюся, хачу жыць паўнавартасным жыццём, каб потым не праклінаць сябе за дарэмна пражытыя гады. “Конь” майго мужыка скача заўзята толькі час ад часу. Шукаю мужыка з правільным “канём”. Кожная жанчына хоча аднаго…
— Потым другога! — не стрымаўся маёр, якому надакучыла пустая балбатня. — Запомні, Муратава! Усе мужыкі добрыя, нават нізкааплатныя. Ты па справе кажы. Тут не тэатральныя падмосткі і апладзіраваць тваім байкам ніхто не будзе.
— Дык я па справе кажу! Калі мужык бабе даспадобы, хай сабе на ёй пацее. Але калі яго азадак ад крэсла нельга адарваць, то такі самазваны намеснік Бога бабе ў хаце не патрэбны.
— Бытавуха! — спакойна ацаніў Палажняк сітуацыю. — А ты, чудзіла, — маёр нядобра пакасіўся на Канарэйкіна, — кіпеш падняў: “Бунт!Бунт!”
— Мой муж — сапраўдны злыдзень, — не супакойвалася Муратава. — Куды не пакладзі, усюды замінае. Колькі жанатыя, столькі мірымся. То ён крычыць: “Ты кроў маю п’еш”. То я крычу: “Не п’ю я ўсякую дрэнь”. “Ты ідыётка!” — лезе ён да мяне біцца. “Так, ідыётка! — згаджаюся. — Жыла б з генералам, была б генеральшай”. Для жанчыны галоўнае, каб мужык талковы побач быў. Я ў вас спытаць хачу, грамадзянін начальнік, па якім такім праве мужчынам дазволена здраджваць, а жанчынам — аніні? Адразу шлёндрай абзавуць і пакрыюць нязмыўнай ганьбай.
— Тваё пустаслоўе, Вольга Пятроўна, прыходзіцца на мой службовы час. І тлуміць сабе галаву глупствам не дазволю. Але паколькі бачу памылковасць тваіх меркаванняў, змаўчаць не магу. Па прыродзе сваёй мужчына — паляўнічы. І патрабаваць ад яго, каб ён быў верным адной жанчыне, тое самае, што ў лазню пайсці і венік забыцца. На гэтым дэмагогію спыняю. Адказвай на пытанне: чаму на плошчы мацюкі гарадзіла?
— Адказваю. У кожнай, што мацюкалася, ёсць свая сумная гісторыя. Пра чужыя гісторыі казаць не буду, распавяду сваю. З мужам жыву добра, калі судзіць па мэблі. За паўтара года, якія пражылі разам, нажылі тры аборты і выпадковае дзіця.
— Лепш адзін раз нарадзіць, чым кожны дзень галіцца! — не стрымаўся маёр, цярпенне якога амаль скончылася.
— Можа, яно і так, грамадзянін начальнік. Мне гэтую праўду праверыць цяжка. Але ў паўсядзённым побыце мой мужанёк сябе не праяўляе. У хаце з’яўляецца толькі калі жэрці захоча. І пайшлопаехала: то супец яму разагрэй,то тэфтэлю распаруй. І няма гаду ніякай справы да таго, што я ўся ўзмыленая ад працы, што з языком на плячы замест каўняра, што дахаты ледзьве ногі прывалакла. Дык я яму ў адплату дулю пад наздрулю, а не піражок з какавай.
— Дарма па дробязях сітуацыю дома нагнятаеш. Табе ў кватэры прыбрацца і абед прыгатаваць, што мужыку раз плюнуць.
— Пляваць ён мастак.
— Апошні раз пытаюся, чаго буяніла?
— Дык я ж вам тлумачу справядлівасць свайго буянства. Мой лозунг: кожная маці — бацька сямейства. Грудзі свае з годнасцю хачу несці, а не перацягваць з хаты на працу і з працы дахаты. Вось пра гэта і казала на плошчы. Казала шчыра і на зразумелай мужыкам мове.
— Згодны, што баба таксама чалавек, і ваду на ёй трэба вазіць хоць бы праз раз. Але мудрасць народную не правядзеш. Нездарма кажуць: калі здарылася нешта, адразу шукай вінаватую ў гэтым жанчыну. І што б яна там ні казала ў сваё апраўданне, мацюкацца ёй дазволена толькі сярод такіх, як сама, зачыніўшыся ў жаночай прыбіральні. Там яна можа адначасова гучна выпускаць газы, пляваць на падлогу, калупаць пальцам у носе, адрыгваць, распавядаць, як і каму нядаўна дала, і чухаць тое месца, дзе маглі быць яйкі, калі б яна была мужыком.
— Але ж мацюкаліся мы, каб мужыкам было зразумела, чаго мы ад іх хочам і як часта гэтага хочам.
— Калі б ты, душа мая, жыла ў пампасах, я б слова табе не сказаў. Мацюкайся, крыўляйся, хоць голая хадзі. Там клімат для гэтых штук спрыяльны. Але на плошчы з нятленным помнікам ды яшчэ на вачах у людзей і міліцыі такое вытвараць не дазволена. Як вартавы закона, я абавязаны накласці штраф і выказаць грамадскае ганьбаванне. Сутачкамі ўзнагароджваць гэтым разамне буду. Але калі паўторыцца нешта падобнае, прыму меры па закону, якім бы строгім не быў яго артыкул.
Палажняк яшчэ раз прагледзеў рапарт аб здарэнні. Мацюкі, згаданыя ў дакладной, былі сапраўды сакавітымі. З цяжкасцю верылася, што прыстойна апранутыя жанчыны мелі такія глыбокія пазнанні ў мацюках. Сумненні грызлі маёра і не давалі паставіць тлустую кропку ў гэтай дзіўнай справе. Ківаючы ў задуменні галавой, ён злавіў на сабе позірк аднаго з затрыманых мужчын.
— Канарэйкін! А мужыкі за што сядзяць?
— За падказкі, таварыш маёр. Яны на плошчы дзеля пацехі навучалі жанчын майстэрству мацюкацца...