Марына Весялуха


Рэцэнзія на кнігу:
Сяргей Дубавец "Сіні карабель у блакітным моры плыве"


Пер’е, футра і металёвыя лопасці
Прывабнасць і грацыёзнасць казкі, смурод постмадэрнізму, пластыкавы прысмак фантастыкі, гаркавасць алегорый, падманлівасць маскараду — усе гэтыя рысы прысутнічаюць у зборніку фантасмагорый Сяргея Дубаўца “Сіні карабель у блакітным моры плыве, або Шукальнікі вечнасці”. Чытаючы кнігу, апынаешся то ў страшным свеце амаль класічнай антыўтопіі, то бачыш алюзіі на Караткевіча, то трапляеш у сцэну з фільма Жака ван Дармеля “Спадар Ніхто” і нават сустракаешся з Джо Блэкам (памятаеце героя Брэда Піта з фільма “Знаёмцеся, Джо Блэк”?). Фантасмагорыі на першы погляд паміж сабой на звязаныя, аб’яднаныя некаторымі героямі, пры канцы кнігі, як мазаіка, збіраюцца ў агульную карціну. Разам з тым аўтар наўмысна ці выпадкова адзявае сваіх персанажаў у непранікальныя латэксныя касцюмы і не дазваляе ім выяўляць рысы індывідуальнасці. Яны, нібыта на маскарадзе, трапляючы ў новы час і аказваючыся ў новым вобразе, трацяць уласную ідэнтычнасць, набываючы зусім іншыя рысы і забываючыся на свае папярэднія ролі.

Так, думкамі герояў фантасмагорыі “Кайлюс і Зелба. Зімовая казка” валадарыць загадкавы доктар Блюм (ці доктар Заяц, які насамрэч мядзведзь-мутант). У гэтым свеце-антыўтопіі існуе адмысловы чып, здольны ажыўляць людзей, а час і прастора не падпарадкоўваюцца агульнапрынятым законам фізікі. Зручнасць побыту, камфортныя ўмовы існавання замяняюцца на больш прагрэсіўныя рэчы — магчымасць перадаваць інфармацыю проста па паветры, трансплантаваць органы і таму жыць вечна, развівацца да ўзроўню мутантаў, істот “вышэйшага парадку”. Кайлюс і Зелба — героі амаль безаблічныя. Аўтар кажа пра іх толькі тое, што яны ўжо сто гадоў разам ахоўваюць вайсковае стрэльбішча. Яны — як браты-блізняты, іх думкі і памкненні падобныя, рэакцыі фактычна аднолькавыя. Гэткай жа “актрысай у кепскім тэатры” з’яўляецца і Зоя — русалка (Ляля ці Прынцэса), якую вартаўнікі знаходзяць у лёдзе. Аўтар, як лялькавод, водзіць герояў па коле, прымушаючы пераадольваць час і адлегласці, пазбаўляцца ад несмяротнасці, бо жыццё без мараў, памкненняў, жаданняў, адчування часу і руху — “такая несмяротнасць папраўдзе нагадвае смерць, якая ўжо надышла”. Больш за тое, яны не здольныя кахаць (“Хіба можа быць каханне, калі жывеш вечна?”).

Сустрэчы з самім сабою: у новых абставінах, месцы, часе. Сустрэча з сабой у будучыні ці мінулым. Спатканне з тым, хто толькі носіць сваю маску ці нават шанс “прымераць” аблічча і лёс іншага чалавека. Думаецца, менавіта такія магчымасці разглядае аўтар у кожнай з фантасмагорый. Што я сказаў бы, калі б сустрэў сябе мінулага? Ці ў будучыні? Кім бы я быў, калі б жыў у іншым свеце і часе? Нехта ўцякае і хаваецца ад сябе самога, варожых абставінаў (як Зоя ў першай фантасмагорыі і маёр Іван — у другой). А нехта жыве чужымі думкамі, сочыць за суседзямі і прыдумвае загадкавага Чалавека без галавы. Падаецца, што гэта ўніверсальная забаўка і разам з тым — выйсце з любога складанага становішча: “Герой можа быць кім заўгодна, калі не мае галавы”.

Так, у другой фантасмагорыі ў цэнтры ўвагі аказваецца Дон Катаяма, “крыху старасвецкі” літаратар, які піша заўсёды стоячы (прывітанне Хемінгуэю!), а натхненне яму прыносяць галасы суседзяў за сцяной. Думкі, што ўзнікаюць пасля занатавання слоў суседзяў, пісьменнік афармляе ў верш, аповед ці проста дзённік. А суседзямі Дона Катаямы з’яўляюцца Маёр Іван, які назваў дзяцей Каем і Гердай, яго жонка Зоя, якая, як выявілася, “зусім не Снежная Каралева”, а жанчына прыгожая, разумная, з якой і самому Дону Катаяму было б не сумна. Забягаючы наперад, зазначу, што менавіта ў ёй хаваецца тая самая “субстанцыя шчасця і любові”, якую шукае чалавек без галавы. Яго як алегорыю несправядліва асуджанага на смяротнае пакаранне прыдумаў Дон Катаяма, але показкі ператварылі гэтага загадкавага чалавека ці то ў ваяра невядомае бітвы, ці то ў бамжа, ад якога смярдзіць. У кожнага з насельнікаў горада — свой Чалавек без галавы, і, як выявілася на практыцы, “сістэма пошуку паводле пашпарту” аказваецца зусім не эфектыўнай.

Думаецца, у гэтай фантасмагорыі (жадаючы таго ці не) аўтар стварыў містыфікацыю. Хай не здзіўляюцца цяпер выкладчыкі гісторыі і гісторыі літаратуры, калі студэнты раскажуць пра Багдана Саламярэцкага, хітрага ваяра, які жыў у XVI стагоддзі. Менавіта ён забіў свайго сябра Януша Чартарыйскага, адсекшы яму галаву. Пасля смерці Чартарыйскага Саламярэцкі, удаючы высакароднага шляхціца, пайшоў жыць да жонкі сябра, якую даўно кахаў, а ўсім расказаў, што Януш загінуў, калі зваліўся з каня і выпадкова адсек сабе галаву. Менавіта Чартарыйскі, паводле версіі Дона Катаямы, стаў тым неадпомшчаным і несупакоеным на тым свеце Чалавекам без галавы.

Аўтар акцэнтуе ўвагу і на жаданні людзей пераадольваць адлегласці, асвойваць новыя гарызонты, нават планеты пры поўным адмаўленні важнасці самаўдасканалення і даследавання ўласнай ідэнтычнасці (у тым ліку нацыянальнай). Так, механізм пераадолення самаабмежавання, што існаваў у жыхароў таямнічай планеты Чучундра (“Чучундра. Казка дажджу”), прымушаў іх асвойваць космас, выводзіць новыя пароды вялізазных кароў, гадаваць вялізазныя каласы, злучаць кароў і каласы, а потым гэтую новую істоту аб’ядноўваць са спажыўцом. Пазней пачварына скрыжоўвалася з цягніком, самалётам, параплавам — дзеля пераадолення такой важнай для іх адлегласці. Атрымалася сапраўдная пачвара: “пер’е, футра і металёвыя лопасці, жывое цела, што зраслося з пластыкам, яно бегае, лётае і плавае. Затое есці не патрабуе”. Для правядзення мутацыі былі абраныя не проста асобныя людзі, але цэлы народ, які найменш хацеў быць сабой. Няцяжка здагадацца, што менавіта беларусаў аўтар заклікаў выканаць гэтую адказную місію. Працэс адбыўся паспяхова, усе народы пакінулі планету, засталіся толькі беларусы, якія і самі ператварыліся ў планету. Цяпер “яны і ёсць Чучундра”.

Магістралам усёй кнігі я назвала б фантасмагорыю “Эдвард Вальсінгам. Баль”: менавіта пасля яе ўсё становіцца на свае месцы, зразумела, хто ёсць хто. Злы геній Эдвард Вальсынгам падчас таямнічага балю (прывітанне Эдгару Алану По!) вырашае лёсы нашых герояў. Доктар Заяц становіцца доктарам Блюмам, прафесар Солад — ахоўнікам вайсковага стрэльбішча Кайлюсам, а Дон Катаяма — яго напарнікам Зелбам. Зоя зноў становіцца Русалкай. Героям зразумела, што ўцячы з гэтага замкнёнага кола немагчыма, але падмануць Вальсінгама можна. Ды ці будзе гэта выйсцем? Нават далёкае падарожжа не вырашыць ўсіх пытанняў, бо яго мэта — не паглядзець на новае месца, а пабачыць сябе ў гэтым месцы, у некаторай ступені сустрэцца са сваім alter ego.

Падаецца, што кніга Сяргея Дубаўца “Сіні карабель у блакітным моры плыве, або Шукальнікі вечнасці”— па сутнасці і ёсць тая самая Чучундра. Яна рухаецца, увесь час паказвае новыя і новыя рысы, пры чарговым прачытанні выяўляе дадатковыя сэнсы. Яна сіпіць і рохкае, гудзіць і верашчыць, поўзае, скача, лётае. Не дазваляе зазірнуць у вочы, каб спраўдзіць, ці правільна ты яе адчуваеш, разумееш. А можа, вочы Чучундры — твае ўласныя? Тады выйсце адно — не шукаць адказаў звонку, быць сабой, верыць сабе, вярнуцца з падарожжа, уцячы з Чучундры.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: