Аляксей Стрэльнікаў


Рэцэнзія на кнігу:
Альгерд Бахарэвіч "Дзеці Аліндаркі"


Падарожжа эмігрантаў
Падарожжа зрабілася суцэльным трэндам. Вандруюць чытачы, вандруюць пісьменнікі. Пытанні віз, аэрапортаў, квіткоў, гатэляў — сярод самых актуальных. Ну, і не выпадкова ці не самым папулярным жанрам сёння з’яўляецца road-novel. Герметычны раман пра героя, замкнёнага з усіх бакоў, знайсці больш складана, чым пра дарогу, якая кліча і вабіць.

У выніку ідэйны складнік рамана Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі” нівелюецца, як мне здаецца, самой яго формай. Бо твор, што называецца, праграмны — тое ясна ўжо з загалоўка. Але хіба ў рамане мы прачытаем выразны “маніфест Аліндаркі”? Як і ў любым падарожжы, мы бачым тут процьму нюансаў, трапных назіранняў, паводле якіх мы, канечне, можам зрабіць высновы рознай ступені глыбіні. Але выбітнай аказваецца самацэннасць гэтых стракатых карцін, якія імкліва змяняюць адна адну.

Вось тэма мовы, напрыклад, якая пакладзеная ў аснову рамана. Мне дужа даспадобы тое, якім чынам Бахарэвіч гуляецца з беларускай-рускай-трасяначнай гаворкай, вырабляючы з гэтае мешаніны сапраўдны суп. Трасянка даўно мусіла зрабіцца прадметам сур’ёзнай мастацкай рэфлексіі, і парадаксальным чынам гэта адбываецца ў рамане, дзе на яе недарэчнасці робіцца акцэнт, дзе зыходнай падзеяй можна лічыць якраз усеагульнае жаданне ад трасянкі пазбавіцца, культ чысціні мовы і “языка”. Раптам само пытанне мовы сыходзіць на другі план, набывае ролю “ўсяго толькі” маўленчай характарыстыкі…

Альгерд Бахарэвіч піша не проста раман-падарожжа, але раман-уцёкі ці раман-пагоню (здаецца, нават гэтую амбівалентнасць трактоўкі аўтар пакідае). І гэтая вектарная зададзенасць дазваляе пабудаваць раман нават на аскепках-эпізодах. Аўтару ўдалося ўзвесці структуру, у якой кожны крок убок, кожная новая фігура рухае вандроўку наперад. І гэтым нечым нагадвае структуру “Шабаноў”, дзе таксама дзіўным чынам аўтарскія эсэ, што мусілі спыняць дзею, не толькі працягваюць развіццё, а часам, здаецца, робяць яго больш імклівым. У “Дзецях Аліндаркі” ствараецца сапраўднае ўражанне, што гэта не хлопчык з дзяўчынкай бягуць, каб трапіць на мапу, а нават эпізадычныя персанажы толькі-толькі селі адпачыць і хутка самі кінуцца наўцёкі. Уся краіна на валізках.

У Бахарэвіча можна пабачыць гэтае памкненне беларускіх культурных дзеячаў стварыць каталог тыпаў і характараў зямлі нашай — і падзівіцца, што ён не трапляе ў гэтую гогалеўскую пастку ўзвядзення галерэі пачвараў. Нейкімі няўлоўнымі нюансамі, адным штрыхом аўтар выводзіць нават самых адмоўных герояў з-пад адназначнай ацэнкі. І раптам яны ўсе аказваюцца тымі самымі дзецьмі і ўнукамі Аліндаркі, нягледзячы на розніцу акцэнтаў.

Падсумую сваю ідэалагічную банальнасць: героі імкнуцца збегчы ад цемрашальства жыцця, ад сяброў і знаёмых, нарэшце, ад саміх сябе. Уцёкі ад сябе пачынаюцца з імёнаў, якія перакройваюцца ў рамане шматкроць. Героі быццам імкнуцца застацца безыменнымі. Бацька, маці, доктар, хлопчык-“лёччык”, радавы-баравы. Бахарэвіч нібыта адмаўляецца навязваць сваім шматлікім героям імёны, каб паглядзець іх траекторыі без пачатковай кропкі ўласнай ідэнтычнасці, і яны сапраўды губляюць лінейнасць сваіх вандровак і “наразаюць колы”, вяртаючыся на кропкі пачаткаў, быццам штосьці там згубіўшы. Толькі ў фінале аўтар парушыў гэты прыём, калі дзева з машыны (“deus ex machina”) раптам вырывае галоўную гераіню Лёсю з топкага сфагнуму стасункаў, каб раптам закінуць яе ў мэтавы пункт яе лёсу.

Сутнасць і анталогію мэты гэтых уцёкаў аўтар пакідае па-за межамі рамана. Яго, вядома, цікавіць сам працэс вандравання, і мы разам з героямі перажываем гэты складаны працэс “развітання з Радзімай”, адкрыцця новага чалавека, новага знаёмага ў звыклых умовах без неабходнасці пражыць з ім жыццё. Адмовіцца адчуваць яго глыбей, развітацца з ім і выкрасліць яго са свайго жыцця назаўжды, а сябе — з яго. Тым не менш напішу колькі словаў пра тую самую мэту, пра Брэмен.

Так атрымалася, што я быў у Брэмене нават некалькі разоў, але я не маю што сказаць пра гэты горад. Зрэшты, нямецкія гарады не так адрозніваюцца між сабой, каб зрабіцца нечым не ўмоўным. Брэмен — умоўнасць. Але куды лятаюць лоў-косты з Вільні? У Дортмунд і Брэмен, гарады-брамы ў “не нашую”, заходнюю Германію, заходнюю Еўропу, на мапе якой нас няма. Вось Берлін нібыта і блізка, але трапіць туды даражэй, з большымі праблемамі на памежным кантролі (іх Бахарэвіч так сакавіта апісаў на старонках рамана, што адразу відаць: дапякло).

І каб закрыць брэменскую тэму. Вось цікава, як адбудзецца асіміляцыя Лёсі ў Брэмене? Бо як сцвярджаюць злыя языкі, нямецкай мовы імігранту ў Германіі можна і не ведаць. Немцы асімілююць не мовай, а нечым іншым (не скажу “культурай”, каб ніхто не хапаўся за рэвальвер). Гэта быў бы выдатны працяг рамана, які, цалкам магчыма, ужо напісаны.

Зрэшты, калі казаць пра асіміляцыю, то пры ўсёй злавеснасці антаганістаў, якіх сустракаюць сястра Лёся і яе брацік-лёччык, усе яны падаюцца нейкімі цацачнымі, хатнімі, то бок амаль цалкам асіміляванымі. Гэта не бязлітасная навала з усходу, з якой не дамовішся і якой нельга даць рады. І гэта не бясконцыя здраднікі, праз якіх немагчыма і кроку ступіць наперад. У мове ці не тут справа — але энергетычнае поле над краінай зараджанае такім чынам, што нават у самых дзейных і лютых актывістаў зла і цемрашальства нейкім чынам з’явілася “павольная млявая кроў”.

Прынамсі, каб збегчы ці перамагчы гэтае ўмоўнае зло, у дзяцей ужо ўсё ёсць. Спявай, бо так падуць сцены і зраўняюцца яміны! Штурхай, бо на кожнага волата знойдзецца свой грузавік! Бяжы, бо лес накорміць і напоіць!

Бахарэвіч глядзіць на сваіх маладых герояў ледзь не з насцярогай, бо яны так спрытна перамагаюць у яго квэстах, пераскокваючы цераз цэлыя ўзроўні, што ў нечым абнуляе саму пастаноўку праблемы. Вось яна, маладая шпана, спадкаемца нашых праблем і пазык. Раптам менавіта яна, неабцяжараная нашым клятым досведам, свежым вокам глянуўшы на невырашальныя пытанні, вырашыць іх адным махам. Не мы мусім разбірацца з лёсам краіны, культуры і мовы, бо не нам надалей у ёй жыць і не нам потым з яе эміграваць.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: