Прэмія


Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах "мастацкая проза" і "эсэістыка". Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску; фундатары ўзнагарод — "Ідэя Банк" і Калегіум Усходняй Еўропы ва Вроцлаве.

Мэты прэміі


— ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Giedroyć) (1906 — 2000) — публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыжскага грамадска-палітычнага часопіса "Kultura" на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Мінску і ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай;
— паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
— папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы;
— падтрымаць актуальных беларускіх пісьменнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень.



Умовы прэміі


Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах "мастацкая проза”, "эсэістыка” (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках). Намінаванне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), за ім — шорт-ліст (6 пазіцый). Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы(-аў) сёлета адбудзецца ў чэрвені. Сярод узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

Права намінавання маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменніцкіх арганізацый, лаўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-цэнтра падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 6 асобнікаў намінаванай кнігі.

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка