Ірына Шаўлякова


Рэцэнзія на кнігу:
Антон Францішак Брыль “Ян Ялмужна”


Як атрымаць найлепшую працу ў свеце
Калі ўявіць беларускую літпрастору сярэдзіны 2010-х як віртуальную ролевую гульню (густанаселеную), то палову ўсіх адведзеных яе фігурантам бонусаў (з “жыццямі” ўключна) не шкода было б аддаць за пасаду Чытача. І ў рэальнай літаратурнай сітуацыі быць чытачом — найлепшая праца ў свеце. Гэты персанаж літпрацэсу патрэбен усім (нават тым, хто даўно змайстрачыў яму дамавіну). Для абуджэння яго ўвагі апошнім часам задзейнічаюцца самыя дзівосныя культурніцкія стратэгіі, медыятэхналогіі, маркетынгавыя хады і г. д. Яму ўсе нешта павінны: пісьменнікі, крытыкі, выдаўцы кніг, рэдактары, журналісты, супрацоўнікі бібліятэк. Затое сёння Чытач бачыў усіх, хто чагосьці чакае ад яго, па тэлевізары: ён можа не быць уважлівым, дасведчаным, чуйным, цярплівым, удзячным; ён проста павінен быць, бо без яго гульня (у літаратуру і вакол яе) не запускаецца. Ідылія. Амаль для ўсіх. Акрамя чытача найноўшай беларускай літаратуры: ён па вызначэнні не можа функцыянаваць як элемент натоўпу (няхай сабе і высокадухоўнага — чытацкага). З ім увесь час нешта не так: з простага назіральніка за актамі чужой творчасці ён хутка ператвараецца ў саўдзельніка, а пасля яшчэ хутчэй — у дарадцу, з перспектывай кар’ернага росту ў менеджары.

Апошняя стадыя эвалюцыі нашага чытача ў літменеджары нярэдка суправаджаецца перажываннем навязлівага стану недаверу і падазронасці, калі самы немудрагелісты тэкст пагражае шматлікімі герменеўтычнымі пасткамі, а самы рахманы рэаліст прагне пахаваць гаротніка пад лавінай розных “пост-”, “інтэр-”, “-ізмаў”…

Момант гэтага вялікага перараджэння-пераходу кожнаму чытачу важна перажыць у абдоймах правільнага (“свайго”) твора. Прычым сапраўдная вартасць такога твора вызначаецца яго ўласцівасцю быць своечасовым у любой кропцы любога чытацкага шляху. У гэтым сэнсе кніга Антона Францішка Брыля “Ян Ялмужна” для чытача найноўшай беларускай літаратуры — правільная (= патрэбная) кніга, па-за канкурэнцыяй. Бо ў гэтай кнізе знайсці сябе (сваё) здолее любы чытач. І на гэты конт яму будуць знакі (хоць і не такія красамоўныя, як “пятля — сякера — жабрацтва… знакі-капцы на разорах так і не засеянай беларускай нівы” (@ Яўген Рагін).

Знакі навігацыйныя. Нельга сказаць, ці (за)хочацца самому аўтару штосьці (па)мяняць у кнізе, але ў тым пункце асабістай чытацкай гісторыі, дзе мяне заспеў “Ян Ялмужна”, падаецца, што ў ім няма ні словаў, ні рэчаў часовых, якія без важкіх наступстваў для твора можна было б замяніць, нават з мэтай палепшыць. Так, анатацыя выглядае кампанентам уласна мастацкай прасторы, што нагадвае ўрослую ў замкавую сцяну браму, замяніць якую давядзецца разам з самой сцяной. Архітэктоніку кнігі ўтвараюць дванаццаць размоў з пралогам і эпілогам. “Некалькі заўваг перад пачаткам апавядання” ўспрымаюцца наўзбоч ад асноўнага тэксту і ўвесь час прымушаюць сумнявацца: аўтар насамрэч спяшаўся ўзброіць чытача важнымі гістарычнымі звесткамі ці такім чынам злавіў на кручок самых уедлівых?. “Некалькі заўваг…” належаць яшчэ аўтару, але ўжо і апавядальніку. Першы (аўтар) — вернік гістарычнай дакладнасці (бяром у сведкі “Яна Ялмужну”, не апелюючы да жыццяпісу Антона Францішка Брыля). Толькі такі можа перад пачаткам казкі скрупулёзна, але і не без адмысловай страсці ўдакладняць дэталі яе “хранатопу” (Геранёны, 1506–1517, “унутраны замак на высокім насыпе ўжо існаваў, але яшчэ не было вонкавых валоў”). Другі (апавядальнік) — той яшчэ казачнік з немалым даследчыцкім досведам. “Некалькі заўваг…” напісаны так, нібы архіварыус змушаны быў вынырнуць са сваіх спраў-росшукаў, але тое яго не раздражняе: ужо на сярэдзіне другой заўвагі пачынае спець упэўненасць, што гэта будзе казка сур’ёзнай архіўнай вытрымкі. Наўрад ці гэта ўсур’ёз можа напалохаць чытача найноўшай беларускай літаратуры: яго спрактыкаваны чытацкі зрок дазваляе і на большай адлегласці разгледзець абяцанне сапраўдных прыгод ды авантур, у якіх дакладнасць выпрабоўваецца мастацкасцю, а любоў да ўпарадкаванасці, прага адзіноты — выракам жыць на скрыжаванні.

Знакі каардынацыйныя. Жанр кнігі “Ян Ялмужна” здольны самаўдакладняцца ў залежнасці ад чытацкага хацення і досведу. Аўтарскае вызначэнне “казка” нехта без пярэчанняў прыме за асучаснены ўзор традыцыйнага фальклору, казачную гісторыю пра сёмага млынарова сына Яна Ялмужны, які здолеў ажаніцца з баярскай дачкой Зафійкай. Хтосьці лёгка адшукае процьму жанравых прыкмет фэнтэзі — і тым суцешыцца. А кагосьці будзе заварожваць сама магчымасць блукання па кнізе-палімпсесце, дзе любая размова (гаспадарскага падчашага і біскупа луцкага, кухара і святара, вогнішча і парсючка) можа ўтрымліваць уваход у сутарэнні казані.

Знакі вандроўныя. Чытач “Яна Ялмужны”не мае шанцаў прайсці паўз указанні на тонкую паяднанасць беларускага слова з усімі поспехамі сусветнага прыгожага пісьменства. На розных узроўнях мастацкай структуры твора адчуваецца ўплывовасць класікі, дакладней, “класік”, адрозных паводле месца і часу паходжання. Так, тэмпарытм першай фразы пралога ўтрымлівае водгулле эпічнасці антычнага кшталту: “Роўны краіне ўладар, і смерць яго — доўгая справа”. У фінальнай фразе твора (“Зорка сядае, і вякі замыкаюцца ў кола”) дакладнасць маўлення размыкаецца ў бясконцасць сэнсаў — таксама класічным чынам.

Што праўда, заўважыць сувязь гэтай гісторыі з многімі іншымі ўдаецца ў “Яне Ялмужну” нават тым, хто не схільны да працяглых вандровак з цьмянымі мэтамі. Найбліжэй амаль з любой кропкі кнігі (хоць з вежы, хоць з кухні, хоць з гушчару) — да Рыма часоў Палемона, якога можна не заспець, бо ён акурат выправіўся засноўваць ліцвінскую гісторыю. Ад Рыма рукой падаць, як пераканаецца чытач “Яна Ялмужны”, да гісторый Яна Баршчэўскага ды Уладзіміра Караткевіча. Але і да сярэднявечнай кніжнасці не так далёка, і да мадэрністаў — кожны знойдзе таго, каго шукае. Мне ў маім сёння, напрыклад, падабаецца лавіць у размовах пяцісотгадовай даўніны водбліскі паэтыкі сербскіх празаікаў канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў Міларада Павіча, Горана Петравіча:

“Па ўзгорку, проста ўпоперак дарогі на Вільню, ездзілі туды і сюды, нібыта знарок красуючыся, рыцары на статных высокіх конях, і яснелі незнаёмымі гербамі харугвы, і трапяталіся плашчы дзівосных ясных фарбаў, колераў поля перад жнівом, і вераснёўскага асінніку, і глыбокай ракі, і пераспелых вішняў, а на двух рыцараў былі плашчы ў колер золку, і калі яны з’язджаліся на імгненне побач, то кожны, хто іх бачыў, адразу прыкмячаў, што на адным барва золку зімовага, а на другім — летняга”.

Твор Антона Францішка Брыля з прозай Павіча ды Петравіча на ўзроўні мастацкага светабудававання яднае прыпавесцевая сімвалічнасць, пераплаўленая ў нетрах высокага “вучонага” постмадэрну. Для таго, для якога гульнёвасць як паэталагічны спосаб занатоўваць няўлоўнасць рэчаіснасці не мае нічога агульнага з гуллівасцю:

“Але між блізкімі гарадамі ў малым свеце пралеглі доўгія дарогі, і хто праехаў іх, той носіць іх з сабою. І калі так, то нячаста ў Геранёны заязджае столькі дарог, як сёння!”;

“Колькі дарог распушчана ў нашых келіхах? Ды што я кажу, колькімі дарогамі твой кухар нацёр сённяшнюю гуску? Хто б еў перац ды імбір, калі б яны маглі расказваць?”

Знакі ўкаранёныя. Ёсць у кнізе “Ян Ялмужна” рэчы, сутнасці, з’явы, якія ў пошуках аналагаў скіроўваюць не ў сусветны літаратурны акіян, а ва ўнутранае мора беларускага прыгожага пісьменства.

Адна з такіх з’яў — атмасфера старасвеччыны, галоўным кансервантам для захавання якой становіцца ў гэтым творы Антона Францішка Брыля шматслойная (без збыткоўнасці) тропіка, карункі якой дзіўным чынам нібы лунаюць у паветрана-бязважкай плыні мяккай іроніі:

“У свеце й Геранёнах панаваў травень. Ва ўсім нязграбным знаходзілася трохі спрыту, усяму паважнаму перападала крыху гарэзлівасці, ва ўсякую разважлівасць прабіралася драбніца зухаўства, і нават нязменная лянота старога айца Мацея, геранёнскага пробашча, выглядала летуценнасцю”
;

“А насамрэч за тымі дзвярыма ўсё ішло паводле ладу, і лад быў поўны хараства. Стол, як заўжды, непахісна стаяў у цэнтры свету, а гаршчкі, кацялкі і нажы круціліся вакол… і кожны гучаў суразмерна хадзе, як прысудзіла яму прырода: нажы цокалі, гаршчкі гулі глінянымі бакамі, глухавата бомкалі адзн аб адзін, а па іх крайчыках нягучна пастуквалі лыжкі, бразгаталі місы, дзынкалі кацялкі, і ўсе рознагалосыя звоны ды гукі складаліся ў музыку, у якой добры знаўца не знайшоў бы заганы і ўславіў бы таемны закон, што кіруе пявучым рухам”.

Адпаведным чынам сфакусаваўшыся, можна ці не кожную “размову” ў “Яне Ялмужну” ўбачыць як своеасаблівае практыкаванне ў аднаўленні паэтыкі пэўнага фрагмента беларушчыны як своеасаблівай гісторыка-культурнай атлантыды. У кнізе не заўважныя высілкі “натужнай” імітацыі, хоць аўтар не адмаўляе сабе ў раскладванні калекцыі шкляных перлінаў (архаізмаў, гістарызмаў і г.д.) : “…айцец Мацвей… паспяшаўся да брамы і сам — прывітаць вялебнага дыгнітара”. У патрэбнай прапорцыі змешваюцца паэтыка традыцыйнага беларускага фальклору (“Размова на дрэве”) і спосабы канструявання фэнтэзійнага свету (асабліва ў дачыненні да звычаяў “патаемнага люду”, рыцараў з Трабскай пушчы, ляснога паспольства). Адзін з топавых прыёмаў стварэння атмасфернасці ў “Яне Ялмужну” — формульнасць маўлення, што асабліва ўдала выкарыстоўваецца ва ўступах-уводзінах у кожную размову: “Стойкі замак людзьмі, пышны — дваром, велічны — вежамі”; “Колькі ў лесе чорных ценяў, столькі ў небе срэбных агнёў”… Але найчасцей “вылузаць” гэтыя мастацка-стылявыя сродкі да прыёмы з агульнай плыні аповеду не тое што не атрымліваецца — падаецца бессэнсоўным. Антон Францішак Брыль напісаў твор, дзе акумулююцца розныя паэтыкі, манеры, стылі мастацкага маўлення, пісьма, з суплёту якіх паўстае ўласна аўтарскі стылявы феномен, уражанне ад якога найлепш можна апісаць з дапамогай аўтаравага ж вобразу. Гэты твор нагадвае “замак шэптаў, замак ценяў, замак зманаў”. Усе рэчы тут могуць быць рознымі сутнасцямі ў адзін і той жа момант для аднаго і таго ж чалавека:

“— Сем цыбулін, адна да адной, — перарваў чарговую цішыню айцец Мацей, пазіраючы на дальні канец стала. — Зіхоткія, бы сем лампадаў Ааронавых, ды поўныя, бы сем сытых гадоў з фараонава снення, — ён абаперся аб калені ды паглядзеў на цыбуліны з новага вугла. — А як адсюль зірнуць, дык апошняя ляжыць асобна, як нядзеля ў тыдні”.

Магчыма, мастацкі сусвет “Яна Ялмужны” якраз таму падаецца самадастаткова-натуральным, што кожная драбніца ў ім дэталёва прадумана, узважана: “З твару госцю было мо сорак ці трохі болей, толькі глыбока пасаджаныя вочы жмурыліся з пракудлівасцю зусім дзіцячаю, а з крайчыкаў вуснаў нават за ежаю не знікала юная шкадлівая ўхмылка. Пёры нейкай дзівоснай птушкі, уваткнутыя ў ягоную шапку, лілі цьмянае, трапяткое, але цёплае святло — быццам высока паднятая нязгасная свечка”.

Знакі таемныя. Сама спецыфіка беларускай гісторыяцэнтраванай прозы (хоць казачнай, хоць прыпавесцевай, хоць прыгодніцка-авантурнай) абумоўлівае тыпалогію галоўных герояў. Кожны з іх, незалежна ад таго, абуджаны ён да жыцця ў гатычнай меладраме ці неарэалістычнай аповесці, — сваяк Усяславу Чарадзею. Гістарычныя згадкі настолькі цесна сплятаюцца з нацыянальнай міфапаэтыкай, што ў ваўкалацкія ці вядзьмарскія здольнасці такіх герояў верыцца лягчэй, чым у праблемы са страваваннем. У згаданае сваяцтва чытач лёгка паверыць нават пасля партрэтнага апісання дзедзіча Мураваных Геранёнаў, гаспадарскага падчашага пана Ольбрахта Марцінавіча Гаштаўта: “Ваяр у поўнай сіле, гадоў каля трыццаці пяці. Твар ганарлівы і суровы, але не зласлівы, вочы глыбокія, нос буйны, густыя бровы — нібы цёмныя хмары: калі сыдуцца над пераноссем, то чакай навальніцы”.

Знаёмства з ключавымі героямі “Яна Ялмужны”, як і пагружэнне ў сапраўдную падзейнасць твора, нагадвае вандроўкі па тэрыторыі класічнага дэтэктыва. Загадкі амаль алгарытмічна расстаўлены па “размовах”: чытача спачатку нібы вядуць на нябачных лейцах цікавасці — і раптам ён ужо самахоць паскарае хаду, бо ў разгадцы-тлумачэнні хаваецца новая таямніца: “Вось і пан Ольбрахт, чалавек вялікага розуму, гаварыў раз пры мне да аднаго шляхціча: хачу, маўляў, сярод сваіх баяраў знаць усіх добрых паляўнічых, ды ўсіх здатных коннікаў, ды ўсіх сёмых сыноў. А чаму — не тлумачыў, але нешта, відаць, і ён аб тым надумаў”.

Праўда, часам чытач выпрабоўваецца на сур’ёзнасць намераў ды цярплівасць, за што, трэба сказаць, бывае ўзнагароджаны. Напрыклад, таямніца з’яўлення дзіўных рыцараў у “Пралогу” так нязмушана абгрунтоўваецца ў пятай “Размове ля сцежкі”, што больш рэалістычнага тлумачэння, здаецца, і быць не можа: “Як памірае вялікі князь, то радныя паны хмураць ілбы ды спяшаюцца абраць новага, а рыцары з Трабскай пушчы апранаюцца ў найлепшае ды ладзяць гульні перад самымі Геранёнамі, каб нагадаць тутэйшаму дзедзічу, хто ў гэтых землях пан”.

Прыкладна ў той момант, калі ўсе знакі скончыліся (а для некага значна раней), становіцца канчаткова зразумела, што “Ян Ялмужна” вымагае не проста своеасаблівага тэмпу — адметнага стылю чытання. Галоўным нам падаецца ўслухоўванне ў жыццё моўнага мора-акіяну твора, без пагружэння ў якое не дабрацца да сапраўднай падзейнасці. Інакш кажучы, патаемны сюжэт “казкі” да пары пульсуе ў формулах, намёках, тропах, мякка-іранічных кпінах і высокай рыторыцы — ва ўсім тым, з чаго тчэцца вэлюм, які робіць нябачным сутнасны свет. Апавядальнік віртуозна (спрытней за нячысцікаў) можа звесці чытача ў сутарэнні аблямаваных аповедаў (“казка ў казцы” пра рыбака Шымку Шчапанавіча з Трабаў і дзіўнага рыцара) ці ў нетры легенд (напрыклад, пра агністую рысь, што яўна мае сваяцкія стасункі з Феніксам)…

Пэўная гарэзлівасць апавядальніка кнігі “Ян Ялмужна” ўраўнаважваецца сур’ёзнасцю фэйсбукавага персанажа Яна Ялмужны, чые першыя допісы пачалі з’яўляцца ў лістападзе 2014 года, відаць, неўзабаве пасля выхаду папяровага выдання. Кожны допіс на старонцы гэтага карыстальніка мае дачыненне да героя, падзеі, дэталі ў кнізе. Па сутнасці, гэтыя допісы — ілюстраваныя гісторыка-культурныя каментары да асноўнага тэксту. Пры гэтым разгорнутасць ці падрабязнасць часам зваротна прапарцыянальная месцу, якое адпаведная згадка займае ў кнізе. Так, згадкі пра перамовы Гаштаўта з пасламі Махмет-Гірэяна яе старонках, пра герб Гаштаўтаў Абданк, пра непрыязь да аднаго з Радзівілаў становяцца нагодай для кароткіх, але энергічных экскурсаў у гісторыю праблемы — і гісторыю даследавання гэтай праблемы. Часам рэальны ( =віртуальны) Ян Ялмужна робіць выгляд, што ўжо і не ў кнізе справа (гл. допіс за 8 сакавіка 2015 года: “Сёння адыдзем на крок далей ад кнігі…”), але верыць гэтаму не варта: жыццё фэйсбукавага Яна Ялмужны ёсць цэнтраімклівы рух у дачыненні да кнігі-“казкі” і яе ваколіц (“А цяпер раскажам, што звязвае Геранёны з Візантыяй…” — чытаем у допісе ад 23 лютага 2015 года).

Дасканаласць, наколькі можна зразумець, для аўтара кнігі “Ян Ялмужна” знаходзіцца ў адным шэрагу з дакладнасцю, узважанасцю, незагрувашчанасцю і… паветранасцю. Ці не таму ўласна кніга атрымалася такой зграбнай, што для лесу каментароў і саду герменеўтычных камянёў месца ў сеціве процьма. Старонка на фэйсбуку як гласарый да кнігі — і праблема пашыранага перавыдання здымаецца сама сабой. Бо, магчыма, калі б аўтар хацеў штосьці тлумачыць чытачу, ён пісаў бы кнігу-каментар да ненапісанай “казкі”…

Маю падставы сцвярджаць, што ніхто не зрабіў цягам апошняга года ў Беларусі больш для выхавання кампетэнтнага чытача (гэтай мары ўсёй прагрэсіўнай педагагічнай супольнасці), чым аўтар “Яна Ялмужны”. Дзякуючы Антону Францішку Брылю мы сталіся сведкамі зараджэння на родных палетках не толькі новай формы кніжнага жыцця (як рэальна-віртуальнага праекта), але выспявання канцэпцыі выхавання новага тыпу чытача. Гэта будзе чытач, які мусіць імкліва пагружацца ў рэзервуар гісторыка-культурнага вопыту і ставіцца да яго змесціва з матэматычнай шчырасцю і бесстароннасцю. Ён мусіць атрымліваць непадробную (!) асалоду ад стылявых раскошаў — і бесперапынна клапаціцца пра развіццё ўласных IКТ-навыкаў… Здаецца, аўтар “Яна Ялмужны” мімаходзь паспрыяў паўставанню нейкай новай культурна-адукацыйнай парадыгмы (хоць не хацелася мне трывожыць спакой вельмішаноўнай “парадыгмы”).

У хуткім часе быць чытачом беларускай літаратуры захоча кожны. Адзіны мінус найлепшай працы на свеце (за яе не плацяць) ёсць па выніку яе самай важнай выгодай: чытач можа справаздачыцца аб выніках сваёй чытацкай працы толькі перад самім сабою. А можа і не справаздачыцца. І гэта ёсць экзістэнцыйны выбар для чытача найноўшай беларускай літаратуры, схільнага да пастаяннага самаўдасканалення — і нясхільнага спяшацца ў такой важнай справе.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: