Наста Грышчук


Рэцэнзія на кнігу:
Таццяна Барысік “Жанчына і леапард”


Разруха пад стрэхамі
Калі дапусціць на імгненне, што існуюць не толькі спакой і воля, але і шчасце, узнікае яшчэ адно пытанне: ці залежыць яно ад асяродку і побыту чалавека? У нашым выпадку пытанне ўдаклядняецца так: ці магчыма жыць шчасліва ў беларускай вёсцы?

Якім бы ні быў ваш адказ, Таццяна Барысік дае свой, несуцяшальны, расказаўшы ў кнізе “Жанчына і леапард” некалькі невясёлых гісторый, прычым першая і апошняя звязаныя: гераіня аповеда “Па наезджанай каляіне” дэбютавала ў літаратуры з апавяданнем пра Каляды — і акурат такім апавяданнем зборнік заканчваецца.

У сярэдзіне кола, якое міжволі хочацца назваць Дантавым (з перабольшаннем, вядома), — людзі. Скалечаныя, яны паўтараюць адно адное, адбіваюцца адно ў адным і ўсе разам гінуць. Усе яны — напаўжывыя людзі, класічныя прадстаўнікі таго самага народа, што “сляпы, быццам крот”. І справа тут нават не ў нацыянальным самавызначэнні (зрэшты, і гэты матыў у “Жанчыне і леапардзе” гучыць): многім з іх не ўдаецца быць проста людзьмі. Яны альбо забыліся, што значыць быць чалавекам, альбо ніколі гэтага не ведалі. Пенсіянеры, чыё шчасце заключаецца ў чатырох кілаграмах крупаў на Дзень пажылога/паўжывога чалавека; моладзь, якая прагне прызнання і поспеху, але не ў стане дасягнуць і меншага; карэспандэнты, настаўнікі ды іншыя прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, для якіх здольнасць бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць, ператварылася ў праклён, — вось насельнікі свету маленькіх людзей. Усіх іх мы добра ведаем.

Кожны з герояў на свой лад разумее шчасце і кожны на свой манер спрабуе яго дабіцца. Для жанчыны гэта — не-адзінота (нават не каханне), для мужчыны — “паўлітра і закусь”, для старых — магчымасць спакойна дажыць свой век, прычым старасць у “Жанчыне і леапардзе” азначае толькі адно — набліжэнне смерці. Пра мудрасць і годнасць размова не ідзе. Не бяруцца ў разлік і тыя дзівакі, якіх хвалююць мастацтва, беларуская мова ды іншая непатрэбшчына.

Але і тых, і другіх чакае расчараванне. Героі, чые мары спраўдзіць лёгка, застаюцца няшчаснымі якраз з гэтай прычыны — іх памкненні нікчэмныя, дробязныя, вартыя жалю. Тыя ж, хто прагне большага, застаюцца каля карыта — цалюткага, поўнага штодзённай жвачкі, у якой вязнуць зубы. На такім харчы ніякі, нават самы захудалы, леапард доўга не працягне.

Ёсць у Таццяны Барысік улюбёны тыпаж — творца, які не спраўдзіўся. Што можа быць больш трагічным? Чалавек меў талент, мог вырвацца з твані, але не здолеў. Такі сабе Ікар наадварот.

Але не ўсё так проста.

Калі не паддавацца першаму ўражанню і крыху паразважаць, адкрыецца іншая карціна: герой толькі лічыць, што ён творца. Так прычына і наступствы мяняюцца месцамі: не талент гіне ў неспрыяльных умовах, а неспрыяльныя ўмовы перамагаюць, бо таленту альбо не было, альбо быў ён нежыццяздольны, слабы. Герой паддаўся ілюзіі, быццам творчасць можа стаць паратункам. Але мастацтва патрабуе ахвяраў не меншых, чым жыццё ў глухім закутку Бацькаўшчыны.

Кнігі кшталту “Жанчыны і леапарда” патрэбныя чытачу як фіксацыя паўсядзённасці, як не-крывое люстра перад вачыма, якое адным дапамагае ўбачыць, а іншым — не забыцца. Аднак чакаць вялікіх мастацкіх адкрыццяў не выпадае, за выключэннем трапна выхапленых дэталяў: пісягі крыві на дзіцячых шыях (піянерскія гальштукі), дзюбаты чарапок дзятла, які адзін з герояў насіў на шыі.

Якраз з дзіцячым светам звязаныя ў “Жанчыне і лепардзе” самыя яркія апісанні і назіранні (“Маленства пад горку кацілася”). Калі ў астатніх аповедах аўтарка прысутная нават зашмат і вы пастаянна адчуваеце яе стаўленне да рэчаў, тут яна адстароненая, яна назіральніца, і гэта вылучае “Малентсва…” сярод іншых аповедаў, ставіць яго на прыступку вышэй.

Вялікім поспехам “Жанчына і леапард” мусіць карыстацца ў асяродку людзей, з якіх пісаліся “станоўчыя” героі кнігі (вядома, насамарэч няма ні станоўчых, ні адмоўных персанажаў). Мастацкія вартасці для іх будуць граць меншую ролю, чым магчымасць пабачыць непрыглядную рэчаіснасць: проста, шчыра, без усялякага “постмадэрнізму”. Што цікава, апісваючы побыт герояў (найперш побыт, бо асаблівых душэўных зрухаў яны не перажываюць), аўтарка не ўзвышаецца над імі, але стаіць поплеч, на свет глядзіць іх вачыма, прамаўляе іх словамі, таму і самыя пачварныя ўчынкі ці гнюсныя думкі не знаходзяць у яе асуджэння. Вінаватых няма — альбо ўсе вінаватыя.

З аповеду ў аповед нагнятаецца настрой вырачанасці на бяду, і мы чакаем развязкі драмы, крыві і слёз, але ўсе трагедыі, малыя і вялікія, відавочныя і схаваныя, праходзяць ціха, незаўважна, і праводзяць іх абыякавыя погляды саміх герояў. Ці не на кожнай старонцы людзі співаюцца, вешаюцца, паміраюць ад хвароб, якія можна было б вылечыць, пры загадкавых абставінах, і ўсё гэта — без асаблівага ўзрушэння.

Калі супраць вялікага ворага можна пайсці з усёю цяжкой артылерыяй, то па вераб’ях з гарматы страляць не станеш. Т. Барысік узброілася іроніяй. На стварэнне іроніі — а таксама пэўнай “дакументальнасці” — працуе трасянка, і працуе надзвычай актыўна. Іншым разам гэта нават не трасянка, а руская мова, пакладзеная на гучны беларускі акцэнт. Праўда, з выкарыстаннем яе аўтарцы варта было б вызначыцца больш пэўна. Прыкладам, прамаўляе гераіня на трасянцы, а думкі яе мы “бачым” па-беларуску. Часам у маўленні аднаго і таго ж персанажа блытаюцца трасянка і беларуская літаратурная мова, а гэта робіць тэкст надуманым, што кідаецца ў вочы (асабліва калі ўлічыць аўтарскую ўстаноўку на “жорсткі рэалізм”). Зноў жа, іранічнае адценне тэкстам надае стыль раённай прэсы, які аўтарка часам пераймае, але да фарсу не даходзіць.

Апошняе апавяданне — “На Каляды” — самае змрочнае і, тым не менш (ці дзякуючы таму) адно з найлепшых у зборніку. Цыганская мадонна, прыблуда і алкаголік ператвараюць свята ў брыдкую пародыю на яго, але і пры гэтым яшчэ застаецца надзея — сімвалічная: напіўшыся ўшчэнт, адзін з герояў засынае пад цёплым бокам ягняці.

Дык ці магчыма шчаслівае жыццё на вёсцы?

Невясёлыя карцінкі, якія паказвае Таццяна Барысік, — чыстая праўда, але праўда не ўся. Яе зрок скіраваны на найгоршае, самае страшнае, што цудоўна кладзецца ў аснову апавядання, і таму варта нагадваць сабе: справа не ў вёсцы, і разруха ўсё ж такі ў галовах.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: