Жанна Капуста


Рэцэнзія на кнігу:
Віктар Казько "Час збіраць косці"


Закаркаваны болем безнадзейнасці
Мяне даўно здзіўляюць пісьменнікі, якія сёння вераць у сваё пакліканне і ў нейкую найвышэйшую місію літаратуры. Якія спрабуюць “біць нас у сэрца мячамі”, перафразуючы Максіма Багдановіча. Гэта такая высакародная наіўнасць. Пісьменнікі, якія лічаць сябе сапраўды пісьменнікамі, а не аўтарамі тэкстаў, і якія ўспрымаюць літаратуру не як гульню, адпаведную сваім упадабанням і амбіцыям, але як працу — над сабой і для Сусвету, — выглядаюць сапраўднымі дыназаўрамі прыгожага пісьменства.

Віктар Казько акурат адзін з самых вялікіх дыназаўраў сучаснай беларускай літаратуры. Яго проза апошніх гадоў вырастае з пакутнага асэнсавання сучаснасці, у якой усё менш і менш месца застаецца для… чалавека. І выглядае гэта заслужаным пакараннем. За безадказанасць, напышлівасць і хцівасць. Такія несуцяшальныя высновы — у трох аповесцях “І нікога, хто ўбачыць мой страх”, “Час збіраць косці”, “Прахожы”, невыпадкова сабраных у адной кнізе. Размешчаныя менавіта ў такой паслядоўнасці, гэтыя тры аповесці ствараюць адзін непарыўны аповед з лагічным заканчэннем: “І нікога, хто ўбачыць мой страх” — самазнішчэнне творчай асобы; “Час збіраць косці” — разбурэнне прыватнай прасторы, таямніцы асабістага свету, “Прахожы” — знішчэнне ўсяго створанага чалавекам і самога чалавека.

У кожнай аповесці ёсць два паралельныя светы. Рэальны, сюжэтны, і па-за часавы, па-замежавы. Стылістычна яны ніяк не раздзеленыя, пераплятаюцца ў кожным сказе. І чытач, які гэтага не ўбачыць, па сутнасці не ўбачыць у творах нічога, акрамя пераказу складаных жыццёвых сітуацый і адцягненых філасафічных разважанняў. Аднак Віктар Казько мае на ўвазе нешта значна больш сур’ёзнае — ён папярэджвае пра катастрофу, якая ўжо адбылася. Бо асэнсаванне гэтага так і не прайшло праз свядомасць “атручанага, ачмуранага часам пакалення”.

У цэнтры катастрофы заўсёды творчая асоба на мяжы выснажанасці, чыя вера ў сэнсоўнасць створанага спапялёная часам і рэчаіснасцю. Аповесць “І нікога, хто ўбачыць мой страх” прысвечаная памяці Віктара Турава і шмат у чым базуецца на біяграфіі рэжысёра. Аднак не ва ўсім, і, па вялікім рахунку, найбольш важна не гэта. То бок гэта, зразумела, вельмі важна для Віктара Казько як ушанаванне памяці сябра, але для разумення твора не ёсць вызначальным. Пісьменнік стварае абагульнены, пазбаўлены пэўных асабовых рысаў вобраз Майстра.

Такое імя можна даць героям усіх трох аповесцяў. Вядома, адразу ўзнікае асацыяцыя з Міхаілам Булгакавым, і сам пісьменнік ад гэтай інтэртэкстуальнай сувязі не адмаўляецца. Аднак, на мой погляд, сувязі ні паміж героямі, ні паміж творамі ніякай няма, асацыяцыя выключна тэкставая і па сваёй змястоўнай напоўненасці нявартая ніякіх параўнанняў і алюзій.

Майстра, у якога ўжо амаль не засталося зямнога часу, свабодны прынамсі ў адным — у сваёй шчырасці. Ён адчувае як “яго цела, набрынялае чалавечай, нябеснай і зямной безвыходнасцю, безнадзейнасцю, заходзіцца, аплывае ад тупа разлітага ў ім болю, а душа-драбніца раствараецца сярод непагадзі, натоўпу падманутых яўна і тайна людзей з чырвонымі і бел-чырвона-белымі сцягамі, натоўпу людзей без усялякіх сцягоў...” Усё ўрэшце паглынаецца безвыходнасцю і безнадзейнасцю. Майстра нібы спрабуе разабрацца ў крыніцах гэтай безвыходнасці, прыгадваючы сваё дзяцінства, маладосць, аналізуючы айчынную гісторыю… Але насамрэч не знаходзіць адказу ўніверсальнага і мусіць прызнацца, што шукаць варта толькі ў самім сабе. Бо і яму “не дадзена стрэсці з ног і рук свой час і сваю эпоху”.

Супярэчнасць палягае ў тым, што вялікая колькасць рэалій узятая ўсё ж не з сучаснасці, а з 1990-х гадоў. Пісьменнік закаркаваны ў гэтым часе, як і яго героі — яны жывуць у сваім мінулым, у часе, які стаў для іх пераломным. Нездарма ў іншай аповесці герой называе пакаленне сваіх равеснікаў “невяртанцамі”. Пакаленне, прышчэпленае паталагічным адчуваннем віны.

“І нікога, хто ўбачыць мой страх” — твор пра страту веры ў чалавека і чалавечую годнасць. Як, зрэшты, і ўсе творы Казько. Яго герой увесьчасна апелюе да хваласпеваў чалавечаму розуму толькі для таго, каб насампраўдзе паказаць яго нікчэмнасць.

Час ёсць адным з галоўных герояў у кнізе. “Час, згвалтаваны адчаем і роспаччу”, “час, закаркаваны болем безнадзейнасці”, “…час, калі бачачы перад сабой чалавека, трэба было адразу пачынаць лаяцца і мацюгацца, пакуль ён не зарохкае ці не адмовіцца ад самога сябе”. Чалавек, “падпечаны радыяцыяй часу”, у свеце “...пустапарожняга баўлення часу і бязмоўя”... Зрэшты, у Віктара Казько толькі два паўнавартасныя героі: Майстра і Час. Усё астатняе толькі дэкарацыі. Рэчыўны свет пісьменніка аднастайны і просты. Чалавек — хата — прырода. І зноў жа гэта нічога не сказала б чытачу, калі б ён засяродзіўся на сюжэтнай лініі.

Праўда, у аповесці “Час збіраць косці” з’яўляецца новы герой — Злодзей. Злодзей, які забраўся ў хату, пакуль не было гаспадара і скраў нешта важнае. Злодзей, якім з’яўляецца сам гаспадар. Злодзей — Час.

Паколькі хата ёсць канцэптуальным вобразам у нацыянальным свеце беларусаў, то і яе разрабаванне, адпаведна, набывае сімвалічны сэнс. Хата для пісьменніка — гэта і ўся Беларусь. Герой спрабуе разабрацца ў тым, хто злодзей, а хто гаспадар, і разумее, што часам яны мяняюцца месцамі, а часам і ўвогуле тоесныя адно адному. Нездарма менавіта ў гэтай аповесці найбольш моцны публіцыстычны складнік. Віктар Казько выказвае свой боль: беларуская мова, беларуская вёска (якая сапраўды ўжо даўно “забылася на прыстойную беларускую мову”, нягледзячы на існы да сёння міф пра вёску як асяродак нацыянальнай аўтэнтыкі), Курапаты, дзяржаўная і сацыяльная сістэмы… Гэта, бадай, адзінае, што выклікае ў героя абурэнне, а не скарэнне безвыходнасці.

“Няма чалавечых костак — няма граху”, а “на костках і крыві — найлепшыя на свеце дарогі”. Час збіраць косці — час пазбавіцца крывадушных ілюзій адносна вянца тварэння і зазірнуць у вялікае люстра сваёй сапраўднай існасці. Аповесць мае падзагаловак “Евангелле пад Луку”. З аднаго боку, сарказм, з другога — блюзнерства. З першым звязаная няспынная сувязь з беларускай рэчаіснасцю, а з другой хіба стыль апавядання, які прадказвае не проста знікненне беларусаў, але знікненне чалавека з планеты Зямля як лішняга персанажа.

У выніку адзінай магчымай інтэрпрэтацыяй сучаснасці і будучыні чалавецтва становіцца абсурд — знікненне ўсялякіх сэнсаў, што напоўніцу адлюстравана ў трэцяй аповесці “Прахожы”, дзе адным з галоўных герояў з’яўляецца руды кот. Такім чынам, пісьменнік выносіць прысуд — “нехта з космасу па зямлі ўжо свечку паставіў”. Абсурднасць усяго існага даходзіць да сваёй апошняй мяжы. І калі чалавек спапяляецца вогненнай каметай, на зямлі за гаспадароў застаюцца каты. “Чалавек выраджаецца, мышы плодзяцца”, — сцвярджае герой і адмаўляе свету людзей у будучыні.

“Час збіраць косці”, — сцвярджае Віктар Казько і выпраўляецца ў дарогу. Свет яго твораў напоўнены змрокам, за якім не відаць святла. Таму прадзірацца праз гэты змрок цяжкавата. Чытанне такой сэнсава перагружанай прозы, у якой канцэпцыя важнейшая за стыль, — сапраўды няпростая праца. Віктар Казько спрабуе дабрацца да сутнасці, прааналізаваць праблему свайго пакалення, з якой і паўстала катастрофа сучаснасці, згушчае фарбы да вусцішы. Каб чалавеку (ці нават лепей у гэтым кантэксце — чалавецтву) нарэшце стала скрушна, сорамна і — галоўнае — зразумела, што надышоў час збіраць косці.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: