Кацярына Маціеўская


Рэцэнзія на кнігу:
Андрэй Гуцаў "Кніга зданяў"


Герой мінулага часу
Ігнат паківаў галавой і адкінуўся ў крэсле.
— Скажу, што злы ты чалавек, Андрусь.
— Я? Злы?
— Злы.

“Містэрыя Залатога Веку”


На першай жа старонцы “Кнігі зданяў” Андрэй Гуцаў забараняе “ўсякі пераклад гэтай кнігі на расейскую мову — цалкам або ў цытацыях (хоць бы з аднаго слова), як і пісьмовы пераказ яе зместу “сваімі словамі”. На гэтым месцы несумленны рэцэнзент, які спадзяваўся ўрэшце ўзяць прыклад з многіх калег і нагнаць аб’ёму за кошт пераказу, расчаравана ўздыхне, а любы школьнік мог бы спакойна спаць і да гэтага — на пераказ яму тэксты з “Кнігі зданяў” не дадуць ніколі. І калі хтосьці зараз падумаў, што гэта не камплімент, ён памыліўся.

Зрэшты, аўтар таксама мог бы не хвалявацца: спробы расказаць, пра што гэтая кніга, праваляцца амаль са стопрацэнтным поспехам. Дэкларатыўная адсутнасць сюжэту ў большасці апавяданняў, імкненне схаваць, якое большае за імкненне раскрыць, урыўкавасць і незавершанасць як найлепш працуюць на аўтарскую прэвентыўную забарону. Сказаць, што ў пісьменніка проста “не атрымалася данесці, разжаваць і растлумачыць”, што ж ён хацеў сказаць, не павернецца язык: відавочна, што задачы даносіць не стаяла і што задача, якая была пастаўленая, была і выкананая. Але адсутнасць сюжэту не павінная быць роўнай адсутнасці структуры. Калі ў вар’яцтве ёсць сістэма, гэта мае шанец ператварыцца ў які-небудзь маналог Гамлета, не варта грэбаваць такой магчымасцю. Акурат структуры і ўнутранай “логікі вар’яцтва” ў тэкстах “Кнігі зданяў” мне не хапала. Магчыма, найлепш маю думку выкажа адзін з герояў кнігі, якога, таму як пераказваць забаронена. цытую:

“...Андрэй Гуцаў... пазапісваў усё, што яму паназдавалася, — і выдаў!” (С. 124, “24 лютага”).

Тут застаецца толькі падагуліць, што ў плане пасылу, вобразаў, стылю і падбору тэкстаў кніга цэльная, і гэта менавіта кніга, а не “зборнік апавяданняў, навелаў, эсэ”, што не можа не радаваць. А ступень цьмянасці кожны вольна выбірае сам. А можа, так і трэба? Магчыма, усё так і задумвалася.

Мне асабіста вельмі шкада, што Андрэй Гуцаў не выдаў “Кнігу зданяў” гадоў пятнаццаць таму. Цікаўныя да літаратуры людзі майго ўзросту акурат тады глыталі беларускія тэксты, і “Кніга зданяў” дакладна прыйшлася б ім даспадобы. Адзін з герояў Андрэя Гуцава задаецца пытаннем, ці існуе час, дык вось, у літаратурным працэсе ён, на маю думку, існуе дакладна. Гэтыя летуценныя героі, якія шукаюць ісціну, думаюць сябе і свет, масава вар’яцеюць ад беспрытульнасці і незразумеласці і, галоўнае, усё гэта па-беларуску, — наўпрост з тых часоў, калі “Крыніца” была вялікая. Практыка пісання ў стол часта авеяная флёрам перфекцыянізму і ўпартай шліфоўкі тэкстаў да дасканаласці, але часам час — не ўмоўнасць.

“Кніга зданяў” напісаная ў канкрэтную, не пабаюся гэтага слова, эпоху, спароджаная ёй і думкамі, якія нарадзіла, і гэтым і каштоўная. У прэтэнзіях на вечнасць падводзіць тое, што тут ніколі не адгадаеш, а таму, мабыць, carpe diem (не працытаваць што-небудзь па-лацінску, хай і просценькае, у рэцэнзіі на такую кнігу было б злачынствам).

У той час як героі кнігі адмаўляюць “бурачкоўскую парадыгму” і спрабуюць усвядоміць “нашу сітуацыю постмадэрну, постсучаснасці” (с. 79), самі тэксты кнігі, на маю думку, гэтай сітуацыі не ўсведамляюць. У выніку яны не выходзяць з бурачкоўскай парадыгмы “думання Беларусі”, яны гэтаксама “думаюць Беларусь”, толькі сродкамі, адрознымі ад бурачкоўскіх. Гэта нагадвае машыну часу, якая ляцела ў будучыню, а трапіла ў лабірынты Ластоўскага, і той верш, дзе Багдановіч заклікаў кінуць плач аб старонцы і сам з гэтай нагоды расплакаўся. Так, эстэцтва, нават пэўнае пазёрства ў цытаванні Ніцшэ адразу пасля Бурачка альбо разважанні пра астрафізіку практычна пасярод гароду прымушаюць радасна сказаць “урэшце!”. Шкада, што ў беларускай мове няма столькі часоў, каб адной формай дзеяслова сказаць, што тое “ўрэшце” было “ўрэшцем” дзесьці ў 90-я.

Далёкая ад думкі пра тое, каб закінуць аўтару “несучаснасць” твораў, я набліжаюся да думкі закінуць яму карыстанне “несучаснымі” сродкамі. Калі ўжо ўсведамляць нашую сітуацыю постмадэрну. Элементы альтэрнатыўнай гісторыі, выкарыстанне прыёму “прыдумай арыгінальную версію падзеяў, якая скончылася ўсім вядомым фактам” у кнізе нешматлікія, але падаюцца самымі ўдалымі і цікавымі за ўсю філасофію, якая не снілася Гарацыа (асабліва рэкамендую апавяданне “Гісторыя”). Постмадэрн упарта не жадае сур’ёзна думаць над сэнсам жыцця, таму, баюся, пасыл у "Кнізе зданяў" уступае ў супярэчнасць са сродкамі. Цэльная, вывераная, прадуманая (пры ўсім “што паназдавалася”) кніга настальгіі па даўномінулым часе.

Зрэшты, можа, так таксама трэба?
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: