Марыя Мартысевіч


Рэцэнзія на кнігу:
Віктар Казько "Час збіраць косці"


Вінегрэт
Я сижу в этой столовой уже двадцать пять лет,
Пережёвывая этот монотонный винегрет,
И слышу только:
Ешь, что дают, ешь, ешь, что дают…
ЛСП


Віктар Казько атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР 1982 года за аповесць “Суд у Слабадзе”. На сёння гэта — самы масціты беларускі празаік старой школы. Менавіта таму даволі вялікае кола прыхільнікаў беларускай літаратуры перакананае, што прэмію Гедройца за 2014 год належыць прысудзіць таксама яму. І выхад чарговай кнігі тут — фармальная нагода адзначыць заслугі пісьменніка перад літаратурай. Наш творчы асяродак — асабліва старэйшае пакаленне — дагэтуль востра адчувае недахоп бонусаў, што ўтварыўся пасля 1991 года. Савецкі Саюз разваліўся, але іерархія творцаў, якая склалася за савецкім часам, засталася. Што праўда, на сёння гэтую іерархію падмацоўвае адно сімвалічны капітал — безграшовыя прэміі, узнёслыя згадкі ў энцыклапедыях ды школьны хрэстаматыях, негалосная забарона крытыкі жывых класікаў ды іншыя, чыста каўказскія прыкметы павагі да аксакалаў. Гэта можна параўнаць з чэргамі на кватэру, калі кожны жыхар БССР мог спадзявацца, што варта толькі дажыць — і яго час паляпшэння жыллёвых умоваў непазбежна надыдзе, з той толькі розніцай, што савецкія чэргі на кватэру худа-бедна сённяшні беларускі ўрад абслугоўвае, а чэргі на літаратурныя прэміі спыніліся, прычым, як выглядае, навечна. Бо сучасную прэзідэнцкую прэмію для дзеячаў мастацтва — фармальны працяг тых купалаўска-коласаўскіх, якая ўручаецца не штогод і не адмыслова за літаратуру, — усур’ёз разглядаць не выпадае.

Таму не дзіва, што ад уручальнікаў адзінай на сёння саліднай беларускай літпрэміі многія вымагаюць узнаўлення так груба парушанай у 1991 годзе сацыяльнай справядлівасці. Нездарма чуваць галасы, што аддаваць такую салідную суму ў адны пісьменніцкія рукі, прычым рукі “выпадковыя” — бо пераможцам можа аказацца і зусім малады празаік, — несправядліва, што прэмію варта раздрабіць на 10-12 частак, уручыўшы ўсім удзельнікам лонг-ліста аднолькавую суму, дастаткова невялікую, каб гэта не пакрыўдзіла іншых пісьменнікаў, але і дастаткова ўнушальную, каб аўтар паквапіўся прыйсці па канверт на цырымонію. Гэта пры тым, што прэмія Гедройца грунтуецца на радыкальна іншых прынцыпах, чым любая сацыялістычная ініцыятыва, паколькі ёсць дзіцём капіталістычнага Захаду і абслугоўваецца пераважна прадстаўнікамі маладзейшага пакалення. Пакалення, якое па тэхнічных прычынах не перажыло траўмы дзевяностых і, як падаецца, не пачуваецца чымсьці абавязаным старой сістэме і яе акторам. Так, арганізатары прэміі Гедройца прапаноўваюць ацэньваць толькі і выключна намінаваны твор, адкінуўшы ўбок любыя ранейшыя заслугі яго аўтара…

На гэтым не абсталяваным святлафорамі скрыжаванні эпох ды светапоглядаў мне і даводзіцца рэцэнзаваць кнігу “Час збіраць косці”.

І

Кніга складаецца з трох аповесцяў розных гадоў. Прынамсі дзве з іх самавіта выглядалі б і асобнымі выданнямі. Я не згодная з Паўлам Абрамовічам, які надоечы крытычна выказаўся з нагоды “тоненькіх кніжачак” сучасных празаікаў, маўляў, яны нерэнтабельныя на кніжным рынку. Як па мне, новая літаратура мусіць даходзіць да чытача ў свой час і ў тых дазіроўках, якія вызначае сам аўтар, і аб’ём тут — другасны паказнік, пра што сведчыць, напрыклад, тэндэнцыя французскага новага рамана. Пісьмо Віктара Казько такое насычанае, што чытаць некалькі твораў запар пад адной вокладкай — яшчэ тое інтэлектуальнае і маральнае выпрабаванне для чытача (спраўджана на сабе). Аднак аповесць як жанр — гэты канструкт расійскай літаратуры, адпаведнікаў якому ў свеце, лічы, няма — дагэтуль успрымаецца ў нас як нешта несамадастатковае, не вартае асобнага выдання. Гэта выдатны фармат для тоўстага часопіса, але калі гаворка пра кнігу — аповесці ў нас чамусьці друкуюць пачкамі. У выніку пад адной вокладкай часта апынаюцца творы, розныя па стылі, часе напісання, танальнасці і нават літаратурнай якасці, што часта псуе агульнае ўражанне ад прачытанага. Таму калі вам трапіць у рукі кніга “Час збіраць косці”, раю не паўтараць маёй памылкі і не чытаць яе запар.

Адкрывае кнігу аповесць “І нікога, хто ўбачыць мой страх”, прысвечаная памяці кінарэжысёра Віктара Турава. Гэта самы непераканаўчы з трох твораў, таму ёсць рызыка, што чытач, расчараваўшыся, адкладзе кнігу, не дайшоўшы да значна мацнейшага і ярчэйшага тэксту “Час збіраць косці”. Пры гэтым твор не падаўся мне зусім правальным — наадварот, у ім праглядаецца магутны патэнцыял, на жаль, не напоўніцу раскрыты аўтарам. Неяк акрэсліць сюжэт гэтага твора цяжка (як іранічна выказаўся пра сучасную беларускую літаратуру адзін знаёмы, сюжэты — для слабакоў!), але я паспрабую. “І нікога…” — гэта твор пра паміранне. Пэўны Майстра (якога аўтар называе таксама ўсходнім іменем Ашыр) смяротна хворы. У выніку ён адыходзіць у дзень свайго шасцідзесяцігоддзя пасля пампезнай юбілейнай вечарыны. Увесь змест аповесці перад гэтай падзеяй — дыялог героя з сабой і светам, а таксама яго згадкі пра розныя нядаўнія і даўнія выпадкі з жыцця, якія спантанна прыходзяць яму да галавы. У творы назіраецца амаль дэманстратыўная адмова ад кампазіцыі, што не ідзе яму на карысць, таму што герой усё-ткі напачатку жыве, а потым памірае, і мозг чытача мімаволі спрабуе разгледзець хоць нейкую прычынна-наступовую сувязь паміж гэтымі падзеямі. Аднак прачытанае непазбежна выклікае пасмакоўе вінегрэту, і настырнаму крытыку даводзіцца крыху пасядзець над схемамі ў нататніку, спрабуючы расставіць усё на месцы. Дальбог, калі мы кажам, што высокая літаратура вымагае ад чытача сур’ёзнай інтэлектуальнай працы, наўрад ці гаворка менавіта пра такую працу над тэкстам.

Вось жа, дачытаўшы да сярэдзіны, мы нарэшце ўсведамляем, што дактары знайшлі ў героя неаперабельную пухліну і спрагназавалі хуткую смерць, але ён пражыў яшчэ чатыры гады пасля пастаўленага дыягназу. Такім чынам, кожны пражыты ім дзень праектуецца, як маска смерці, на наваколле і навакольных, а сам герой меланхалічна сузірае прыкметы згасання ва ўсіх праявах жыцця, не выключаючы дзіцячых вачэй і ўласнай коткі. Дзеянне адбываецца ў сярэдзіне дзевяностых, што не дадае аптымізму: “Бессаромна і безнадзейна каналі, адыходзілі век, эпоха і падманутыя ім людзі”.

Прадставіць дзевяностыя ў Беларусі як новы дэкаданс праз страшную ў сваёй прыгажосці метафару памірання — ідэя, як мне здаецца, плённая і асабіста для мяне прывабная. Бо маё ўласнае адчуванне гэтага часу — супрацьлегла іншае, і ў маім выпадку аповесць Казько — гэта сутыкненне чалавека, для якога ў дзевяностыя жыццё толькі пачыналася, з унутраным светам чалавека, для якога яно тады скончылася. У любым выпадку, ніколі не лішне пачытаць змрочную Саламонаву Кнігу Эклезіяста пасля юнача-жыццярадаснай Саламонавай жа Песні Песняў.

І ўсё было б добра, вось толькі асоба гэтага “беларускага Эклезіяста” выклікае ўскрай супярэчлівыя пачуцці.

Найперш таму, што ў творы мае месца грандыёзная падмена паняццяў. Так, галоўны герой, паводле зададзенай умоўнасці, — неверагодна таленавіты творца, якога аўтар называе Майстрам. І гэтае найменне, і прамая адсылка ў тэксце да знакамітага рамана прымушае чытача атаясамліваць героя з Майстрам Булгакава — што ўжо само па сабе выглядае сумнеўна ў прозе ХХІ стагоддзя, хоць, дапускаю, у пачатку дзевяностых дзякуючы сіндрому адмены цэнзуры магло гучаць даволі свежа. Танальнасць кнігі не дае падставаў сумнявацца, што пісьменнік бачыць свайго героя ўскрай пазітыўным персанажам, вельмі яму сімпатызуе і (пад)свядома надзяляе ўласным поглядам на рэчаіснасць. На справе ж мы назіраем поўную супрацьлегласць булгакаўскаму Майстру. Так, чытачу не надта зразумела, у якой сферы адбыўся знакаміты творца, — у творы яго называюць то пісьменнікам, то мастаком, ягоны юбілей святкуюць у кінатэатры, а згадак пра тое, што ён канкрэтна зрабіў для вечнасці, мы ўвогуле не знаходзім. Найменне Майстра ў дадзеным кантэксце — статусная адзнака: герой, безумоўна, заслужаны і прызнаны, прычым прызнаны — гэта з асаблівым гонарам адзначаецца — на сусветным узроўні. Яго статус у творы падкрэсліваецца, напрыклад, тым, што запрашэнне на парыжскі сімпозіум найвялікшых майстроў у немавед якой галіне яму прывозіць сам амбасадар Францыі, а па справах беларускай культуры герой дачыняецца выключна з кіраўніцтвам адпаведнага міністэрства. Булгакаўскі Майстра, нагадаю, быў пісьменнікам, лічыў справай свайго жыцця напісанне рамана пра Понція Пілата, і Булгакаў нават устаўляе ў свой несмяротны твор кавалкі гэтага раману. Статус жа булгакаўскага героя, наадварот, імкнецца да плінтуса: ён прызнаны вар’ятам, а імклівая іерархізацыя савецкай культуры, якая мела месца ў 1930-х — адна з асноўных мішэняў сатыры Булгакава, увасобленая ў Грыбаедаўскім доме. Герой Казько аж занадта для багемнага персанажа пераймаецца сваім безграшоўем — нэндза і разруха дзевяностых падаецца ў творы як нешта роўнае апакаліпсісу… Ён чыста па-савецку страшна перажывае праз немагчымасць паехаць у Парыж — з гэтага пачынаецца твор, і ў чытача праз хібы кампазіцыі нават складаецца ўражанне, што памірае ён менавіта праз гэтае расстройства. Вось жа — нам абвяшчаюць, што герой — энтузіяст, мы ж бачым перад сабой тыповага філістэра. Так, нібы замест анансаванага студэнта Балтазара нам падсунулі курдупеля Цахеса.

Далей — болей. У гэтай аповесці пра паміранне танатас непазбежна змешваецца з эрасам — але ў надта ўжо рызыкоўнай прапорцыі. Такі прыклад: аўтар уводзіць у твор лінію пра дзяцей, якія хочуць памерці (паводле ўмоўнасці твору, у дзевяностыя ўсё было так кепска, што смерць была галоўным жаданнем школьнікаў). Ягоны герой размаўляе акурат з такой суіцыдальнай школьніцай. І дзяўчынка паведамляе яму, што, уласна, разглядае дзве опцыі: памерці або стаць прастытуткай. Прычым прастытуткай валютнай — менавіта дзеля гэтага яна вучыцца ў школе з англійскім ухілам. І нават кніг ніякіх, апроч англійскіх, не хоча чытаць — ані рускіх, ані беларускіх.

Невядома, што тут бянтэжыць больш: тое, што пры поглядзе на гэтую новую Лаліту героя ахопліваюць “зусім не настаўніцкія, педагагічныя думкі”, або само выкарыстанне даволі прымітыўнага штампа пра тое, што ўся моладзь хоча стаць прастытуткамі ды рэкетырамі, спароджанага жоўтай прэсай дзевяностых і радасна падхопленага бабулькамі каля пад’ездаў.

Але адна справа, калі гэтыя стэрэатыпы множаць абываталі ў вусных размовах, і зусім іншая, калі сустракаеш такія пасажы ў прозе, высока ацэненай калегамі-крытыкамі.

“Калі гэтай дзяўчынцы сёння не дадзена іншай, лепшай долі, хай будзе прастытуткай, — падсумоўвае герой. — Прафесійнай. Харошая, разумная і адукаваная будзе прастытутка. I прыгожая, сінявокая і русакосая.

Майстра падумаў так і застагнаў ад абурэння. Вось да чаго можа дадумацца чалавек. Ці ёсць, ці існуе на свеце мяжа і дно чалавечага падзення?..”


Парцэляцыя — троп, які заўсёды беспамылкова сігналізуе пра драматычны пафас, — не пакідае сумневу: аўтар сур’ёзна. Як на мяне, у сучаснай культуры разважаць пра дзяўчынку, якая хоча або памерці, або стаць прастытуткай, могуць хіба персанажы гумарыстычных шоу кшталту “Монці Пайтан”. Справа нават не ў тым, што ў школьнікаў дзевяностых — і асабліва ў вучняў англійскіх спецшколаў — былі значна прывабнейшыя магчымасці для рамантыкі і грошай, чым бандытызм ды прастытуцыя. Справа ў нейкай не вельмі рэлевантнай міфалагізацыі гэтага перыяду, апісанне якога зводзіцца ў Віктара Казько да саркастычнага здзеку са “снікерсаў” ды іншых артэфактаў эпохі, скаргі на ўлады, якія не плацяць грошы пенсіянерам і б’юць дручкамі патрыётаў са сцягамі ды падманутых укладнікаў, і буркатання што да ўзрослых пасля распаду СССРу бессаромнасці і распусты. У Майстра развал СССР надта ўжо заўважна прыпаў на крызіс сярэдняга веку. Зрэшты, калі меркаваць па флэш-бэках, пазітыўных падзей у яго жыцці не здаралася ўжо стартуючы ад смерці Брэжнева.

Унутраныя маналогі Майстра — гэта тыповы сіндром размовы з тэлевізарам. Усё, пра што яны сведчаць, — гэта мутацыя медыйнага поля, у выніку якой на змену савецкай прапагандзе прыйшлі газеты кшталту “СПІД-Інфо” і “Прыватны дэтэктыў”, якія давяршылі тое, што не да канца ўдалося нацыстам, НКУС і Гулагу — давялі да параноі і дэпрэсій цэлае пакаленне пажылых беларусаў (расіян, украінцаў). Дальбог, на змену знакамітаму манументу Мухінай “Рабочы і калгасніца” ў дзевяностыя прыходзіць не менш эпахальны манумент невядомага скульптара “Бандыт і прастытутка”. Бянтэжаць азгураўскія маштабы ўсяго гэтага ў аповесці.

Другі, не менш дзіўны, хаўрус эраса з танатасам назіраецца, калі герой — ужо знаходзячыся ў хоспісе — раптам пачынае размаўляць са скрынкай, выцягнутай з-пад падушкі. Гэта урна з прахам яго жонкі, памерлай некалькі гадоў таму. Герой паўсюль носіць урну з сабой у цэлафанавым пакеціку, бо хоча, каб іх пахавалі разам. Гэтае некрамантычнае дзівацтва таксама выдаецца аўтарам за норму.

І толькі з трэцяй спробы спалучэнне эрасу і танатасу выглядае больш-менш выкшталцона. Гаворка пра флірт з маладзенькай, дурненькай і смяшлівай медсястрычкай, якая мусіць неадрыўна следаваць за героем, каб калоць яму морфій, без якога той не ў стане ператрываць апошнія гадзіны жыцця. Дзень нараджэння Майстры — адначасова і дзень смерці, — і ён змушаны (зусім як прапісаў біблійны Эклезіяст) з шыкам апрануць смокінг і ўдзельнічаць у юбілейнай вечарыне, якая адначасова — хаўтуры па ім, бо ягоны блізкі скон відавочны ўсім удзельнікам. Фінал аповесці — наймацнейшы яе момант, і нават шкада, што аўтар не зрабіў яе цэнтрам космас бальнічнай палаты, у якой герой праводзіць апошнія гадзіны. Апісанне замкнёных прастораў яму ўдаецца лепей, чым стварэнне гарадскіх пейзажаў — такая вось стылістычная агарафобія, “не люблю я места” на новы лад.

Пры канцы размовы пра гэтую аповесць хочацца выказаць здзіўленне што да крылатых біблійных і антычных выразаў, якія цытуюцца ў творы па-руску. Пішучы “суета сует”, “хлеба и зрелищ” etc, ці не пагаджаецца аўтар з кіраўніком адной краіны, якога толькі што высмейваў, у тым, што на беларускай мове нельга выказаць разумную думку?

ІІ

Аповесць “Час збіраць косці”, якая дала назву ўсяму зборніку, — сапраўды ключавая ў кнізе. Прынамсі, тут пісьменнік перабывае ў зоне камфорту. Казько — чалавек вёскі, усё, з ёй звязанае, выклікае ў яго замілаванне. Цэнтральная эмоцыя, на якой трымаецца ўвесь тэкст — гэта амаль фізіялагічнае адчуванне малой радзімы, цяга да ўласнай хаты, на жаль, мала знаёмая большасці беларусаў сёння. Твор уздымае ажно некалькі важных пытанняў сучаснасці — гэта і канчатковы заняпад, стагнацыя аўтэнтычнай вёскі ў ХХІ стагоддзі, і, ідучы следам за рыторыкай Святланы Алексіевіч, — крызіс “чырвонага чалавека”, бо галоўны герой гэтага твора, як і Майстра з папярэдняй аповесці, — яўна траўмаваны дзевяностымі. Але гэты герой №2 (яго імя мы не ведаем) — хоць і з’яўляецца ў чымсьці клонам героя №1 (а разам з тым — што не пакідае сумневаў — alter ego самога Казько), знаходзіць іншае, чым смерць, выйсце з беспрасветнага адчаю савецкай разрухі, калі выдатныя пісьменнікі і навукоўцы вымушаныя пабірацца на сметніках. Вяртанне да каранёў, зліццё з роднай хатай — вось адказ сістэме, якая здрадзіла. Адным словам, унутраная эміграцыя па-беларуску.

Сюжэт твору немудрагелісты, але ён прынамсі ў ім ёсць. Пры жаданні ў ім можна нават пабачыць пародыю на дэтэктыў. Перазімаваўшы ў горадзе ў кватэры сына, пажылы герой вяртаецца ў вясковую хату, якую, як ён разумее, узламаў злодзей. Герой пядзь за пядзю прасоваецца па пакоях ды клецях, спрабуючы сцяміць, што знёс зламыснік і хто гэта мог быць… Старонка за старонкай паўстае ўсё больш аб’ёмнае, усё больш жывое ды рэчаіснае апісанне вясковай хаты, у выніку нават ствараецца эфект прысутнасці, больш характэрны для іншых відаў мастацтва. Праз судакрананне з рознымі прадметамі побыту мы пакрысе разумеем унутраны свет героя.

Лішне казаць, што гэты ўнутраны свет адзін у адзін нагадвае ўнутраны свет ужо вядомага нам Майстра, з той толькі розніцай, што герой №2 дэманструе значна больш самаіроніі. Так, у творы ёсць проста выдатны адцінак пра змаганне героя з тэлевізарам — нязграбным дапатопным агрэгатам, які выжыў з розуму і таму прамаўляе розныя бздуры… Праз гісторыю артэфактаў мы дазнаемся пра мінулае героя і мінулае вёскі, у якой ён жыве. У гэтым творы фрагментарнасць і спантаннасць наратыву абумоўленая самім сюжэтам, што не замінае бачыць цэлую карціну. Манера апавядання вельмі пазнавальная: пісьменнік запазычыў яе ў Маркеса і Грабала, хіба што калумбійскі і чэшскі аўтары больш ахвотна пісалі пра іншых людзей, а Віктар Казько засяроджаны на сабе. Людзьмі ён заўважна грэбуе, аддаючы перавагу жывёльнаму свету.

Аповесць “Час збіраць косці” поўніцца сімваламі — як змрочнымі, так і аптымістычнымі. Да змрочных можна аднесці савіныя косткі — совы трапляюць у комін героя, абгараючы там да костачак, у вёсцы гэта кепскі знак. Пазітыўны сімвал — крыніца, якая пры канцы аповесці прабіваецца на падворку хаты героя. Героя №2 можна параўнаць з Празерпінай, якая вярнулася на зямлю з урбаністычнага пекла — і надышла вясна. Прынамсі гэтую аповесць кнігі загортваеш з палёгкай.

ІІІ

Усяго ў кнізе “Час збіраць косці” я налічыла тры словы з купюрамі. Гэта словы “ср…ка”, “пі…ец” і “пост…нізм”. Апошні ў дадатак характарызуецца аўтарам як “вялікі пост культуры і яго трагедыя”.

На месцы Віктара Казько я б не адхрышчвалася так рашуча ад любых пост…ізмаў — якую б філасофскую плынь ён ні меў на ўвазе. Мне здаецца, Казько лёгка мог зрабіцца флагманам беларускай мадэрністычнай прозы — але ў свой час ці тое забаяўся, ці тое паленаваўся, а потым было ўжо позна. Дый выхаванне ў рэалістычнай традыцыі — гэта не штосьці, што можна проста так пераадолець. То бок я цалкам разумею рашучы супраціў згубным павевам Захаду, уласцівы пісьменніку, але, як кажуць у дзіцячым садку, “ён першы пачаў”, таму як апошняя пост…істка я хачу засяродзіць увагу на латэнтным мадэрнізме Віктара Казько. Аповесць “Прахожы”, хоць і ёсць самым эцюдным з усіх трох твораў, стаіць небяспечна блізка да метаду магічнага рэалізму. І тут гаворка нават не пра звяроў, якія размаўляюць (верная прыкмета!), — а пра саму сугестыю гэтага твора, калі стылістыка апісанняў прыроды Міхаіла Прышвіна і Віталя Біянкі змешваецца з антуражам дываноў Язэпа Драздовіча. Герой напачатку дэкларуе жаданне ператварыцца ў рудога ката — такога ж, як той здзічэлы, што прыблукаў да яго дому, — а пры канцы сапраўды стаецца катом. Апроч таго, на Зямлю ляціць камета, на носе Апакаліпсіс — але гэтыя абставіны не пужаюць героя, у адрозненне ад герояў фільма Ларса фон Трыера “Меланхолія”, а наадварот — выклікаюць у яго кіпучую радасць: паскуднае чалавецтва, якое спарадзіла пост...істаў і Л…ку, нарэшце атрымае належнае. Два рудыя каты самавіта адыходзяць у вечнасць, замятаючы хвастамі сляды Апакаліпсісу.

Ну хіба ж не здорава?!

У гэтай аповесці герой № 3 — брат-блізнюк папярэдніх двух — траўмаваны, апроч як развалам СССР, яшчэ і Чарнобылем (камета = новая Зорка Палын). Чарнобыль у Казько — не экалагічная праблема; гэта, з аднаго боку, яшчэ адзін аспект постсавецкай траўмы — расчараванасць уладай, якая замоўчвала трагедыю, не абараніла народ, здрадзіла, а з другой — гэта праблема адрыву змушаных перасяленцаў ад каранёў, радзімы (герой № 3 — усходні паляшук). То бок усё зноў жа зводзіцца да двух лейтматываў — вёскі і трагедыі “чырвонага чалавека”. Увогуле, проза Казько яскрава дэманструе, як па-рознаму гарадскі і вясковы чалавек успрымаюць экалогію. Жыхару вёскі больш уласцівае суіснаванне, зліццё з прыродай, чым нейкі спецыфічны пра яе клопат. Вясковец па-паганску абагаўляе прыроду і адначасова ўключаны ў экасістэму на правах драпежніка. Так, вялікія пытанні ў гарадскога прыхільніка экалогіі выклікаў бы ўрывак, дзе герой № 3 згадвае, як у дзяцінстве масава знішчае мядзянак, думаючы, што гэта атрутныя змеі, якія нясуць шкоду чалавеку. (У прэзідэнты, памятаючы “кашэчую” гісторыю Уладзіміра Някляева, Віктару Казько лепш ніколі не балатавацца). У аповесці “Час збіраць косці” знаходзім сінанімічны ўрывак — герой № 2 у маленстве калекцыянуе яйкі дзікіх птушак і ў тым ліку спрабуе разрабаваць гняздо занесенага ў Чырвоную кнігу чорнага бусла.

У аповесці “Прахожы” аўтар адпускае лейцы, і яго нясе па ўхабах. Вось як ён сам інтуітыўна апісвае сваю плынь свядомасці:

“Зніклі ў маіх мазгах перагародкі. Калі такое адбываецца з яйкам, кожная хатняя гаспадыня, курыная маці, ведае: яйка ўжо не яйка, а баўтун. Усё ў ім боўтаецца і плёхаецца. Яно пачынае гнісці і смярдзець. Вось так і ў маёй галаве боўтаюцца нічым не стрыманыя думкі, пазбаўленыя перагародак. Адна наскоквае, наязджае на другую, і атрымліваецца адна толькі дурнота”.

Ну, не адна дурнота — хоць і без гэтага не абыходзіцца. У гэтай трэцяй аповесці асабліва псуе ўражанне hate speech — выпады героя № 3 супраць распуснай моладзі. Перыядычна падчас чытання хочацца, як у тым анекдоце, набыць аўтару пуцёўку ў Амстэрдам — хай з’ездіць, паглядзіць на сапраўдных наркаманаў ды прастытутак… Увогуле, згадкі пра тое, што сучасную жанчыну фертыльнага веку і феміністычных перакананняў хлебам не кармі — дай выкінуць немаўля ў сметнік, даволі шчодра рассыпаныя па прозе нашых пісьменнікаў-мужчынаў старэйшага пакалення, але толькі Казько інструменталізуе гэта так смачна, з усім майстэрствам, вартым жывога класіка. “Пасмакуйма” разам з яго героем:

“…раней дзяцей знаходзілі ў капусце з каляровай соскай у роце. Гэта каб ціха паводзілі сябе, не пужалі белых і вясёлкавых матылькоў, што спяваюць дзецям у капусце калыханку, забаўляюць іх, прарочаць доўгае і светлае жыццё. Капуста ўсё яшчэ расце па нашых агародах, не звяліся яшчэ і матылькі. Але саміх дзяцей знаходзяць усё часцей і часцей на сметніках. I ўпрыгожаны яны цяпер не ружовымі банцікамі, а спехам перагрызенай, крывавай яшчэ пупавінай, як пятлёй, вяроўкай з шыбеніцы. Парвалася пупавіна паміж дзецьмі і бацькамі. I падаюць, спяшаюцца хутчэй адысці на той свет бацькі. Каб не чуць і не бачыць таго, што творыцца на гэтым свеце”.

Там яшчэ далей прыгожа звіваюцца ў пяцелькі метафары, але я спыню цытату. Пасля такіх пасажаў нават крыўдна, што ў шорт-лісце сёлетняга Гедройца не фігуруе аніводнай з вясковых суседак маёй бабулі. Мусіць, паважаных пенсіянерак падвяло тое, што яны фармулююць падобныя думкі вусна. Як вынікае з агульнага інтэлектуальнага ўзроўню разгляданай прозы, менавіта праз падобныя абагульняючыя пасажы ў духу “рыторыкі нянавісці” за Віктарам Казько замацавалася слава вялікага мараліста беларускай літаратуры. І гэта не можа не выклікаць трывогі.

Разам з тым нельга не адзначыць, што на лінейным узроўні гэтая аповесць — як і любы іншы твор Казько — проста выдатна напісаная. Казько — непераўзыдзены стыліст, і яго проза — невычэрпная крыніца школьных дыктантаў рознай даўжыні і складанасці і яскравых урыўкаў для хрэстаматый ад другога да адзінаццатага класаў. Іншая справа, што гэта ў дошку сінтагматычнае пісьмо. Ніякай пераканаўчай парадыгмы гэты тэкст не складае. Кожную наступную старонку можна чытаць, толькі калі адпусціш папярэднюю. Гэта літаратура для чытачоў, якія не надта пераймаюцца тым, што хацеў сказаць аўтар, якім важны сам працэс і — куды ж без яе — жывая, сакавітая беларуская мова.

Адмыслова аповесць “Прахожы” можна рэкамендаваць хіба кашатнікам — беларускім коткам у ёй пашанцавала болей, чым беларускім немаўлятам.

…Такім чынам, аўтар сыграў сам з сабою тры шахматныя партыі. Адну прайграў, другую выйграў, трэцюю звёў да нічыёй. Ці цягне ён на званне гросмайстра? Ну, хіба што ўсе іншыя шахматысты граюць яшчэ горай. Так ці іначай, узважваючы кнігу “Час збіраць косці”, журы прэміі Гедройца мусіць пераканацца, што ацэньваецца дакладна кніга, выдадзеная Віктарам Казько ў 2014 годзе, а не па другім коле — аповесць “Суд у слабадзе”.
Вынікі апошніх гадоў:
2013 2014
Арганізатары:


Партнёры: