Каця Рускевіч


Рэцэнзія на кнігу:
Антон Францішак Брыль “Ян Ялмужна”


Самая кароткая дарога з мінулага ў будучыню
Антон Францішак Брыль, перакладчык і паэт, напісаў невялікую казачную аповесць “Ян Ялмужна” пра старыя часы, калі дрэвы былі вялікімі, а легенды і паданні — жывымі. Пачатак 16-га стагоддзя, памірае віленскі кашталян князь Аляксандр Гальшанскі, праз некалькі гадоў аддадуць смаленскія землі, яшчэ праз 50 гадоў на карце з’явіцца новая дзяржава — Рэч Паспалітая, — татары паводзяцца спакойна, але закладнікаў вызваляць не спяшаюцца, у старых пушчах працягваюць жыць лясныя людзі згодна са сваімі невядомымі хрышчанаму люду законамі. Пан Ольбрахт Гаштаўт, уладальнік геранёнскага замка, бярэ на службу — у дапамогу кухмістру — сёмага сына млынара, хлопчыка на імя Ян. У канцы кнігі новы кухмістр Ян Ялмужна (“ялмужна” па-старабеларуску значыць “міласціна”) дабіваецца рукі баярскай дачкі.

Просты і немудрагелісты сюжэт змяшчаецца ў некалькі сказаў. На першы, звычайны, чытацкі погляд, здавалася б, нічога асаблівага ў кнізе няма, апроч вельмі паэтызаванай гісторыі, калі б не відавочная амбівалентнасць тэксту ці аўтара разам з тэкстам. “Ян Ялмужна” напісаны як літаратурная казка, але з рэальнымі гістарычнымі персанажамі; гэта проза, аднак расказаная паэтычнай мовай; фізічнае месца і час знаходжання аўтара адны, інтэлектуальна — зусім іншыя; кампазіцыя тэксту адпавядае звыклым казачным канонам, але пры гэтым фантастычныя элементы падаюцца як рэальныя. Менавіта такія сэнсавыя шарады робяць кантэкст кнігі значна большым за сам твор. Да прачытанага тэксту ўвесь час хочацца дадаць “але” і працягнуць расказ, выйсці за межы сюжэтнай канвы, дапоўніць гісторыю ўласнымі каментарамі і пытаннямі.

Такую расстаноўку сэнсаў, калі за вонкавай прастатой бачная сур’ёзная гістарычная падрыхтоўка, можна палічыць асаблівым снабізмам эрудзіраванага інтэлектуала. Аднак гэта будзе памылкай. Раскіданыя па тэксце гістарычныя спасылкі хутчэй робяцца запрашэннем у свет мінулага, у своеасаблівую гульню з чытачом, ператвараюцца ў захапляльную рэканструкцыю быту і гаворкі. Амаль кожны з персанажаў аповесці — рэальная гістарычная фігура, двойчы расказаная легенда пра Палемона — добрая нагода прачытаць пра міфічную гістарыяграфію літоўскай арыстакратыі. Гістарычная герменеўтыка — рэч займальная і зручная, яна дазваляе знаходзіцца ў некалькіх часавых вымярэннях адначасова. Папярэднія гады літаратурнай эклектыкі, якую звычайна называюць постмадэрнам, някепска падрыхтавалі нас усіх да наноў сабраных гістарычных фактаў.

Безумоўна, відавочныя для аўтара падрабязнасці і адсылкі зразумелыя не кожнаму з чытачоў, аднак у гэтым няма нічога страшнага. Без ведання гістарычнага кантэксту кніга лёгка прачытваецца як прыгожая літаратурная казка, шмат у чым дзякуючы асаблівай паэтычнай мове. Для мяне “Ян Ялмужна” выглядае чаканым і лагічным працягам зборніка вершаў і малых паэм Антона Францішка Брыля “Не ўпаў жолуд” і яго шматлікіх перакладаў.

Аповесць “Ян Ялмужна” прадказальна хочацца паставіць паміж творамі Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага. Антон Фрацішак Брыль рэканструюе не толькі гісторыю, але і фантастычнае ў тым разуменні, якое калісьці было ў нашых папярэднікаў. Старажытнарымскі гісторык Тацыт пісаў, што міфы і гераічныя песні пра продкаў замянялі германскім плямёнам гісторыю. Пан Ольбрахт Гаштаўт у сваіх размовах увесь час вяртаецца да Рыма і легендаў. У гістарычным эпасе рэальнае і фантастычнае часта суіснуюць разам. У літаратурных творах і месцах памяці легенды ўключаныя ў часавы паток і займаюць раўназначнае становішча, такое ж, як і пацверджаная храналогія падзеяў. Антон Францішак Брыль, які пераклаў са стараангельскай на беларускую паэму “Бэўвульф” і гімн Кэдмена, разумее заканамерныя суадносіны паміж міфам і гістарычнай канвой, відаць, лепш за іншых. Казка заўсёды застанецца самай кароткай дарогай з мінулага ў будучыню. “Насельнікі прасторы нашага слова амаль не знаёмыя з цудамі; мы ўцякаем ад цудаў. Натрапіўшы выпадкам на дробнае зернейка цудоўнага, якое засталося ад мінулых пакаленняў, мы нішчым яго з бяздумнай лютасцю. Між тым чучалы забітых легендаў не толькі не падобныя да легендаў жывых, яны ім супрацьлеглыя”. Так гучыць каментар аўтара да невялікай паэмы “Гольша”, але я думаю, што гэтыя словы дарэчы працытаваць і ў дачыненні да яго другой кнігі.

Асноўныя заўвагі да аповесці тычацца, як ні дзіўна, фармату выдання. Праз маленькі памер твор моцна страчвае ў якасці рэпрэзентацыі. Тэкст просіцца ў вялікую кнігу з дастатковымі візуальнымі прамежкамі, якія дадуць магчымасць спыніцца і спакойна падумаць пра расказанае: у адрозненне ад нас нашы продкі ўмелі гутарыць і слухаць. На жаль, фармат выдання не дазваляе разгледзець малюнкі мастачкі Марыны Жвірблі, і гэтага сапраўды шкада: у Беларусі цудоўная традыцыя кніжнай графікі. Да казкі хацелася б зносак-тлумачэнняў пра дзейных асобаў, гістарычныя падзеі, што стаяць за сюжэтам кнігі, і асобнага расказу пра геранёнскі замак, а таксама гласарыя старабеларускай мовы. Будзем спадзявацца, што ўсё гэта з’явіцца ў наступных выданнях “Яна Ялмужны”. І зусім прыватная просьба на будучыню: хочацца, каб з’явіўся такі ж па якасці, але ў некалькі разоў большы па аб’ёме тэкст. Выключна праз чытацкі эгаізм — каб атрымаць ад кнігі асалоду на працягу даўжэйшага часу.
Вынікі апошніх гадоў:
2016 2015 2014 2013
Арганізатары: