Прэмiя Гедройца

"Новая Еўропа": Прэмія як ментальнасць

21-02-2013 17:43
На прэс-канферэнцыі, прысвечанай абвяшчэнню шорт-ліста літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, сяджу побач з карэспандэнтам газеты “Наша Ніва”. Павярнуўшы галаву ўсяго на некалькі градусаў, магу бачыць тэкст, які ён сачыняе проста он-лайн. Прыдзірліва прабягаю яго вачыма і з палёгкай уздыхаю: інфармацыя пададзеная дакладна, скандалу не будзе. Прэс-канферэнцыя сапраўды праходзіць вельмі ціха, нягледзячы на вялікую колькасць журналістаў: ніякіх пытанняў і здзіўлення адносна персонаў шорт-лістараў ніхто, акрамя Андрэя Хадановіча, які агучыў вынік, не выказвае.

Ды і Хадановіч уражаны не столькі спісам, колькі тым фактам, што сярод прэтэндэнтаў аказаўся чалавек, для якога ва ўсіх праблемах цывілізацыі вінаватыя “негры і підарасы”…

Якое ж маё здзіўленне, калі бачу тэкст на сайце газеты! Ён мае ўжо іншы загаловак, асуджаны на рэзананс… "Федарэнка, Брава, Сцяпан не ўвайшлі ў шорт-ліст". Аднаго загалоўка хапае, каб зразумець, што тэкст будзе папулярным. "Не пусцілі, не далі, не запрасілі..." – гэта ж любімыя словы нашых чытачоў, якія толькі і чакаюць, калі ім пакажуць чарговага несправядліва пакрыўджанага. Каб яны маглі яго пашкадаваць і падтрымаць, не адрываючы свае азадкі ад крэсла перад кампутарам.

У ім, гэтым пакрыўджаным, недаацэненым, недалюбленым чытач бачыць сябе і свае ўзаемаадносіны з тымі, хто мае хоць каліва ўлады нешта вырашаць.

Заўважце, пад тэкстам радыё “Свабоды”, які называецца "Аўтары Свабоды ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Гедройца", каментароў – нават праз тыдзень пасля абвяшчэння – няма. Хоць тэксты нясуць адну і тую ж інфармацыю, адзін і той жа спіс лаўрэатаў. Але ж хто будзе чытаць далей за кідкі загаловак? На гэтым і трымаецца ўся жоўтая прэса – на загалоўку. Яго цалкам хапае, каб чытач атрымаў эмацыйны імпульс і склаў сваё ўражанне пра мастацкі твор, які ў вочы не бачыў.

У тым, што прэса маніпулюе грамадскай свядомасцю, няма нічога новага. Але, прызнаюся, за тыя дваццаць гадоў, што я займаюся вывучэннем сучаснага літаратурнага працэсу, упершыню бачу спробу паўплываць на ход прысуджэння літаратурнай прэміі. І для мяне гэта шыкоўны знак пераменаў, прарыў адразу ў некалькіх рэчах, да якіх усе так прызвычаіліся, што нават не задумваюцца.

Напрыклад, чытачы і СМІ, якія цяпер кінуліся наракаць на “дзіўны выбар журы”, неяк вокамгненна забыліся, што за дзесяцігоддзі існавання Дзяржаўнай прэміі нікому і ў галаву не прыходзіла патрабаваць ад яе адкрытасці, чакаць грамадскага абмеркавання, абвяшчэння вынікаў на ўсіх стадыях выбару і тым больш рэцэнзій на дванаццаць кніг лонг-ліста! Ну гэта ж неверагодная падзея для беларускай літаратуры, што найлепшыя кнігі не толькі заўважаюцца і называюцца, але і атрымліваюць абавязковых рэцэнзентаў!

Ці, да прыкладу, галасаванне ў інтэрнэце, якое праводзілася на сайце гэтай прэміі перад абвяшчэннем фіналу, а ў гэтым годзе праз старонку ў “Фэйсбуку” ўжо на стадыі лонг-ліста. Не, асабіста я ў “народнае галасаванне” не веру, бо відавочна, што на версе рэйтынгаў апынуліся пісьменнікі, не заўважаныя ў масавай любові чытача, як, здавалася, павінна было быць. Але ёсць людзі, якія, у адрозненне ад мяне, вельмі цэняць “глас народа”, пададзены праз сеціва.

Напрыклад, крытык Павал Абрамовіч. У сваім блогу ён піша гнеўны артыкул, дзе, у прыватнасці, сцвярджае: “Вынікі шчэ больш нечаканыя і сумныя, чым мінулагодні выбар Нобелеўскага камітэту па літаратуры. Беларускамоўныя чытачы ў шоку, пішуць у камэнтах, што “Плошчы ня будзе”. Журы спяшаецца дыстанцавацца ад шасці абраннікаў: па словах старшыні недзяржаўнага Саюза пісьменнікаў Барыса Пятровіча, сябры цэнтрвыбаркаму самі шакаваныя вынікамі галасавання. Відавочна, ужо на другім годзе існавання прэмія Гедройца трапіла ў глыбокую крызу, і давер чытача да яе вынікаў – мінімальны. На нашых вачах знікае, ператвараецца ў попел маральны аўтарытэт нацыянальнай літаратуры, і самі пісьменнікі ўжо ня здольныя абараніць свае ідэалы, абгрунтаваць ўласнае эстэтычнае крэда, пераканаць чытачоў у жыццёвай неабходнасці сваіх твораў ці хаця б проста стаць на непрацяглы час нашымі цікавымі суразмоўцамі”.

Абрамовіч падае падзеі так, быццам бы адбылося не абвяшчэнне шорт-ліста адной з літаратурных прэмій (а іх у нас каля дзесятка, літаральна днямі агучылі яшчэ адзін шорт-ліст – прэміі часопіса “Дзеяслоў), а нейкі культурны Апакаліпсіс…

Але давайце прачытаем дакладныя словы Барыса Пятровіча, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Словы, запісаныя журналістамі на прэс-канферэнцыі з нагоды абвяшчэння шорт-ліста: “Журы працавала аб’ектыўна. У лонг-ліст увайшлі кнігі пісьменнікаў з розных саюзаў, а таксама тых празаікаў, якія не ўваходзяць ні ў які саюз. Варта зазначыць, што на конкурс было пададзена вельмі шмат вартых кніжак. Што да шорт-ліста, то ў кожнага сябра журы была свая шасцёрка лідараў. І спісы гэтыя былі вельмі рознымі. Не супаў ніводны.

Такім чынам, сума нашых суб’ектыўныўнасцяў дала аб’ектыўнасць, якая для кожнага з нас стала нечаканасцю. Вы даведаецеся спіс фіналістаў і таксама здзівіцеся. Прэмія Гедройца пачынае выконваць свае функцыі.

Я думаю, што ў наступных гадах твораў будзе падавацца яшчэ болей, чым сёлета. Лічу, што нам удалося абудзіць літаратурную сітуацыю ў Беларусі. Я хацеў бы, каб польскія выдаўцы звярнулі ўвагу на вартыя беларускія кнігі і паспрыялі іх перакладу і выданню ў Польшчы”.

Дзе тут пра шок і крызіс? Спіс Пятровіч назваў аб’ектыўным, але нечаканым.

Так, сапраўды, усіх намінантаў не адгадаў ніхто, але ж ці ёсць гэта падставай для трагедыі? Як для мяне, дык гэта азначае толькі адно – спіс адлюстроўвае зацікаўленасці не адной групы людзей, а прадстаўляе самыя шырокія шэрагі чытачоў. З аднаго боку ён прадказальны – гэта зразумела, калі мы хочам бачыць у спісе любімых чытачамі пісьменнікаў; з другога – незвычайны. Незвычайны адно тым, што суддзі не пабаяліся паставіць побач пісьменнікаў вельмі розных палітычных перакананняў і мастацкіх стыляў.

Смешна чытаць пра “тусовачнасць” сёлетніх лаўрэатаў. Быццам бы “нашы” зноў не ўзялі “не нашых”.

Непрадказальнасць спіса і ёсць першым аргументам супраць таго, што шорт-ліст заточаны пад некага! У спісе апынуліся і былы кандыдат у прэзідэнты, і супрацоўніца "Савецкай Беларусі", і настаўнік з гомельскай школы, і гламурны выдавец. І пісьменнік-эмігрант, і пісьменнікі з беларускай правінцыі. Той, хто кажа "зноў тусоўка", хай растлумачыць – якая такая тусоўка аб'ядноўвае ўльтраправага Станкевіча і па-еўрапейску паліткарэктнага Бахарэвіча, аматара альтэрнатыўнай гісторыі, містыфікатара Балахонава і “гаварыпраўдзіста” Някляева з яго лірычнымі ўспамінамі пра савецкі Мінск?

Калі летась інтэрнэт-грамадскасць наракала, што першае месца заняў мала каму вядомы Касцюкевіч, то цяпер трызняць, што надта шмат "літаратурных генералаў". І хто цікава генерал – правакацыйны Бахарэвіч з Гамбургу, далёкі ад сталічнага асяродку гомелец Балахонаў, змрочны пясняр Барысава Станкевіч? Ці, можа, саркастычны Глобус, якога толькі літаральна днямі ўпершыню прынялі ў шэрагі сяброў беларускага ПЭН-клуба?

Думкі чытачоў, як і меркаванні крытыкаў, разыходзяцца палярна.

“Калі не дай Бог прэмія Гедройца будзе прысуджана Някляеву, то ў журы гэтай прэміі будзе, як вельмі трапна сцвярджаў у такіх выпадках адзін мой былы аднакурснік: "Поўнае БАНКРУЦТВА ўсялякай ДУМКІ!" – цвердзіць адзін з каментатараў на сайце НН…

А другі там жа піша пра раман Някляева прама супрацьлеглае: “Гэта не проста раман – гэта новае дасягненне беларускай літаратуры. І правільна напісала ў рэцэнзіі на "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без" Марыя Мартысевіч: прэмію імя Гедройца варта было заснаваць толькі для таго, каб Някляеў напісаў гэты раман. Часопіс "Дзеяслоў", у якім ён надрукаваны, прачыталі ўсе мае (дваццаць чалавек) калегі па працы. Нават тыя, якія раней па-беларуску нічога не хацелі чытаць”.

Калі чытаю такія супрацьлеглыя меркаванні, маё сэрца напаўняецца радасцю, бо нарэшце наша літаратуры перастала трымацца адной генеральнай лініі. І ніякія спробы навязаць ёй адну думку, аднаго аўтара, адзін твор – ужо не пройдуць.

Але беларусы былі і застаюцца самаедамі: літаральна днямі абвясцілі яшчэ адзін шорт-ліст – прэміі часопіса “Дзеяслоў, і зноў тое ж – у каментарах “праведны гнеў” абывацеляў: “Зноў не тыя ў спісе!” Не маючы надзеі жыць у справядлівым грамадстве, каментатары мараць пра мажлівасць тварыць справядлівасць хоць бы віртуальную. І гэтая віртуалізацыя жыцця – сацыяльнага, у тым ліку, і літаратурнага – моцна мяне бянтэжыць.

Бо падтрымліваць любімых аўтараў – тых жа Федарэнку, Браву, Качаткову і Пашкевіча – трэба не сядзеннем перад кампутарам, а пакупкай кніг, з’яўленнем на прэзентацыях, чытаннем, стварэннем рэцэнзій. Непасрэдным жывым удзелам у літаратурным працэсе. Іначай ніякі прызавы фонд не зможа выцягнуць белліт з ямы ўзаемнага недаверу паміж пісьменнікам і чытачом.

Ганна Кісліцына, Новая Еўропа




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка

Літаратурная Прэмiя імя Ежы Гедройца

Прэмiя Гедройца 2013