“Авантуры студыёзуса Вырвіча. Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча”
Мінск: “Выдавецкі дом “Звязда”Пра кнігу:
Другая і трэцяя кнігі трылогіі, якія расказваюць пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш — студэнт Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровы прафесар гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай, а таксама перажываць шмат іншых незвычайных прыгод.
Пра аўтара:
Людміла Рублеўская нарадзілася ў Мінску ў 1965 годзе. У 1986 годзе паступіла ў Літаратурны інстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленне паэзіі, адкуль вярнулася праз год і перавялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Працавала ў газеце “Наша слова”, часопісе “Першацвет”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”.
Кіруе суполкай маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” за паралельны раман “Золата забытых магілаў”, дзеянне ў якім адбываецца ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў нашым часе.
Выдала амаль два дзясяткі кніг у розных жанрах — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якіх кніга казак “Прыгоды мышкі Пік-Пік” — спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской міфалогіі (выдадзеная ў Беларусі і Польшчы). Аўтар кніг прозы “Старасвецкія міфы горада Б*”(2002), “Сэрца мармуровага анёла” (2003), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2006), кнігі казак для дзяцей “Карона на дне віра” (2008), зборніка гістарычных эсэ “Беседы о философах”(2006), кнігі краязнаўчых артыкулаў “Я — мінчанін” (2006, у перакладзе на рус. мову — 2007), зборніка архіўных даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры “Время и бремя архивов и имен” (2009) у суаўтарстве з гісторыкам В. Скалабанам. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: “Крокі па старых лесвіцах”(1991), “Замак месячнага сяйва”(1992), “Над замкавай вежай”(2003), “Балаган”(2000), “Рыцарскія хронікі”(2002), “Шыпшына для пані” (2008), “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега” (2012), “Ночы на Плябанскіх млынах” (2013), “Авантуры студыёзуса Вырвіча” і “Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча” (2014) і др., а таксама аўтар драматычных паэм і п’ес, некаторыя з якіх былі пастаўленыя на тэатральных сцэнах. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм ( БТ, 1999).
Выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар даследавання “Беларускі міф і яго трансфармацыя ў маладой паэзіі 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Авантуры студыёзуса Вырвіча. Пралог
Падаць з другога паверху на брукаванку шкодна.
Асабліва калі ты не котка, а студыёзус славутай Віленскай акадэміі, без кропачкі дыпламаваны філосаф. Няхай гэты без аднае кропачкі і коскі філосаф і звык лазіць у вокны і пераадольваць муры, якія перашкаджаюць шляхецкаму парыванню да славы альбо куртуазнай прыгоды.
Але тое, што адважны і мудры студыёзус Пранціш Вырвіч не ўтрымаўся на вузкім выступе пад вакном чароўнай паненкі Агнешкі, дачкі гутніка з вуліцы Шкельнай слаўнага места Вільні, не апраўдвае нават дождж, які зрабіў камяні слізкімі, як прамова пана суддзі Юдыцкага. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі “дамамі фраўцымера” проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было... Не менш, чым для Вырвіча цяпер.
Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала... І тут — гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і — канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям... Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак... І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча... Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.
Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі — месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова “гігіена”, а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу...
Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай — не прыклеенай — радзімкай на правай шчочцы.
Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж “пачастунку”. Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.
Пранцысь прыбавіў хады — бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіцаў гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць — але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёуса, ведаў дакладна.
Пранцысь у суправаджэнні выратавальнага дажджу, які змываў яго ганьбу і смурод, ляцеў-кружляў па вузкіх вулках, намагаючыся забыцца на боль у назе, і раздумваў, ці варта бегчы да канвенту, студэнцкага інтэрнату, бо пагоня якраз туды і скіруецца. Сабакі ў дварах лена пабрэхвалі, нібыта разумеючы, што ўцякач на дабро іхніх гаспадароў не паквапіцца, цьмяная лампадка на Вострай Браме паглядала дакорліва, не абяцаючы ратунку без раскайвання і епітыміі, і не заставалася іншага шляху, як пераскочыць цераз знаёмую каменную агароджу з вышчарбінкамі, куды так зручна ставіць ногі, трохі перачакаць, каб крокі пагоні сціхлі, пагладзіць рудога калматага сабаку па мянушцы Піфагор і пашкрэбсціся ў зачыненую зялёную аканіцу, стараючыся прасіцца як мага больш жаласна:
— Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакою згубіў, не магу патрапіць у канвент... І нагу падвярнуў...
І пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку — заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, таньчыць на балі ў Варшаве — бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча гербу Гіпацэнтаўр. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, і Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны са славутага роду Багінскіх.
Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву, на Вялікае княства Літоўскае, якое зноў чакалі вялікія перамены, а гэта значыць, узрушэнні, рушэнні і расчараванні.