“Мясцовы час”
Полацк: “Полацкае ляда”
Пра кнігу:
Падзеі ў другім рамане Алеся Аркуша “Мясцовы час” адбываюцца на Полаччыне пры канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Наваполацкае літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”, рок-гурт “Мясцовы час”, Таварыства Вольных Літаратараў — знакавыя культурніцкія з’явы Полаччыны канца ХХ ст., з якімі аўтар быў звязаны.
Пра аўтара:
Алесь Аркуш — пісьменнік, журналіст, выдавец. Заснавальнік і кіраўнік Таварыства Вольных Літаратараў. Выдаваў літаратурны альманах “Ксеракс беларускі” і часопіс “Калоссе”. Старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Аўтар словаў гімна горада Полацак. Выдаў каля 10 кніг паэзіі і прозы. Аўтар раманаў “Палімпсест” і “Мясцовы час”. Жыве ў Полацку і Беластоку.
Мясцовы час. Урывак
— А чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? — Сітуацыя была дзіўная. Гэты дзядзечка хоча мне расказаць нешта такое, за што могуць адарваць галаву. — І вы не баіцеся, што гэты “дзядок”-пенсіянер назірае за тым, як вы гутарыце са мной?
— А з імі не варта гуляць у казакі-разбойнікі і агентаў 007. Гэтым толькі будзеш іх злаваць і прымушаць узмацняць кантроль. Усё роўна даведаюцца. Вы можаце сказаць, што такім чынам я вас падстаўляю. Але яны і так за вамі пільна сочаць і слухаюць ваш тэлефон. Бо адкуль ён мог даведацца пра нашу сустрэчу? Я званіў з аўтамата. Журналісты ўсе на кантролі, тым больш з незалежных выданняў. Таму тут няма асаблівай рызыкі. Праўда, калі вы ня будзе адразу друкаваць тое, што пачуеце. А калі знянацку спытаюць, скажаце, што я жаліўся на малую пенсію і расказаў, як шмат працаваў за сваё жыццё.
— Дык што вы мне хочаце расказаць? — мая цікаўнасць пачала выплёхвацца праз краі. Што мог такога незвычайнага мне распавесці гэты сухенькі дзядзечка? Якія такія сакрэты ён не хоча знесці з сабой у магілу?
— Свой лёс, — сказаў ён будзёна і ўзняў голаў насустрач веснавому, цёпламу сонцу, потым прыжмурыў вочы і дадаў: — А вы думаеце, што не бывае сакрэтных лёсаў?
— Хіба што вы былі ў ахове Сталіна, — пажартаваў я.
— На шчасце, такі лёс мяне абмінуў. Затое мяне абвінавачвалі ў забойстве Машэрава, — прамовіў ён без якой-кольвечы эмоцыі ў голасе.
— А што, Машэрава забілі? На колькі я ведаю, гэта была выпадковая аўтакатастрофа.
— Гэта было Боскае пакаранне. — Мой суразмоўца прамовіў гэта такім голасам, нібыта асабіста прысутнічаў на гэтым паседжанні Боскага суду. — Але давайце пра ўсё па парадку.
І Павал Іванавіч пачаў мне расказваць пра сваё жыццё. Ад нараджэння да выхаду не пенсію.
— Усё здарылася з-за таго, што я адмовіўся падпісаць паперу на супрацоўніцтва з КДБ, калі закончыў семінарыю. Як пазней даведаўся, гэта была агульная практыка — амаль усе выпускнікі семінарыі падпісвалі такія паперы на супрацоўніцтва. Некалькі разоў са мной размаўлялі, уломвалі, пагражалі, але я катэгарычна заявіў, што гэтага не павінна быць, бо нельга парушаць таямніцы споведзі, гэта вялікі грэх. Развітваючыся са мной, суворыя людзі мяне папярэдзілі, што я моцна пашкадую і паабяцалі нагадаць пра сябе. А яны заўсёды выконваюць свае абяцанні. Не прайшло і двух гадоў, як мяне абвінавацілі ў растраце сродкаў у сваім прыходзе і асудзілі. Нахабна ўсё сфальшавалі. Для мяне гэта было жахліва. Але я ўспрыняў судовы вырок як выпрабаванне маёй веры ў Хрыста. У той час, у першай палове 60-х, пачаўся моцны наступ на Царкву. Паўсюль у Беларусі ўзяліся руйнаваць храмы. Вось і ў Полацку ўзарвалі Мікалаеўскі сабор, былы касцёл Святога Стэфана. Гэты было нейкае шаленства, зацьменне розуму. Я напісаў ліст Машэраву і мне ўдалося яго пераправіць на волю. У ім я папярэджваў нашага кіраўніка, што за ўсё будзе расплата і за ўсё трэба будзе адказваць. Ясная справа, што да Машэрава мой ліст ня трапіў. Затое яго перадалі ў тую ўстанову, якая мяне запраторыла ў лагер. Мае Дантавы кругі пачаліся з пачатку. Збівалі, здзекаваліся. Дадалі яшчэ паўтары гады лагеру. Аднойчы на парашы, на кавалачку скарыстанай газеты, я прачытаў пра смерць Машэрава. Я пачаў грукаць у дзверы, крычаць, маўляў, я ж яго папярэджваў, што будзе расплата, што за ўсё трэба адказваць. Мяне схапілі і пацягнулі ў катоўню. Некалькі дзён запар катавалі, спрабуючы даведацца: што я ведаю пра пакушэнне на Машэрава, хто яго рыхтаваў, хто замаўляў, хто выконваў? Кажу: Бог. Як яго сапраўднае імя, хто яго саўдзельнікі? Думаў, што ўсё — гэта канец. Але Бог дараваў мне жыццё. І вось гэтыя ганаровыя пенсіянеры сёння сочаць, каб пра іх подзвігі вы, журналісты, чаго-кольвечы не напісалі. Але я ўпэўнены, што праз якія 15-20 гадоў вы пра гэта напішыце. Бо прыйдуць новыя Машэравы, якія зноў будуць парушаць Боскія законы. І трэба ім растлумачыць, што за ўсё спытаецца, за ўсё трэба будзе адказваць.
Павал Іванавіч скончыў аповед і замоўк. Некалькі хвілінаў мы сядзелі моўчкі.
— Дык вы мне не адказалі на маё пытанне: чаму вы звярнуліся менавіта да мяне? — Каментаваць пачутае мне абсалютна не хацелася. Я быў агаломшаны расповедам. Мяне ўзрушылі нават ня столькі тыя несправядлівасці і жорсткасці ў дачыненні да гэтага чалавека, колькі ягоная вера. Здаецца, я б на ягоным месцы зараз проста збіў бы на горкі яблык таго “дзядка” ў пінжачку, што чытаў газетку пад бэзам. Але ад незнаёмца не сыходзіла нават каліва непрыязнасці ў бок свайго ката. Гэты чалавек верыў, што за свае справы кожны адкажа напоўніцу.
— Вы пытаеце, чаму звярнуўся да вас. Чытаў вашыя артыкулы ў газеце.