“Настальгія”
Мінск: “Галіяфы”
Пра кнігу:
Тэксты Сяргея Абламейкі вызначаюцца нячастай у беларускай літаратуры эстэтыкай бессюжэтнай прозы. У сваіх падарожных эсэ ён злучае прозу, паэзію і публіцыстыку. Дзе б і куды аўтар ні вандраваў, усе яго падарожжы заканчваюцца ў беларускай культурнай і гістарычнай прасторы.
Пра аўтара:
Сяргей Абламейка — пісьменнік, гісторык, журналіст. Нарадзіўся ў 1962 годзе ў Мінску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў слесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музея народнай архітэктуру і побыту, пасля — Скарынаўскага цэнтра. З верасня 1990 года працуе на “Радыё Свабода”. Аўтар кнігі “EGOізмы”. Апублікаваў шэраг працаў па гісторыі Беларусі. Тэксты перакладаліся на італьянскую, польскую, чэшскую і рускую мовы.
Вы маркіз дэ Кюстын
...Па дарозе назад вы зноў гледзіце на мілыя воку палеткі, спыняецеся, каб удыхнуць пах
сапраўднага сасновага лесу, і міжволі зноў пачынаеце думаць пра Вялікдзень, Пасху і «куличи». Гэта — наймацнейшае ўражанне ад вашага чарговага прыезду ў родны горад і родную краіну.
У крамах прадаецца вада «Беларусь православная» — але гэта зусім не відавочны факт. Асабліва калі ехаць праспектам Машэрава паўз царкву над святой крыніцай. Блакітны купал пасыпаны залатымі зорачкамі — не раўнуючы мячэт. Ачнуўшыся пасля сну, знянацку можна падумаць, што ты ў Бухары ці Самаркандзе. Пасля аказалася, што гэтая царква ў Менску — не адзіная такая «ўсходняя»...
У савецкі час праваслаўныя маліліся ў тых цэрквах, якія былі. Дык так ня кідаліся ў вочы. Цэрквы ж у мінуласці былі пераважна ўніяцкія ці каталіцкія. А як пачалі будаваць новыя храмы, тут усё навонкі і павылазіла. Вы аднойчы запыталіся ў афіцыйнага архітэктара Экзархату: «Чаму ж не будуеце на ўзор беларускіх праваслаўных святыняў — напрыклад, Сынковіцкай царквы, магілёўскай Мікалаеўскай ці менскай Петрапаўлаўкі?» А ён у адказ на добрай беларускай мове: «Бацюшкі як бачаць беларускі праект, дык пачынаюць жагнацца і кажуць, маўляў, крый Божа, не трэба нам нічога ўніяцкага...» Аказваецца, бацюшкі баяцца самой Беларусі і адначасова ў Расею не хочуць, яны хочуць «Расею тут». У выніку — гвалцяць беларускую душу чужой эстэтыкай, калечаць густ, і вось ужо цыбуліны і закамары лічацца ў Беларусі ўзорам архітэктуры...
...А «куличи» раптам сталі рэальнасцю велікоднай Беларусі.
З радыё ў машыне саладжавы голас маладзёна: «Поздравим друг друга со светлым праздником Воскресения Господня, освятим куличи...» Хлопча, дзе ты бачыў у Беларусі тыя «куличи»? Але тут да саладжавага звоніць слухачка: «Хочу поздравить весь мой факультет, всех, кто меня знает, с праздником Воскресения...» Саладжавы пытаецца, што студэнтка будзе рабіць на «Пасху», а тая (цытую): «На пасху будем обильно есть яйки и
печь куличи...»
Украінцы кошык, у якім нясуць у царкву на Вялікдзень асвячаць яйкі ды іншую страву, называюць «пасха». У беларусаў «пасха» — і велікодная булка, і велікодная страва з тварагу, і ўвесь набор прысмакаў у кошыку, які нясуць у царкву на асвячэнне.
Вы з сумам канстатуеце, што ў 2005 годзе ў Беларусі квітнее чорная сотня ўзору 1905 году. З экрана тэлевізара і дынаміка радыё людзей не проста знаёмяць з каштоўнасцямі праваслаўя, але як бы пераконваюць, што праваслаўе іхнае, і толькі іхнае, і адзіна іхнае. Хіба што мае рацыю адзін вядомы беларус — гэта ўнутраная акупацыя.
Вы ведаеце, адкуль «куличи» прыйшлі і куды яны некалі непазбежна зноў вернуцца, але ўсё ж цікава было прачытаць на сцяне аднаго з дамоў абвестку ад «кулічоўскай крыніцы»: «ПАСХА ХРИСТОВА. Первого мая. Чин освящения куличей состоится у поклонного креста на пересечении улиц: Игуменский тракт и Чижевских с 9:00 до 15:00. Проезд автобусами 52, 65 до остановки “Заулок Чижевских”. Храм Богоявления Господня».
Гэтую абвестку не трэба чытаць, яе трэба адчуць... Галоўнае ў ёй ня мова, галоўнае — дух. «Тут Русью пахнет...»
Зноў на памяць прыходзіць несмяротная кніга падарожніка дэ Кюстына. На борце карабля па дарозе ў Санкт-Пецярбург француз разгаварыўся з расейскім дыпламатам, князем Пятром Казлоўскім, і дыпламат даў дэ Кюстыну нечаканую параду: «Вы дакладна распазналі тое, што хутка ўбачыце. Але ўсё ж вы ня зможаце скласці сабе слушнага ўяўлення аб глыбокай нецярпімасці расейцаў, бо тыя з іх, хто мае асвечаны розум і кантактуе з Захадам, прыкладаюць усе намаганні, каб схаваць паноўную ў іх ідэю — перамогу грэцкай артадоксіі, якая для іх ёсць сінонімам расейскай палітыкі. Не думайце, напрыклад, што ўціск Польшчы — гэта выяўленне асабістага пачуцця імператара. Гэта — вынік глыбокага і халоднага разліку. Усе акты жорсткасці ў дачыненні Польшчы ёсць уваччу “ісцінна веруючых” вялікай заслугай расейскага манарха...»
Вы ведаеце, што князь Казлоўскі быў католікам, паходзіў з «Заходняй Расеі» і ў фатальным 1839 годзе добра ведаў, пра што гаворыць...
Аднойчы ў Менску вы прысніце кашмар... Гадоў праз 10 усе беларусы на чарговы Вялікдзень узялі кожны па «куличу» і панесьлі іх свянціць у храмы пад блакітнымі купаламі з залатымі зорачкамі, а пасля выйшлі на чыстае паветра, а навокал ужо Расея, і святкуе яна ніякі не Вялікдзень, а «светлый праздник Воскресения Господня». Нехта здзівіўся новым рэаліям, нехта — не, нехта панаракаў, хтосьці парадаваўся, і ўсе разам пачухалі патыліцы. А пасля пайшлі беларусы па сваіх дамах, а там ужо жывуць «ісцінна рускія», і «браточкам» няма дзе прытуліцца, гоняць іх «старэйшыя браты», нават у каморах і сенцах атабарыцца не даюць. Паплакалі тады беларусы, абражаныя ў сваіх шчырых братніх пачуццях, абурыліся такім стаўленнем прыхадняў да «сямейных сувязяў», а пасля ўзялі свае «куличи» ў авоські і пайшлі па ўсёй вялікай Расеі туляцца ды шукаць сабе новага прытулку... А за Бугам у гэты час святкавалі Wielkanoc, і Вялікдзень ваш застаўся толькі ў душах упартых адзінак — менскіх, пражскіх, лонданскіх і чыкагскіх... А яшчэ ва Ўкраіне.
Раніцой вы прачняцеся не ў гуморы, а настрой канчаткова сапсуе аповед родных за сняданкам. Адна вашая сваячка стала актыўнай праваслаўнай верніцай, пачала ўчашчаць у храм на ўскраіне Менску. І вось неяк пазваніла вашым бацькам і... развіталася, маўляў, дзякуй за ўсё, што вы для мяне зрабілі, вы людзі добрыя, але іншай веры, я з вамі болей не магу кантактаваць і сустракацца, не памінайце ліхам, болей мы ніколі не ўбачымся... Кажуць, што цяпер яе можна сустрэць у менскіх пераходах са скрынкай для збору ахвяраў...
І вы раптам падумаеце, што крамлёўскія ўладары могуць спаць спакойна — не трэба ніякіх інкарпарацыяў, захопаў, аб’яднанняў і «саюзных дзяржаваў», усё зробіць адна РПЦ — сваімі поглядамі і светаадчуваннем, сваёй архітэктурай і... «куличами». Гэтыя «куличи» азначаюць не толькі і ня столькі прысутнасць Расеі ды яе царквы ў Беларусі, колькі прысутнасць Расеі ў беларускай душы, у самай дарагой, схаванай і апошняй адрознай ад усіх суседзяў беларускай субстанцыі. Там, у гэтай субстанцыі, «куличи» лашчацца, труцца, выпярэджваюць адзін аднаго і шэпчуць, шэпчуць, шэпчуць пра братэрства, адзінства, пра прыгажосць блакітных цыбулінаў з залатымі зорачкамі, пра вялікую і моцную краіну, пра «інародцаў», ворагаў славянства і вераадступнікаў, а таксама пра тое, што граць нагамі на арганах — вельмі добра і зручна, і што ў некаторыя храмы можна заязджаць на кані, і табе за гэта нічога не будзе...
Амін. Ці ўжо «амінь»?..
І калі вы запішаце гэтыя невясёлыя думкі ў нататнік, раптам прыйдзе надзея. Прычым адтуль, адкуль вы яе не чакалі. У Цэнтральным універсаме прадавачкі перагукваліся між сабой і гаварылі нешта пра «куличи», але калі вы падышлі да аддзелу, дзе прадаецца тая экспансіўная суседская булачка, акажацца, што афіцыйна яна яшчэ называецца «Пасхальный пирог»... Гэта азначае, што калі ў будучыні цэтлік будзе напісаны на адзінадзяржаўнай мове, «пасхальный пирог» вельмі проста ператворыцца ў «велікодную булку» або і ў «пасху».
Алілуя!!