”Плебейскія гульні”
Вільня: “Логвінаў”
Пра кнігу:
“Плебейскія гульні” — дзявяты зборнік прозы Франца Сіўко. Не прэтэндуючы на валоданне ісцінай у апошняй інстанцыі, пісьменнік падае і аналізуе ў ім падзеі сучаснага жыцця так, як яны яму бачацца ў звязку з яго асабістым жыццёвым досведам, уласнымі грамадзянскімі і маральнымі прыярытэтамі.
З трох змешчаных у выданні твораў у перыядычным друку раней з’яўляліся аповесць “Цымант” (у часопісе “Дзеяслоў”) і ўрыўкі з аднайменнай з назваю кнігі аповесці “Плебейскія гульні” (у “Літаратурнай Беларусі”). Аповесць “Дзве вясны дзяцей Прыяпа” апублікаваная ўпершыню.
Непадобныя тэматычна, усе тры аповесці ў той ці іншай ступені ілюструюць творчы метад і почырк літаратара, выяўляюць асаблівасці яго падыходу да зыходнага матэрыялу.
Калі “Дзве вясны дзяцей Прыяпа” — фантазія, то “Плебейскія гульні” і “Цымант” — хутчэй спроба мастацкага асэнсавання, а часам і наўпроставая ілюстрацыя падзей, якія калісьці або адбываліся непасрэдна з аўтарам, або ён быў іх сведкам. Такі роскід у падыходзе да сюжэтаў не замінае ўспрыняццю зборніка як цэласнага твора, калі і не дасканалага, дык збольшага гарманічнага.
Пра аўтара:
Франц Сіўко нарадзіўся 3 траўня 1953 года ў в. Вята Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Па сканчэнні філалагічнага факультэта БДУ настаўнічаў у школах Верхнядзвінска і Віцебска, працаваў у бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, у газеце “Віцебскі рабочы”, у Віцебскім тэхналагічным універсітэце, у каталіцкім часопісе “Ave Maria”, у рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле Віцебскага дзяржуніверсітэта. У 1999—2009 гг. — старшыня Віцебскай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Друкуецца з 1987 года. У творчасці аддае перавагу жанрам прыпавесці і эсэ. Аўтар кніг прозы “З чым прыйдзеш…” (1991), “Апошняе падарожжа ў краіну ліваў” (1997), “Удог” (2001), “Ягня ахвярнае” (2003), “Асіметрыя” (2005), “Дзень бубна” (2008), “Выспы” (2011), “Эдэм” (2014), “Плебейскія гульні” (2015). У творах закранае маральна-этычныя праблемы, даследуе рэаліі і трансфармацыі айчыннага грамадства на пераломных гістарычных этапах у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей. Для яго творчай манеры характэрная своеасаблівасць прыёмаў мастацкага ўвасаблення аўтарскай задумы, шырокае выкарыстанне лексікі абмежаванага ўжывання, у прыватнасці дыялектызмаў як сродку характарыстыкі персанажа і выяўлення яго экзістэнцыйнай і грамадзянскай сутнасці.
Аўтар зборніка казак для дзяцей “Бялячык” (2003), матэрыялаў для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей “Гістарычныя ўмовы развіцця беларускай мовы” (1977), метадычнай распрацоўкі “Культура маўлення і дзелавыя зносіны спецыяліста” (2010), шматлікіх артыкулаў па праблемах сучаснага жыцця, захавання духоўнай спадчыны, культурных здабыткаў беларусаў.
Дзве вясны дзяцей Прыяпа
(урывак з аповесці)
Марынка
Калі да каго на свеце і былі зоркі заўжды прыязныя, калі і свяцілі каму шчодра, напоўніцу, а не праз пень-калоду, дык гэта Марынцы Гук, у дзявоцтве — Мандрык. Ад нараджэння дзяўчынцы шанцавала, ад маленства не ведала яна, што такое нястача бацькоўскае любові-ўвагі. І не дзіва: з’явіцца на свет у такой сям’і, як сям’я Марынчыных бацькоў, дырэктара і галоўнага інжынера самага вялікага ў Паазер’і льнозавода, для дзіцяці ўжо гарантыя калі не поўнага шчасця, дык подступаў да яго надзейных, — несумненна. Толькі скарыстайся шанцам, не спудлуй у патрэбную хвіліну.
Марынка не спудлавала. Скончыўшы школу, паступіла з лёгкай рукі бацькавага знаёмца, аматара дыхтоўных ільняных вырабаў і творчасці даўнейшых спевакоў Юневіча і Шуманскага, а галоўнае — загадчыка сектара навукі ўніверсітэта, вучыцца на асабліва ж моднага на той час менеджара. На бюджэтную форму навучання конкурс быў ва ўстанове велізарны, ці не пад дзесяць чалавек на месца, але ж і загадчык сектара — дзядзька не маленькі, пасобіў дачцэ сябрука найлепшым чынам. Увайшоў падчас тэставання пад выглядам быццам бы нейкай тэрміновай справы да старшыні камісіі ў аўдыторыю, дзе яно праходзіла, ды і падсунуў дзяўчыне непрыкметна пад далонь цыдулу з правільнымі адказамі. Маральныя выдаткі гэткага добразычліўства нябедны Раман Міледзевіч Мандрык, бацька Марынкі, аплаціў знаёмцу шчодра, аж нават з каптуром, і паплылі для дзяўчыны гады шчаслівага, поўнага прыгодаў студэнцкага жыцця.
Вучоба давалася Марынцы даволі лёгка, іспыты падчас сесій яна здавала без асаблівых высілкаў. Аднак жа і без лыжкі дзёгацю, на жаль, не абышлося: штосьці ад самага пачатку не заладзілася ў Марынкі з фізкультурай. Здаецца, і прадмет не такі ўжо цяжкі, а вось жа… Тры семестры прамучылася дзяўчына, адольваючы прадугледжаныя ўніверсітэцкаю праграмай ды ўскладненыя прынцыповасцю старога выкладчыка спартыўныя нарматывы. І невядома, колькі б яшчэ мучылася, калі б выкладчык раптоўна, увадначас не памёр і ягонае месца не заняў трыццацігадовы маладзён, схільны да індывідуальных формаў заняткаў са студэнтамі, большасць з якіх складалі на курсе, як і паўсюль у навучальных установах, дзяўчаты, кандыдат у майстры спорту міжнароднага класа па бегу. Ён і дапамог Марынцы, у якой к таму часу акурат пачыналася дэпрэсія на глебе непрыемнасцяў са здачаю нарматываў, не толькі паверыць ва ўласныя сілы, але і здаць неўзабаве ўсе “хвасты”-запазычанасці так паспяхова, што аднакурснікі толькі ахнулі.
Злыя языкі тут жа прыпісалі Марынчыны поспехі юрлівасці выкладчыка і нават парупіліся ўвесці звесткі пра іх ў вушы ягонай жонцы. Хто ведае, чым бы справа скончылася, калі б у сям’і самога майстра спорту не надарыўся скандал. Вярнуўшыся аднаго разу апоўначы дахаты без папярэджання са спаборніцтваў, ён заспеў жонку за келіхам віна ў кампаніі старшыні прафкама мясцовай аўтабазы, і плёткі пра ягоныя шуры-муры з Марынкай міжволі адышлі на другі план.
На перадапошнім годзе вучобы Марынка закахалася.
Чарнаскуры студэнт-медык Угвоке з Нігера быў не тое каб надта ўжо сімпатычны, хутчэй абаяльны. Выбар жа Марынкі, якую ў знешнасці чалавека ці манеры апранацца або трымацца на людзях адмалку вабіла экзотыка, у значнай ступені вызначыла і меркаванае месца жыхарства без дзвюх хвілін доктара па сканчэнні ўніверсітэта. Адзін са шматлікіх дзядзькоў Угвоке рабіў афіцыянтам у рэстаране ці то ў піцэрыі дзесьці на поўдні Італіі і абяцаў пляменніку калі не адразу з працаўладкаваннем у далёкім замежжы, дык з жытлом — без ніякага якога. Штосьці, аднак, з тымі апенінскімі абяцанкамі-цацанкамі не заладзілася. Атрымаўшы дыплом, Угвоке мусіў вяртацца на радзіму, у свой Нігер, куды і Марынка, гнаная ўжо, папраўдзе, больш цікаўнасцю, чым пачуццём, якое к таму часу пачало мізарнець, неўзабаве падчас летніх канікулаў выправілася следам за ім.
Сказаць, што лад жыцця вялізнага сямейства Угвоке збянтэжыў яе, — нічога не сказаць. “Уяўляеш, халупка з нейкіх жардзінак туліцца пасярод пяскоў, а ежа такая спецыфічная, што за тыдзень толькі аднойчы, мабыць, ад іхняй тамтэйшай салёнай бульбы ды маісу і схадзіла па вялікай у прыбіральню”, — жалілася дзяўчына па вяртанні дахаты адной з сябровак і скрушліва ўздыхала.
Уздыхалі і старэйшыя Мандрыкі. Толькі, у адрозненне ад дачкі, не са скрухаю ў голасе і выразам жалобы на тварах, а з палёгкай. Яны ад самага пачатку былі катэгарычна супраць шлюбу Марынкі з Угвоке і цяпер, калі вось так само сабою ўсё тое жаніхоўства паціху разбурылася, гатовыя былі літаральна насіць яе на руках. А каб падтрымаць адзінае дзіця ў хвіліну першага ў жыцці любоўнага расчаравання, спачатку купілі ёй для прагулянак па возеры прыгожы водны ровар з сядзеннем на дзве асобы (хацелі купіць катамаран, але Марынка з увагі на надта ж сціплую плошчу мясцовага вадаёма адмовілася), а затым і яшчэ больш расшчодрыліся, выправілі дзяўчыну аж на месяц у нятанны марскі круіз.
Па атрыманні дыплома ўражаная падчас мінулагодняга круізу замежнымі цікавосткамі Марынка торкнулася ўладкоўвацца на працу ў аддзел менеджменту сумеснай тутэйша-замежнай фірмы па продажы вырабаў з лёну пад прэтэнцыёзным назовам “Класіка індустрыі моды”. Але там яе, як высветлілася, не чакалі. На просьбу дзяўчыны падаць запыт ва ўніверсітэт дзеля залічэння яе ў штат фірмы начальнік аддзела адказаў, што ён, на жаль, не Пан Бог і нават не Рымскі папа, уладаю распараджацца ўсім на свеце не надзелены, і паціснуў пры гэтым плячыма так строга, што Марынцы нічога не засталося, як прасіць бацьку зноў звярнуцца да знаёмца. Пратэкцыі апошняга, аднак, гэтым разам аказалася недастаткова. І Раман Міледзевіч, павагаўшыся колькі часу, патэлефанаваў наўпрост свайму колішняму вылучэнцу-прэтэжу, а цяпер генеральнаму дырэктару аб’яднання “Льновалакно” Івану Кірылавічу Падзяве.
І зноў усё ўладкавалася найлепшым чынам. Ці то дзядзька-кадравік увадначас зрабіўся папам, ці то іншае штосьці прычынілася да справы, але зноў, на гэты раз з лёгкае рукі гендырэктара аб’яднання “Льновалакно” Падзявы, усё атрымалася як след. І гэта ўжо быў крок не толькі ў накірунку прафесійнай кар’еры дзяўчыны, але і шчасця асабістага. Бо там, у фірме па продажы льняных гарнітураў, сукенак, бялізны ды настольнікаў, Марынка Мандрык спаткала новае каханне — кіроўцу Валіка Гука.
Сябраваць з кіроўцам грузавіка дачцэ гэткага вядомага ў Паазер’і, выбітнага чалавека, як дырэктар льнозавода Раман Мандрык, было быццам і не да твару. Ды любоў, як і голад, не цётка, укашацца — газаю не вытруціш. Тым больш, калі дзеўцы ўжо час і пра сям’ю падумаць, а хлопец, як знарок, — маляванка, што з твару, што з паставы, што з абыходжання, не тое, што нейкі там чужынец Угвоке. Спортам займаецца, гарэлкі не п’е, у сумнеўных кампаніях не тусуецца. Адзіная хіба — не надта адукаваны, але ж гэта, вядома, выправіць пры жаданні, ды калі яшчэ і пры грашах у кішэні, не так ужо і складана.
Спачатку сустракаліся ўпотай. Найчасцей у выходныя, дзе-небудзь на ўлонні прыроды ці, калі з’язджалі куды па справах Марынчыны бацькі (а з’язджалі яны даволі часта), у яе дома або на лецішчы. Апошняга Валік, праўда, не любіў: кідкая раскоша аточанага японскім садам загараднага катэджа нуварышаў Мандрыкаў яго бянтэжыла. Адмалку звыклага да простага ўбранства вясковае хаты хлопца абвешаныя дарагімі кілімамі ды праэтыкетажаванымі, як у музеі, арыгіналамі майстроў мастацкага кіча сучаснасці апартаменты Рамана Міледзевіча Мандрыка і яго сужэнкі Эльвіры Віктараўны прыгняталі і скоўвалі, вяртаючы шторазу думкамі да несамавітага, зладаванага ў нішчымныя пасляваенныя часы са старых бэлек матчынага жытла.
Ды і ўсё астатняе было ў Мандрыкаў іначай, як дома: ужо калі смятана да клёцак, дык смятана, наўпрост з малаказавода, з рук ды блаславення самога дырэктара — лыжка ў такой не патоне; сурвэткі — бялей снегу, далікатэсаў на стале гэтулькі, што ўваччу стракаціць: еш — не хачу. А вось што найбольш прываблівала Валіка падчас спатканняў на лецішчы, дык гэта іхнія з Марынкаю рамантычныя прагулянкі па возеры на водным раварку. Поруч адно аднаго, пырскі ў твар, сонца аж вочы слепіць — Эдэм дый годзе.
Час, аднак, ішоў, а захадаў паставіць кропку ва ўзаемаадносінах з дзяўчынай прыгажун кіроўца зрабіць усё ніяк не наважваўся. Чуйнай, уніклівай Марынцы ўзрослая на глебе сацыяльна-класавай закамплексаванасці нерашучасць Валіка, канечне, муляла. І яна, каб падштурхнуць каханка да больш пэўных, больш канкрэтных дзеянняў, зрабіла, як кажуць, ход канём: ненавязліва напрасілася ў госці да ягонае маці.
Юня сустрэла сяброўку сына проста, хоць, канечне, і не без хвалявання. Участавала лепшым з таго, што мела, у размове пры стале паводзілася натуральна і сціпла, лішніх пытанняў не задавала. На пытанні госці адказвала коратка, але разам з тым як мага больш змястоўна. У выніку адна адной ці то насамрэч спадабаліся, ці то зрабілі выгляд, што спадабаліся, але гэта было і не так істотна: наяўнасць у абедзвюх жадання спадабацца ўжо прамаўляла сама за сябе.
Адзінае, што чамусьці не глянулася Юні ў будучай нявестцы — гэта яе прозвішча. Якое яна, зрэшты, тут жа, ледзь Марынка з сынам паспелі выйсці з хаты, быццам бы, хоць і неаднойчы яго дагэтуль, канечне ж, чула, і забылася. І як пасля ні спрабавала яго ўзгадаць, моршчачы лоб ва ўдаванай задуменнасці, так нібыта і не дала, хітраванка, рады. “Штосьці быццам як Дундрык”, — адказала Мірусі, паабяцаўшы перапытаць пры нагодзе ў сына. Суседка, не чакаючы выніку перапытвання, тут жа распавяла пра чутае другой суседцы, другая — трэцяй, і к вечару показка пра смешнае прозвішча Юнінай нявесткі ваўсю гуляла па языках дварчанаўскіх падглядачак.
Памажы, Хрыстуля!
Зорка гайдаецца на небе, сплюшчваецца, ляціць зіхоткаю ільсністаю вужакай за тын гародчыка. “Авохці, ратуй нас, Хрыстуля!” — войкае Юня і похапліва жагнаецца. Не сказаць каб надта ўжо руплівая спадкаеміца веры бацькі-каталіка і маці-праваслаўнай, яна заўсёды, аднак, жагнаецца ў хвіліны сполаху, звяртаючыся пры гэтым да Бога, хоць таго сама і не ведае, на грэчаскі лад, з уласцівым для грэкаў памяншальным суфіксам у зваротах-імёнах. Хаця грэкаў тых адвеку бачыць не бачыла і нават пра тое, як яны выглядаюць, даведалася толькі зусім нядаўна, натыкнуўшыся ў Мірусі на пакінутую Вадзькам, што вучыцца ў тэхнікуме на сувязіста, таўшчэзную кніжку з выявамі целаў бязрукіх мужыкоў і жанчын на вокладцы. Узялася неяк аднаго разу тую кніжку пагартаць, але тут жа і кінула, гэткімі паскуднымі падаліся Юні ўсе гэныя голыя грэчаскія бязрукія-бязносыя.
І што толькі маладыя ў іх знаходзяць? Яшчэ ж і падобнымі, бач ты, хочуць быць.
Вунь той жа Вадзька, напрыклад… Як прыедзе ўлетку падчас канікулаў або на выходныя з горада да Мірусі, дык не каб у гародзе ці ў хаце што бабе памагчы — днямі са стадыёна не вылазіць, цела ўсё трэніруе-гартуе. Нутбук свой, ці як там яго, расчыніць, і ўсё, кажа Міруся, разглядае малюнкі. Разглядае ды ўласныя цягліцы на руках мацае, мацае… Дваццаць год хлопцу, а ён замест таго, каб да маладзіцы якой пахінуцца, собскае цела ды собскімі рукамі, бы той заклапочаны прышчыкамі падлетак лоб, лашчыць. Ці дзіва, што з твару нават учарнеў: праўдзівы грэк з кніжных маляванак, адно што не бязрукі.
Неяк сказалі яму з Мірусяю пра тое — засмяяўся толькі. Маўляў, скажаце, бабулі, дзе тыя грэкі, а дзе мы? Перастарэкнуўся яшчэ, шчанюк: маўляў, тэлевізара, няйначай, пра тое, як грэкі мітынгуюць, наглядзеліся? А ў іх жа, у грэкаў тых, пенсія не тое, што ваша, — самая высокая ў Еўропе. На табе — самая высокая! Збрахаў, вядома: ці ж будуць людзі ад дабра дабра шукаць… Прывяпа нейкага ні з таго ні з сяго да размовы прыплёў. Прыплесці прыплёў, а хто такі той Прывяп — толкам, колькі ні прасілі, не сказаў. Адно пацвеліўся: маўляў, дзеці вы ягоныя ўсе, то як не сорамна вам бацькі свайго не ведаць?
Сумуе пры вакне Юня, уздыхае, маркоціцца. Пра ўраджай міжволі задумваецца. Які ён будзе? Кожная раслініна, казаў той, сваёй пары патрабуе. А тут мала таго, што гуркі на кволенькі маладзічок, што ледзь-ледзь у сілу пачаў убірацца, дык яшчэ і ў непрагрэтую як след зямлю пасеялі. То што з таго абы-як, спехам ды яшчэ пад гэткае дурное галёканне пасеянага кірмашовага насёна ўзыдзе? А калі і ўзыдзе, то што вырасце? Хіба што пустацвет — вока кветам пару дзён парадаваць. Даўней, бывала, у гарод не ў пару і не лезлі. Бо што морквіну садзіць, што той жа гурок ці памідорыну прышчыпваць, што бульбу акучваць — на кожную працу свой тэрмін меўся. І парушаць яго і ў голаў нікому не прыходзіла. Не тое, што цяпер: стук ды грук, абы з рук.
А добра яшчэ, як не падсунецца які д’ябал, не падсее, вораг-пракудлівец, на лехі пустазелля. І так здараецца, нездарма ж і ў Бібліі вунь, у прыпавесці пра пшаніцу і плевелы, якую айцец Тамаш падчас нядаўняе службы ў нядзельным казанні згадваў, пра тое напісана. Падторкнецца сатана-ліхадзяюга, напаскудзіць, і тады што бегай наўкола тых лехаў з голым азадкам ды чэлесам, што не бегай, што трасі цыцкамі над імі, што не трасі — адна трасца. Нішто і ніхто не паможа, нават Хрыстуля. Яшчэ і Талалайчык тут, пры гурках на дзеравяшцы, у нялюдскім сваім капшуку, ліха на яго... А хто ведае, з якімі грахамі прымчаўся, якога дзе гадства, па свеце гойсаючы, не набраўся ды насёнам таго гадства дварчанаўскіх лехаў ці не атруціў? Вось праўда, не ведаеш, чым лёс надумаецца абнеспадзеіць…
Падымаецца Юня з месца, крэкча, тэпае ў кухню: час і на зуб сяго-таго пакласці, ад ранку, лічы, за ўсімі гэтымі прамінулымі начнымі ды цяперашнімі дзённымі справамі ў роце зярнятка макавага кабеціна не мела.
Зноў калышацца зорка на небе, мігціць, як агеньчык не ў пару распаленай свечкі, пярэсціць дол млявымі блікамі. Кроіць Юня-Зяметра каляную ўчарашнюю бабку, пхае няўважліва ў рот, жуе рэштаю хісткіх, што даўно просяцца на сметнік, зубоў. Жуе і зноў думае: пра нябожчыка бацьку, што рана гэтак, заўчасна пайшоў з жыцця, пра маці, таксама даўно ўжо нябожчыцу, пра сына ды пра нявестку, якім і дзіцем бы сябе ды бацькоў ужо час пацешыць, а ўсё ніяк не дадуць рады. Пра небаракаў грэкаў, што нібыта, калі даваць веры Вадзьку, усё маюць, ды ўсё ім, бач ты, мала. Ды ці мала пра што яшчэ думае Юня, а сказаць каму — і пад страхам смерці не скажа.
Два дні мінулі пасля Марынчынай размовы са свекрывёй наконт аперацыі, а адказу ад Юні ўсё не было. Двойчы ўжо прасіла Марынка мужа нагадаць маці пра справу, ды дарэмна: Валік як вады ў рот набраў. Вось і гэтым разам сядзеў за сталом моўчкі, жаваў памалу, як не сваімі зубамі, еўраоптаўскую вяндліну, слухаў няўважліва, напаўвуха жончыны ўшчуванкі.
— Але ж цёмныя, забабонлівыя людзі гэтыя вашы дварчанаўцы, — прапалоскваючы пад кранам новенькую, днямі набытую па акцыі кававарку, падвяла ўрэшце рысу тая. — Ведаеш, што ўрабілі, дзівакі, гуркі сеючы? Вадзька цётчын Мірусін тэлефанаваў, дык распавёў… Параспраналіся, кажа, ды і пачалі голымі лётаць вакол лехаў. Гэта, значыцца, нібыта дзеля таго зрабілі, каб ураджай лепшы прынадзіць. Дрэс-код, аднак, у тваіх землякоў! Якая дзікасць, быццам у глухім лесе ці ў пустэльні якой людзі жывуць! Думаюць, напэўна, калі голымі дупамі пасвецяць на тыя гуркі, дык ужо так увосень іх наядуцца, што пузы ім параспірае.
— А нам што за справа? — неахвотна, млявым голасам адазваўся нарэшце Валік. — Хай сабе робяць, як хочуць. Не забароніш…
— Хай,— пагадзілася Марынка. — Так кажу, да ведама твайго... А пра што яшчэ з табой гаварыць? З табой гаварыць — бобу жалезнага, няйначай, трэба наесціся. Ні да чаго табе справы няма.
— Дык і дзякавала б Богу, што так. Вунь бацьку майму да ўсяго справа была — і што? Дагадзіў ён матцы? Якраз! З вамі, жанчынамі, гаварыць — не бобам, а чорт ведае чым трэба напхнуцца. Так скажаш — кепска. Іншым бокам павернеш — яшчэ горш. І знайдзі тут сярэдзіну…
— Знойдзеш, як захочаш. Толькі захацець трэба. Мой жа бацька вунь неяк знаходзіць…
— А, канечне — твой! З такім імечкам — канечне.
— Зноў ты тое самае? Знайшоў тэму. Быццам не ведаеш, як усё атрымалася з ягоным імем... Быццам не распавядала табе, што дзеда Мялеціем звалі, а сельсаветаўскія грамацеі ў пасведчанні па-свойму запісалі. Вось і атрымалася — Міледзевіч. І колькі ўжо можна на гэты конт перастарэквацца? То імя па бацьку вам не даспадобы, то прозвішча не ў нос…
— Каму гэта — “вам”?
— А то не ведаеш! Табе і Тодараўне. Мне людзі пераказалі, як шаноўная мая свякрова на Дундрыкаў нас перарабіла. Дундрыкі мы, значыць… А я вось бацькам пра гэткія яе фінты раскажу, тады паглядзім…
— Ладна, прабач…
— Не першы раз прабачаешся. Ну, добра, хай ужо хоць так… А што наконт матчынай аперацыі? Прапанавала ёй помач, дык таксама ні тпру ні но, ні мычыць ні целіцца.
— Яе справа, — даядаючы вяндліну, усё тым жа абыякавым голасам адазваўся Валік. — Не дзіця малое, сталая кабеціна, ведае, што робіць.
— Ага, не дзіця, канечне! А як што благое з той дробязнай болькі ўсчыніцца? Каму даглядаць тады хворую давядзецца? Каму? Нам жа, напэўна, каму яшчэ! На “памажы, Хрыстуля” далёка не заедзеш. Ну, хай будзе так! Не трэба вам — дык і мне навошта, — махнула Марынка рукой ды і падалася апранацца для паходкі ў горад па закупы. Днямі нагледзела ў краме “Класікі індустрыі моды” дыхтоўную льняную туніку з тутэйшымі арнаментамі і, хоць і мела апроч яе па шафах усяго больш як даволі, вырашыла набыць: прыгожа, а галоўнае — будзе чым шыкануць перад замежнікамі ў Руане з айчыннага.
Патрыятычны складнік паводзінаў у сям’і Мандрыкаў заўсёды калі не пераважаў усе астатнія, дык шанаваўся належным чынам. Так шанаваўся, што нават выява лёну на старым гербе Паазер’я для кожнага з іх значыла куды больш, чым штосьці іншае, а імпэт да дэманстравання грамадзянскай пазіцыі вытыркаўся нават там, дзе і зусім быў недарэчы.
Аздобленая понізу падола мудрагелістымі карункамі туніка прыйшлася Марынцы акурат, адно што паставу чамусьці рабіла неяк занадта ж круглай. Ды, на шчасце, тут жа, у краме, знайшлося і выйсце. Пераняўшыся роспаччу ў вачах пакупніцы, прадавачка вынесла з бакоўкі зграбную льняную пелярынку з арнаментам пад колер тунікі; яна акурат і сталася тою дэталлю строю, што вырашыла праблему, выправіла хібы ансамбля.
Памеркаваўшы, як будуць глядзецца на фоне абновы льняны шыйны жгуцік з каменьчыкамі ды сумачка са шпагату ў руках, Марынка бадзёра прадэфілявала колькі разоў сюды-туды перад люстэркам, пераапранулася, разлічылася за пакупку, выйшла з крамы. Узгадала словы свекрыві пра тое, што льняныя вырабы надта ж камечацца, усміхнулася. Камечацца — такой бяды! Дзеля справы і пастаяць падчас тых жа прэзентацыі або фуршэту можна, не абавязкова сядзець паняю. Людзі і не на гэткія ахвяры ідуць дзеля падтрымання ўласнага іміджу, то што ўжо там гадзіна-другая нейкай дробнай нязручнасці.
Гэтак падумала Марынка і, трымаючы аберуч перад сабою пакунак з тунікай і пелерынкай, пайшла да прыпынку. Спяшалася: да ад’езду ў Францыю заставаліся тры дні, а яна ж яшчэ да кніжак па тэме канферэнцыі і не дакраналася. Папросяць вядоўцы слова сказаць — і не будзе чаго. Стаяць слупам ды лыпаць вачыма — гэта не для яе, Марынкі.
Не, так папусціцца яна сабе не дазволіць, недаспіць, а без належнага багажу ведаў у замежжа не выправіцца. І ведамі блісне, і, магчыма, нават і воплескі не абы-якія сарве. Напрыклад, тым жа расповедам пра голых дварчанаўскіх мужыкоў ды жанок падчас нядаўняе сяўбы гуркоў: піяр ёсць піяр, што ўжо заціскацца ды сціплічаць, удаваць святасць. Дарэмна яна камар’ё карміла, прыткнуўшыся незаўважна, употай ад старонніх вачэй да дрэва падчас іхняе вар’яцкае беганіны пры лехах, ці што? Канечне, гуркі не лён, ды каму прыйдзе ў тым Руане ў голаў гэткія дробязі спраўджваць?