“Нявеста-пачвара”
BYBOOKS
Пра кнігу:
Кніга напісаная ў жанры фэнтэзі і ўлучае два апавяданні, “Багна” і “Нявеста-пачвара”.
Пра аўтара:
Аўтар кнігі хаваецца пад псеўданімам “Неролі”.
Кнігу “Нявеста-пачвара” можна спампаваць
тут.
Багна. Урывак
Вёска стаіць на ўскрайку балота. Выгляд яна мае маркотны і бязрадасны: з дзясятак прысадзістых хат з трысняговымі стрэхамі і сляпымі вакенцамі, вакол загоны для коз; адзіная вуліца, роўная, як страла, патанае ў брудзе. На сотні вёрст наўкол — змрочныя яловыя лясы і непралазныя багнішчы. Далёка ў багну ўразаюцца кліны бульбяных палёў. Неба амаль заўжды зацягнутае хмарамі, сюды рэдка зазірае сонца. Улетку над балотамі паднімаецца задушлівае марыва, ад якога гніюць лёгкія і скура пакрываецца скуллем, узімку — золь, пранізлівая сцюжа, лютая ліхаманка і голад, які грызе вантробы. Прыцемкі тут надыходзяць рана, і людзі зачыняюцца ў хатах, запальваюць смалякі, якія моцна куродымяць, амаль не даючы святла. Людзі сядзяць у хатах, нібы звяры ў норах, не смеючы высунуцца на вуліцу. Яны вераць, што з надыходам цемры зямля, вада і паветра пачынаюць кішэць нячысцікамі.
Жыхары вёскі падобныя да балотных дрэваў: гэткія ж кволыя і хворыя, з запаволенымі рухамі, сонныя, быццам адурманеныя гніласнымі выпарэннямі багнішчаў. Валасы ў іх бескаляровыя, твары бяскроўныя, а вочы шэрыя, як балотная вадзіца. Амаль усе яны пакутуюць на трасцу — над балотамі плодзіцца машкара і камарэча, якая разносіць заразу. У іхніх хатах цёмна нават у самы сонечны дзень, бо маленечкія акенцы ледзь-ледзь прапускаюць святло. Паветра ў іхнім жытле цяжкое і сапрэлае, атручанае дурманлівым смуродам гнілога мяса. Сваіх першынцаў, памерлых у маленстве, яны не адносяць на могільнік, але хаваюць проста ў хаце, пад дошкамі падлогі. Паводле дзіўнага павер'я, мёртвыя немаўляты быццам ператвараюцца ў добрых прывідаў — ахоўнікаў агменю... Дый самі яны амаль як мерцвякі. Старых сярод іх няшмат — тут мала хто дажывае да старасці. Але нават тыя, хто яшчэ малады, не маюць ні захапленняў, ні мар, ні жаданняў. Іхняя кроў халодная, як гнілая вада ў балотных вірах, іхнія думкі павольныя і бескаляровыя, а пачуцці млявыя і зыбкія, як марыва над дрыгвой.
Наводшыбе ад вёскі, у самім сэрцы яловага гушчару, з усіх бакоў аточанага багнішчамі, жыве жрэц. Побач з жытлом жраца стаіць капішча Бахны, бога балот, якога ўшаноўваюць жыхары вёскі. Капішча ўяўляе сабой неглыбокую зямлянку, накрытую галінкамі балотных ялінаў. Балван сядзіць на троне з трухлявай калоды. Ягонае цела сплецена з яловых каранёў, худыя, карузлыя рукі ляжаць на падлакотніках. Галаву балвана вянчае падабенства кароны з гнілякоў, якія блякла свецяцца ў цемры капішча. Постаць яго наўмысна зробленая, каб адпужваць: доўгі сукаты нос, запалыя шчокі, юрлівыя вусны, зробленыя з дзвюх замшэлых трэсак. У вачніцы ўстаўлены два белыя, гладка адшліфаваныя камяні.
Штодня жрэц спускаецца ў капішча з ахвярнай чарай у руках. Акунуўшы пальцы ў чару, ён кропіць вусны бажышча свежай крывёй. Яна павольна сцякае з вострага падбароддзя балвана, клейкія кроплі падаюць яму на грудзі. У такія імгненні аблічча ідала нібыта ажывае. Ягоныя вусны расцягваюцца ў задаволенай ухмылцы, вырачаныя вочы шугаюць сіняватымі агеньчыкамі. Але, магчыма, гэта проста гульня ценяў ды водбліскі гнілякоў ў ягонай кароне...