“Праклён мітрапаліта Феафіла”
Мінск: “Выдавецкі дом “Звязда”
Пра кнігу:
Аўтар кнігі, складзенай з гістарычных аповесцей «Друеўскі ваўкалак», «Спіраль гісторыі» і «Праклён мітрапаліта Феафіла» (апошняя дала назву выданню) — празаік з Браслаўшчыны Уладзімір Мажылоўскі. Яго дэбют на старонках часопіса «Маладосць» адбыўся два гады таму і быў адзначаны цікавасцю чытачоў. Не дзіўна: гістарычныя аповесці Уладзіміра Мажылоўскага чытаюцца лёгка і захапляльна, яны досыць насычаны паваротамі сюжэтаў і яскравымі вобразамі.
Пра аўтара:
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Станіславова Дубровенскага раёна. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта, амаль трыццаць гадоў працаваў дырэктарам невялічкай Барунскай васьмігадовай школы, што ў Браслаўскім раёне. Цяпер загадвае аддзяленнем Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна.
Спіраль гісторыі. Урывак
Узбуджаны відовішчам смерці і пахам крыві, вялікі князь маскоўскі Дзмітрый ірваўся ў самую гушчу сечы. У пакамечаным, акрываўленым панцыры, змяніўшы чарговага каня, ён з шалёным бляскам у вачах кідаўся на ворага, сек, не даваў нікому літасці. Ён бачыў, што яго раці перамаглі, разумеў, што трэба спыніцца, аднак ніяк не мог утаймаваць у сабе прыхаванай лютасці да татар, якія больш стагоддзя трымалі яго род у палоне страху. Ён і не хацеў спыняцца. Дзмітрый сек, сек, сек… З кожным выдыхам ён высякаў у сабе той старадаўні жах, тое халуйскае, рабскае, што паспела прарасці нябачнымі карэньчыкамі ў душах многіх яго падданых, ды і ў ім самім. І, напэўна, калі б Брэнка не перахапіў яго каня, то Дзмітрый кінуўся б праследаваць уцякаючых ворагаў. Аднак…
***
— Уставай, соня! — нехта ўпарта трос мяне за плячо. — Уставай, інакш спознішся на працу!
— Якая праца? — квола, канчаткова не адышоўшы ад сну, запярэчыў я. — Сёння ж субота!
— Ну і што. У цябе факультатыў у дзявятым класе.
І праўда, у суботу ў мяне ў дзявятым класе факультатыў па гісторыі. Трэба падымацца. Шкада толькі, што жонка разбудзіла так рана. Пачакала б крышачку, дала б дагледзець сон. Проста цікава, ці застаўся жывым Цімоха? І хаця я ведаў, што ў сечы ля Вожы згуба маскавітаў была невялікай, каля трох сотняў воінаў, але ўсё ж было шкада, што жонка не дала дагледзець сон да канца.
Я ўстаў, прывёў сябе ў парадак і, па звычцы, пацягнуўся на кухню, бо прывык да такога рэжыму за дваццаць пяць гадоў сямейнага жыцця. Ён мне падабаўся, і я ніколі не думаў мяняць яго нават у дробязях…
Са сваёй жонкай я пазнаёміўся ў далёкія студэнцкія гады. Я, дваццаціпяцігадовы выпускнік універсітэта, і яна — маладзенькая першакурсніца. За маімі плячыма была служба ў радах Савецкай Арміі, які-ніякі жыццёвы вопыт. За яе ж — сярэдняя школа ў далёкім пасёлку на поўначы Віцебскай вобласці.
А злучыла нас банальная спрэчка. Такія дыспуты між студэнтамі часта ўзнікалі на нашым гістарычным факультэце. Здаралася, што яны працягваліся і на перапынках, перацякалі нават у сталоўку. Справа ў тым, што адну і тую ж гістарычную падзею кожны можа трактаваць па-свойму, зыходзячы з уласнага бачання гістарычнай перспектывы, уласнага адчування нацыянальнай годнасці ці веравызначэння. Да боек такія дыспуты не даходзілі, аднак, здаралася, апаненты разыходзіліся ворагамі.
У той дзень сярод студэнтаў нашай групы ўзнікла спрэчка наконт смерці Стэфана Баторыя. Адны, у тым ліку і я, даказвалі, што ён памёр сваёй смерцю з-за хворых нырак. Другія — што яго атруцілі. Прычым другія не хацелі нават слухаць ні пра паказанні яго лекараў Міколы Бучэла і Сімонія, ні пра заключэнне, зробленае па выніках анатаміравання цела памерлага, ні пра пісьмовае апісанне хваробы караля, якое зрабіў Сімоній па парадзе літоўскага надворнага маршалка Радзівіла. «Баторыя атруцілі па замове магутных пратэстанцкіх колаў Кароны і Літвы, якія баяліся ўзмацнення каталіцызму пасля заваявання ім Масковіі», — вось што даводзіў мой сябар Кастусь. Я ўжо з ім не спрачаўся, стаміўся. Уважліва вывучаў цэны ў меню студэнцкай сталоўкі і думаў толькі пра тое, ці хопіць у мяне грошай разлічыцца за яшчэ адну шклянку смятаны. А Косця не адступаў, усё даказваў сваю праўду.
— Ды атруцілі Баторыя, вы маеце рацыю, — раптоўна падтрымала яго дзяўчо, што стаяла перада мной у чарзе. — Я пра гэта яшчэ са школы памятаю. Але атруцілі не ворагі, а ўласныя хворыя ныркі. Яго арганізм не мог да бясконцасці змагацца з атрутнымі прадуктамі абмену рэчываў. Магчыма, калі б ён быў на дыеце і не піў куфлямі моцнае венгерскае віно, то яшчэ працягнуў бы год-другі. А так…
Хіба пасля такога адказу я мог застацца абыякавым да Насці?
***
У школу прыйшоў а палове адзінаццатай. У настаўніцкай пуста — субота ж! Цішыню парушалі толькі гукі спрэчкі, што даносіліся з кабінета дырэктара. Галасы гучалі мужчынскія. Я не стаў прыслухоўвацца — склочніцкі характар дырэктара мне добра вядомы. Не хацелася чарговы раз трапляць пад раздачу, псаваць суботні настрой.
Я дастаў план заняткаў, яшчэ раз прагледзеў этапы яго правядзення, выйшаў у калідор. Амаль тут жа за мной выскачыў і настаўнік фізічнай культуры Юрый Васільевіч. «Тваю маці! — выпускаў фізрук пару разам з лаянкай. — Футбол яму не падабаецца. Бачыш — неэстэтычна! Яму давай бадмінтон! Эстэт! — Васільевіч заўважыў мяне, спыніўся. — Слухай, Рыгоравіч, — ён жалезным поціскам абхапіў маю руку, — а пайшлі да мяне ў інвентарную. Стрэс трэба зняць пасля размовы з гэтым ёлупнем». — «Урок у мяне, — адмовіўся я. — Дзеці ж адразу заўважаць». — «Дзеці заўважаць, — сумна пагадзіўся ён і адпусціў маю руку. — Яны ўсё заўважаюць і, павер мне, ведаюць паболей нашага».
Правёўшы фізрука да спартыўнай залы, я вярнуўся ў настаўніцкую. Там было ціха і пуста, — толькі тэхнічка працірала кветкі і нешта шэптам ім распавядала. Я павітаўся. Жанчына спалохана сцялася, аднак, убачыўшы, што гэта я, а не дырэктар, расслабілася, павіталася ў адказ. «А дзе шэф?» — я паказаў на кабінет дырэктара. — «Толькі што некуды выйшаў, — прашаптала яна, быццам раскрывала страшэнны сакрэт і, азірнуўшыся на дзверы, дадала: — Злосны!»
Я ўзяў класны журнал і накіраваўся да кабінета гісторыі. Адчыніўшы дзверы ў клас, я на імгненне спыніўся. Вучні дружна, бы па камандзе, падскочылі з месцаў і застылі ў маўклівым чаканні. Мяне гэта здзівіла, бо звычайна, калі я прыходзіў у 9 «А», мяне сустракала не цішыня. На апошняй парце, ля самай сцяны, сядзеў дырэктар школы і са здзеклівай усмешкай назіраў за маёй разгубленасцю. «Мог бы і папярэдзіць, — зразумеў я прычыну нязвыклай цішыні і, усміхнуўшыся вучням, матнуў галавой: — Добры дзень, дзеці. Сядайце».
Урок пачаўся.
— Сёння пагаворым пра Кулікоўскую бітву. Пастараемся быць аб’ектыўнымі. Спынімся на левым беразе Дона, насупраць прытока Няпрадвы…
Хутка я так захапіўся, што забыўся пра ўсё на свеце. Я быў там, у мінулым, на полі Куліковым. Я ўвачавідкі назіраў за ходам крывавай бітвы і разам з Цімохам адбіваў шалёныя атакі закаваных у стальную браню тэўтонскіх рыцараў ды французскіх тампліераў…
Вялікая стрэлка гадзінніка адлічвала хвіліны ўрока. Дзеці сядзелі і слухалі, бы зачараваныя. Дырэктар таксама ўважліва слухаў і толькі час ад часу рабіў нейкія запісы ў сваім нататніку...