На старонках гэтай кнігі чытач знойдзе містыку і дэтэктыў, фантастычныя і груба рэалістычныя сюжэты, гісторыю і сучаснасць, авантуру і строга навуковы дослед, але больш за ўсё — дух загадкі: дух загадкі чалавечага існавання, якую, здаецца, яшчэ адна секунда, яшчэ вось-вось — і ўжо дакладна разгадаеш!
Разам з тым аўтар імкнуўся адкрыць прынцып, праз які агучанае слова ператвараецца ў тую канкрэтную рэч, якую яно азначае, — перадаўшы гэтае ўменне любому. Можа, хтосьці, падхапіўшы такую спаконвечную ідэю, ступіць далей і сапраўды зробіць гэта, з’явіўшыся між намі як Дэміург. Але ўжо цяпер можна абяцаць: чытаючы «Кнігу зданяў», кожны пачне набываць здольнасць бачыць больш, чым можна ўбачыць звычайным зрокам, спасцігаючы мажлівы спосаб утварэння Небывалага. Як і героі кнігі…
Навелы «Здані Аіда…», «In-der-Welt-Sein…», «Гісторыя» і «Маналог» у 1993 годзе — першым годзе існавання часопіса «Першацвет» — былі адзначаныя Прэміяй Перспектывы імя У. Клімовіча, апавяданне «Відарыс цела заначнога змроку» — першай прэміяй на рэспубліканскім творчым конкурсе маладых літаратараў, абвешчаным Міністэрствам інфармацыі, за найлепшы твор у галіне мастацкай прозы, надрукаваны на старонках перыядычных выданняў Беларусі ў 2000 годзе.
Андрэй Гуцаў — пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Галавінцы Гомельскага раёна. Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, затым — у Латвійскім універсітэце. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адчужэнне», «Шалёная ноч». Перакладае з латышскай мовы.
Здані Аіда і Прывід НяіснагаГлазам троих,
Стоящих на пороге Адских Врат,
Предстали тайны пропасти седой:
Безвидный, необъятный океан
Тьмы самобытной, где пространства нет,
Ни ширины, длины и высоты,
Ни времени…
Дж. Мільтан. Страчаны Рай. Кн.2
1.
“...Ім здавалася, што яны прабылі там адзін год, а прайшло ўжо дужа шмат часу”.
2.
Месяц, у поўнай яго фазе, бязгучна вісеў над лугам. Жоўты, круглы і агромністы, ён быццам бы крычаў сваім святлом. Высока-высока.
Халады. Познавераснёўскі вецер прыглушана-жудасна скрыгатаў голлем і злавесна заходзіўся ад нейкай сваёй прадбачлівай мудрасці. Прадчувалася лютае бяздонне восені... Ноч. Холад. Дробна дрыжаць ліхтары.
А ўверсе, адбіваючы ўсю глыбіню неба, плылі і плылі патрапаныя тонкія хмаркі, і Месяц, жахліва далёкі на іх фоне, так ясна, як ніколі, вісеў таямнічым знакам над лугам, над хатамі.
3.
Гуд і вібрацыя... Ды звыш таго — чорны ненасытны конус спераду, чорны конус ззаду, падзеленыя колам зор. Эфект Доплера.
— Нам ужо ніколі не адшукаць Зямлю!.. — паўза. — Гэтая д’ябальская цемра праглынула яе паўтара мільёна гадоў назад і пракляццем ляжыць на нас. За ўвесь гэты нязмераны час мы ні разу не наблізіліся да якога-небудзь падабенства Зямлі; нам наканавана матацца з краю ў край гэтага жахлівага акіяну без прыстанішча. Матацца, не маючы шчасця памерці!
...У адказ адчулася маўклівая няпэўная іронія і цьмяная асацыяцыя з Лятучым галандцам.
Ціш. Толькі гуд і вібрацыя.
4.
“Туга па радзіме ахапіла аднаго з іх, Нехтана, сына Кальбрана. Яго родзічы сталі прасіць Брана, каб ён вярнуўся з імі назад, у Ірландыю. Жанчына сказала ім, што яны пашкадуюць аб гэтым. Яны ўсё-такі сабраліся ў шлях дадому. Тады яна сказала, каб сцерагліся датыкнуцца новай зямля”.
5.
Найчасцей... адыходзяць уночы...
І зараз — ноч. Сон... Але я — адчуваю. І месячнае святло, невыразна яркае, адбіткам акна ляжыць на падлозе і — я бачу — напаўасвятляе хату.
Недзе ў гэтай прасторы, адрынуўшы пачуццёвасць і сумненні, б’е дакладны час яшчэ дзедаўскі гадзіннік, і — я чую — ён проста тахкае.
...Далёка за вёскай, разразаючы сваім гудком месячную ціш, прашумеў-прагрукатаў начны цягнік...
І быў... нейкі Лёс.
6.
Прыборы паказвалі толькі абсалютныя значэнні, і нястомны маятнік застываў у любым становішчы... А чорны, непатрэбны Экран адбываў толькі людскія думкі.
Невядомасць. Ззаду і спераду.
7.
“Яны плылі, пакуль не дасягнулі паселішча па імені Мыс Брана. Людзі спыталі іх, хто яны, невядомыя, што прыехалі з мора. Адказваў Бран:
— Я Бран, сын Фебала”.
8.
Стрэлка гадзінніка пасоўваецца незаўважна. Але толькі паспрабуеш адвярнуцца — і яна скокне. Хвілін на пяць уперад.
Штосьці адбывалася...
Месяц свяціў — і гас. Гадзіннік ішоў — і заціхаў. Святло ператваралася ў холад. Пах усяго, што было ў хаце, паступова прытупляўся.
І ўсё... як бы меншала...
9.
“І тады сказалі яму людзі:
— Мы не ведаем такога чалавека. Але ў нашых старажытных легендах апавядаецца пра Плаванне Брана...
Нехтан саскочыў з ладдзі на бераг і ледзь крануў яго, як імгненна ператварыўся ў кучу зямнога пылу, як быццам бы ягонае цела праляжала ў ёй шмат соцень гадоў”.
10.
Усё рабілася настойліва і незваротна... І вось замест вокнаў толькі дзве светлыя плямы перад вачыма. Дый ці вокны гэта былі?.. Запанавала ціш.
У гэтым незразумелым, паступовым стоўпішчы, якому я шукаў назву, з-пад мяне нешта павольна знікала, нібыта закон сусветнага прыцягнення адкрываў сваю часовасць і смяротнасць...
Прастора і ўсё — дзе?..
11.
Маўчанне. Вібрацыя і гуд...
Беспрытулле...
І здаецца, што гэта ўжо было. Было, згубіла іх, потым зноў знайшло. Згубіла — і знайшло... На міг — вяртанне ў забыццё, на міг — вяртанне ў яву. І свядомасць зліваецца з прасторай...
Што яно?
12.
І тады, калі я ўжо забыўся, дзе я быў, і яшчэ не ведаў, дзе я буду і якая прастора напаўняе маё атачэнне, я паспеў здагадацца, што гэта...
памірае свет...
______________
13.
Чырвоная, распаленая паверхня планеты патыхае жарам. Мільярды гадоў не сціхаючы. Цемень. Але паверхня і скрозь яе свеціцца да небакраю.
Чорнае неба. Буйныя зоркі.
Таемна і трагічна, пакідаючы вогненны след, пераляцела з канца ў канец невядомае, чужое планеце цела.
— Што там?!Не мае значэння...
***
Эпізоды 1, 4, 7, 9 — урыўкі са старажытнаірландскае сагі “Плаванне Брана, сына Фебала” ў адвольным перакладзе.