Раман «Валошкі на мяжы» прысвечаны жыццю Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе ва ўмовах польскага санацыйнага рэжыму. Тэма не новая, калі ўспомніць творы М. Танка, П. Пестрака, Я. Брыля, А. Бутэвіча і іншых, але аўтар «Валошак на мяжы» знаходзіць новыя падыходы, меру праўдзівасці і рэалізму ў паказе сваіх герояў, іх жыцця, імкненняў, ахопе псіхалогіі (і біялогіі!) чалавека і тых абставінаў, у якіх ён знаходзіцца. Раман выразна адлюстроўвае асабістасці менталітэту, нацыянальнай свядомасці беларускага народа, тое, што фарміравалася на працягу многіх гадоў сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчам гэтага краю.
Уладзімір Гніламёдаў — літаратуразнавец, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1937 годзе. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута (1959). Працаваў завучам Тамашоўскага дзіцячага дома, настаўнікам Камароўскай сярэдняй школы Берасцейскага раёна. У 1965 скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і быў залічаны навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. У 1969—1976 гг. працаваў у апараце ЦК КП Беларусі інструктарам, затым загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. З 1976 г. — намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1977 г. — адначасова загадчык аддзела тэорыі літаратуры. Член СП СССР з 1972 г. З 1998 г. дырэктар, з 2006 г. — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. З 2008 г. — галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры Я. Коласа. Цяпер працуе галоўным рэдактарам выдавецтва «Галіяфы».
У друку выступае з 1962 г. Выдаў брашуры «Лірычны летапіс часу» (1967), «Ленін у сэрцы» (1968), «Сучасная беларуская паэзія» (1969), «Пафас жыццесцвярджэння: Вобраз чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985). Аўтар манаграфій «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Упоравень з часам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001), «Я. Купала. Жыццё і творчасць» (2002). Адзін з аўтараў кнігі «У. І. Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (з С. Лаўшуком, Л. Савік, 1987).
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (1996), прэміі НАН Беларусі (2006), узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2009 г.) і шматлікімі медалямі
Валошкі на мяжы. УрывакЧастка пятая
І
1939 год пачаўся як быццам звычайна, але ўсе чагосьці чакалі, нібы прадчуваючы, што нешта павінна адбыцца. Чакалі нейкай падзеі. На дарогах Еўропы пастаянна чуўся цяжкі тупат войск вермахта. Немцы акупіравалі Чэхаславакію, якая ператварылася ў германскі пратэктарат (сакавік 1939). Польшча не надта ведала, як на ўсё гэта рэагаваць, бо непакоілі і захад, і ўсход. Усё большыя тэмпы набывала мілітарызацыя ў СССР. Чырвоная Армія здолела нанесці паражэнне японскім войскам ля возера Хасан у Прыморскім краі, бальшавікі не пераставалі гаварыць пра сусветную рэвалюцыю.
Вясной адбылося грандыёзнае паляванне ў Белавежскай пушчы — з удзелам прэзідэнта Ігнація Масціцкага і вышэйшага бамонду Варшавы. Упалявалі шмат дзікоў, ласёў і, вядома, ваўкоў. Узнімалі дух, і патрэба ў гэтым, трэба сказаць, была. Каб злучыць Германію з Прусіяй, Гітлер патрабаваў ад Польшчы Данцыгскі калідор. Польшча, вядома, не хацела аддаваць сваю тэрыторыю і пачала рыхтавацца да вайны. У сакавіку 1939 года была абвешчана першая мабілізацыя, а 6 красавіка Польшча і Вялікабрытанія заключылі тымчасовы двухбаковы пакт аб узаемнай дапамозе супраць агрэсіі. Гітлер адрэагаваў на гэты пакт дэнансацыяй польска-нямецкага пакта аб ненападзенні ад 26 студзеня 1934 года. Аднак нават і цяпер польскі ўрад 11 мая 1939 года адмовіўся заключыць пакт аб узаемадапамозе з Савецкім Саюзам.
Першым пра ўсё гэта ў Прусцы даведваўся лавачнік Шпронька, бо ён меў радыёпрыёмнік. Набыць гэту рэч было яго даўняй марай. Паміж хатай і клуняй, праз вуліцу, павесіў дрот — антэну. І слухаў, прагна ловячы навіны. З Масквы часцей за ўсё перадавалі «пра калхозы», шмат спявалі. Перашкаджала глушылка — палякі паставілі яе нядаўна ў Баранавічах. Вядома, Варшаву можна было слухаць без перашкод. Навіны і паведамленні палохалі сваёй стракатасцю, а яшчэ больш нечаканасцю. Здзейсніўшы «аншлюс» Аўстрыі, захапіўшы Чэхаславакію, Германія, авалодаўшы вольным Гданьскам, пачала адкрыта замахвацца на польскае ўзмор’е з горадам Гдыняй. Пра пачутае лавачнік расказваў сваім кліентам:
— Радыё перадавала, што Сталін гарэлку п’е за здароўе Гітлера! Ідуць перамовы Масквы з Берлінам.
Наведвальнікі чухалі патыліцы, абмяркоўвалі пачутае, губляліся ў здагадках.
— Молатаў туды паехаў, пра нешта дамаўляюцца... — Шпронька засмяяўся, пакруціў галавой: — А палякі прыпеўку прыдумалі:
Bratal sie z czerwona szmata,
A my sobie gwizdzem na to!
Весткі аднак — хоць і пагрозлівыя — успрымаліся ў цэлым як не свае, а нейкія чужыя і далёкія. Але абмяркоўваліся, нават выклікалі спрэчкі. З такіх абмеркаванняў Лявон вяртаўся дахаты разгубленым, думаў: «Колькі сябе помню — так было. Ужо, здаецца, на ногі становішся, акрыяў, і раптам нешта такое грамыхне, што ты ўжо не ты, а іншае нешта...»
Баяўся пераменаў у горшы бок. Адзіным, хто абсалютна не звяртаў увагі на ход падзей і ставіўся да ўсяго з зайздросным раўнадушшам, быў Трахім. Час нібы не кранаў гэтага чалавека: Трахім не сівеў, не слеп, не гарбаціўся, як іншыя людзі з узростам, выглядаў бадзёрым і дужым.
— Гарэлку п’ю з маленства і спыняцца не думаю, — нахабна паўтараў ён, — курыў і куру. У царкву не хадзіў і не пайду. І як мужчына ганьбы не дам!
— Ты ж ва ўзросце, каб з ночы ў ноч шалець! — папракала яго жонка, але Трахіму ўсё было ні па чым, і яго нават як бы не заўважалі. Тым больш што ён часта кудысьці ездзіў і ў вёсцы адсутнічаў.
А жыццё ішло сваім ходам.
На Тройцу, як звычайна, у Прусцы фэст. Пасля святочнага набажэнства Якаў Арыстархавіч запрасіў бацюшку айца Клаўдзія, дзяка Лаўра Яўсеевіча і хор да сябе ў Альбэрцін. Харысты згадзіліся з прыемнасцю, палічыўшы такое запрашэнне за гонар. Лаўр Яўсеевіч нават прыхапіў з сабой гітару, якую ён купіў у Цішкі Пахолка. Тую самую — канадскую. Цішка прывёз яе з Канады, але іграць толкам так і не навучыўся. На запросіны да Пацаў трапіў і Лявон.
Пачатак лета. Надвор’е цудоўнае. Шчодра свеціць і грэе сонца. Дарога да Альбэрціна — адна прыемнасць. У небе заліваюцца жаўрукі. У твар б’е тугая хваля цёплага паветра, якое пахла лазой, надрэчнымі травамі і свежасцю. Чэрвень — месяц квітнення. Зацвіло лугавое разнатраўе ў пойме Лосьны. Раскашаваў барвінец — сінія, падобныя на званочкі, кветкі, узнімаючыся над цёмна-зялёным лісцем. Над прыбярэжнымі чаратамі і кустамі лазы гойсалі, радаваліся жыццю блакітнакрылыя матылі. Усё навокал, здавалася, прагнула апладнення, бадзёрыла і выклікала радасную думку: «Якія ўсё ж такі дабрэнныя гэтыя першыя чэрвеньскія дні!»
Ішлі берагам Лосьны (айцец Клаўдзій паперадзе ў святочнай, ліловага колеру, расе і, як апостал, з посахам), перайшлі хісткую кладку і спыніліся на тым беразе, дзе на ўзгорку, побач з Пацавай хатай, стаяў каменны крыж з надпісам, высечаным на высокім цокалі:
Господи заступи и
спаси насъ и наши
земли отъ града и
всех напастей
Пацъ, 1918
Фальварак нагадваў біблейскі эдэм. Буяла зеляніна дрэў. Тонкімі ручаёчкамі слаўся пах ружаў, што раслі ля самай хаты Якава Арыстархавіча. Падавалі галасы птушкі, але рэдка: з’явіліся птушаняты і патрабавалі да сябе ўвагі і клопату. Чутно было, як у садзе, сярод чырванаватых ужо чарэшняў, гулі пчолы. Некаторыя заляталі на панадворак і палохалі нясмелых харыстаў. А паветра! Цёплае, чыстае, духмянае!..
Госці прыселі на доўгай лаўцы ля плота, але гаспадар запрасіў у хату. Вядома, перш чым пачынаць спяваць, трэба паабедаць, падсілкавацца. Іх ужо чакаў накрыты стол. І ўсё — смачнае: смажаная рыба з Лосьны, трыбуха з хрэнам, звараныя ўкрутую яйкі, сала, масла. Водарам ядлоўцу казытала ноздры ружаватая вяндліна, нарэзаная са свінячых кумпякоў. Побач ляжаў загорнуты ў абрус хлеб. «Багатыя. Усё ў іх ёсць. Хіба толькі аднаго птушынага малака не хапае», — падумала Гэлька Відэрка, аглядаючы стол.
У хаце пахла рачным аерам, які быў раскіданы па падлозе, па кутках і сценах развешаны кляновыя і бярозавыя галінкі. Перад тым, як сесці за стол, напаўшэптам памаліліся. Айцец Клаўдзій блаславіў стол.
— Ну, што Бог даў! — Якаў Арыстархавіч узяў кілішак, наліў самагонкі, паставіў перад святаром. — Прашу, айцец Клаўдзій!
— Многа наліў, сын мой, аднак з Божай дапамогай, можа, і вып’ю. — Бацюшка выпіў, перахрысціўся, абцёр вусы і прыцэліўся, каб чым закусіць.
Нарэшце, ткнуў відэльцам у кавалак смажанай рыбы. Добра было вядома, што айцец Клаўдзій любіў, мякка кажучы, заглядаць у чарку і не рэдка ішоў нават насуперак сваім магчымасцям. Чэрці ў гэтым сэнсе часам любілі пажартаваць над айцом Клаўдзіем: ускудлацяць бараду, закінуць крыж за спіну, а часам, здаралася, да таго заказычуць, што чалавеку нічога не застаецца, як сесці на зямлю, прыткнуўшыся да нейкага дрэва, і недаўменна глядзець на свет. Дзяк у такіх выпадках лічыў за лепшае дыстанцыявацца ад свайго старэйшага калегі і як бы паставіць таго ў смешнаватае становішча. Але пачыналі разам. Лаўр Яўсеевіч урачыста падняў кілішак, сказаў: «Будзьма!» — і таксама лоўка выпіў, стукнуў пустой пасудзінай аб стол.
— Пяршак, настоены на выспелай шыпшыне, — патлумачыў Амброжый.
Выпілі таксама і астатнія — кілішак хутка абабег круг. Застукалі лыжкі і відэльцы. Ляксандар Гальяш узяў кавалак хлеба і пачаў намазваць яго маслам.
— Ты яго яшчэ кавалкам шынкі прывалі! — параіў гасцінны Амброжый.
— Гэта, можа, ужо і занадта, — азваўся Барыс Пралеска, — масла ды яшчэ шынка.
Выпілі па другой і па трэцяй, добра закусваючы. Гаспадары апекаваліся гасцямі. Спадабаліся пірагі з тварагом і сотавым мёдам. Госці не маўчалі, хвалілі гаспадыню. Хвядося ад задавальнення ажно паружавела.
Падмацаваўшыся і падняўшы настрой, усе выйшлі з хаты на паветра. Айцец Клаўдзій, упацеўшы, сеў на лавачку і задрамаў, задраўшы ўверх галаву. Харысты асобнай купкай пасталі на ганку, чакаючы дырыжора.
Пачалі з царкоўных спеваў, з Бартнянскага — «Кто взыдет на гору господню!» Дырыжор ударыў камертонам аб пазногаць і паднёс інструмент да вуха.
— Ля-до-мі-і! — напомніў танальнасць, нахіляючыся то да аднаго, то да другога харыста.
— Соль-сі-рэ-э!
Спявалі быццам асцярожна, як у царкве, рот асабліва не раскрывалі — каб не перабраць гуку. Кожны вёў сваю партыю, стройна і выразна гучалі падгалоскі. Нават Оргій Ламака ашчадна ўжываў свой бас.
Потым пеўчыя зацягнулі «Многія леты». Ізноў выйшла вельмі ўдала. Ніхто, здаецца, не выбіваўся з агульнага харавога малюнка. Лаўр Яўсеевіч за гэтым сачыў уважліва. Калі што — гразіў пальцам і нават кулаком. Ад спявання паціху дрыжэлі смалістыя сцены Пацавай хаты.
— Як арган! — пахваліў Якаў Арыстархавіч.
— Васхіціцельна! Васхіціцельна! — прачнуўся айцец Клаўдзій і падаў голас.
— Прабачце, што няма, хоба на яго, піяніны, — апраўдваўся гаспадар, — усё неяк не атрымліваецца набыць, але куплю абавязкова! Тады зайграем, як трэба.
Потым, па запрашэнні гаспадароў, зноў селі за стол і яшчэ раз выпілі па чарцы. Вось тут Лаўру Яўсеевічу і спатрэбілася гітара. Ён выцер сурвэткай вусны, падняўся з-за стала і ўзяў у рукі інструмент. Гітара нібы ўзрадавалася гэтаму, бліснула густым барвовым лакам і ажыла ўсёй сваёй ладнай жаночай постаццю. Ажыла і загаманіла, спачатку ціхенька, потым мацней, больш упэўнена і гучна.
Бабуся, бабуся,
Бабуся рідненька-а... —
заспяваў гітарыст. Усе прыціхлі, слухаючы песню. Лаўр Яўсеевіч набраў у лёгкія паветра і заспяваў грамчэй. Песня ішла з грудзей, з самых глыбінь.
Матуля, матуля,
На што ўзгадавала?
А якой пацехі
З мяне дачакала?..
Спяваў бы, спяваў бы,
Дык не маю ноты,
Танцаваць пайшоў бы —
Парваныя боты.
Песня кранула ўсіх, нікога не пакінула абыякавым, а Якаў Арыстархавіч ажно пахітаў галавой. Адзін толькі айцец Клаўдзій застаўся раўнадушны, бо зноў задрамаў, прыняўшы чарку. Але Лаўр Яўсеевіч яшчэ не скончыў. Гітара раптам нібы зарыдала ў яго руках:
Гора ж маё, гора —
Не развесялюся,
А я з таго гора-а
Пайду ўтаплюся-а...
Песня спадабалася, некаторыя нават запляскалі ў далоні.
— Ну, браце, да сэрца дастаў! — як бы паскардзіўся Амброжый, якога, усе ведалі, не надта проста было расчуліць. Да спеваў ён быў абыякавы.
— А такую песню чулі? — Лаўр Яўсеевіч зноў прыпаў да гітары і ўдарыў па струнах так моцна, што, здавалася, хацеў парваць іх усе і адразу.
Беларускае войска спявае,
У крывавы рыхтуецца бой.
А дзяўчына жаўнера пытае,
Чаму ўзяць ён не хоча з сабой.
Цяпер голас спевака гучаў больш бадзёра, нават рэзка, у ім адчувалася высакародная ахвярнасць жаўнерскай долі.
— Добрая песня! — зноў пахваліў Якаў Арыстархавіч. — Толькі, хоба на яго, дзе тое войска? Калісь, гадоў дваццаць назад, немцы пасобілі, але... Нічога з той беларускай рэспублікі не атрымалася.
Пачатую размову аднак ніхто не падтрымаў, бо ці не было дасведчаных у гэтым пытанні, ці перашкодзіў Мірык, які якраз на той момант адчыняў веснічкі і з жоўтай валізкай у руцэ кіраваўся да грамады.
— Ну, як жыццё? — спытаў ён, падышоўшы бліжэй і прыўзняўшы над галавой капялюш.
— Жывём, не наракаем, — адказаў бацька Якаў Арыстархавіч.
— А ў Берасці гімназію зачынілі!
— Рускую? — здзівіўся Лаўр Яўсеевіч.
— Рускую.
— Ужо зусім хочуць спольшчыць, — абурана загаманіў Якаў Арыстархавіч. — Што ж гэта, хоба на яго, робіцца?
— Гэта ўжо не ў якія вароты не лезе, — падтрымаў брата Амброжый.
— Вот і ў цэркві паставілі ў абавязак пропаведзь казаць па-польску, — паскардзіўся айцец Клаўдзій. — Аднака нічога не зробіш. Аснова наша — законапаслушаніе.
Мірык яшчэ пра нешта расказваў, але пара было развітвацца. Набліжаўся вечар, і госці паступова пачалі разыходзіцца, выпіўшы развітальную чарку....