“Гісторыі ў прыцемках”
Мінск: “Кнігазбор”
Пра кнігу:
Творы Змітра Дзядзенкі, якія ўвайшлі ў кнігу “Гісторыі ў прыцемках”, вызначаюцца цікавасцю да таямнічага і неспазнанага, а таксама вострасюжэтнасцю. Героі твораў спрабуюць разгадаць загадкі, паходжанне якіх губляецца ў прыцемках гісторыі. Гэта характэрна як для містычнага апавядання “Яйкі птушкі Рух”, так і для дэтэктыўных аповесцяў “Голем з Малой Мар’ямпольскай” і “Вуаерыст”.
Пра аўтара:
Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Воршы.
З вокнаў радзільні зазіраў цераз плот на двор хаты Уладзіміра Караткевіча, якая стаіць побач, і спрабаваў падгледзець “творчую кухню” славутага пісьменніка-земляка.
У 1994 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля навучання паспеў папрацаваць, сярод іншага, рэдактарам на БТ і журналістам у “Нашай Ніве”.
Друкаваўся ў часопісах "Полымя", "Першацвет", "Паміж", "Спадчына". Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка "Аршанская шляхта", зборніка інтэрв'ю "Беларусь: Ні Еўропа, ні Расія", адзін з суаўтараў кнігі "Наша страва".
Яйкі птушкі Рух
(урывак)
Я не скульптар, я мастацтвазнаўца. Дакладней, займаюся гісторыяй мастацтва. У тым сэнсе, што я хутчэй архіўны чарвяк. Мой занятак — не стварэнне карцін і скульптураў, а словы і вобразы, якія нанізваюцца на гэтую рукатворную аснову. Калі параўнаць мастака з чарупінай, якая дорыць нам перліну, то я — дыядэма, у якую гэтая перліна ўстаўляецца. Разумею, нясціпла, але…
У маёй працы, падрабязнасцяў якой я зараз расказваць не буду, каб не нагаворваць лішняга… дык вось, у маёй працы ёсць свая спецыфіка — я працую са старымі дакументамі. Не часоў вайны — старэйшымі. І не царскімі — маім дакументам па 300–400 гадоў. Я ж кажу — архіўны чарвяк, спажывальнік зжаўцелых шаматкіх паперак… Так-так, не пераключаюся.
Неяк, корпаючыся ў гэтых старых дакументах і разбіраючы мудрагелістыя завітушкі старадаўняга пісара, я сустрэў нечаканы запіс. Ён апісваў падарункі, якія павезла з сабой вялікакняскае пасольства да двара французскага караля. У тым пераліку былі футры медзвядзёвыя, мёд гарцамі, а таксама ўсялякія цікавосткі — напрыклад, бурштынавы бранзалет, на якім былі выразаныя карціны з гісторыі Францыі. У ліку тых цікавостак згадваецца “яек птушкі Рух пара”.
Калі я пабачыў гэта, дык не даў веры сваім вачам. Яйкі птушкі Рух — гэта ж нешта казачнае! Гэта Сіндбад-мараплаўца і “Казкі тысячы і адной ночы”. Як? Як у нашыя шыроты маглі трапіць яйкі птушкі Рух? І ці тая самая гэта птушка, пра якую мы чыталі ў дзіцячых казках? А можа, проста нядбайнасць перапісчыка? Хто зараз разбярэ праз 400 гадоў…
Але з таго часу "яйкі птушкі Рух" не давалі мне спакою — я стаў шукаць згадкі пра іх у апісаннях іншых пасольстваў. Я гартаў таўшчэзныя тамы і чхаў ад векавога пылу. Пад маімі пальцамі праплывалі чужыя лёсы, чые гаспадары даўно ўжо спрахлі ў сваіх магілах. Яны звярталіся да мяне з нябыту, ажываючы на кароткія імгненні, калі я чытаў іх словы, занатаваныя спрытным судовым пісарам. І той шляхціч Гізыцкі, які скардзіўся, што на яго жыццё двойчы рабілі замах хцівыя суседзі, ды паказваў судовым чынам сляды ад куляў у сценах свайго дома. І той мешчанін Капыцька, які даносіў на свайго суседа, што яшчэ 10 гадоў таму, калі быў пажар у Траецкім манастыры, скраў пры пажары з царквы пацір срэбраны... Вось чаму ён дзесяць гадоў маўчаў?!
Але я мала зважаў на гэтыя гісторыі — я шукаў згадкі пра яйкі птушкі Рух. Пару разоў я пабачыў іх зноў — і зноў у пераліку падарункаў. На гэты раз атрымальнікамі запаветных яек мусілі стаць Папа Рымскі Урбан VІІІ ды імператар Святарнай Рымскай імперыі. У пасольстве да Папы іх была зноў жа пара, а імператару дасталося адно. Але і гэтым адным яйкам, паведамлялі Вялікаму князю паслы, імператар застаўся дужа задаволены.
Выглядала на тое, што яйкі птушкі Рух былі асаблівым дарункам, які давалі нават не ў кожнае пасольства. Але гэтае разуменне не праясняла для мяне таямніцы тых яек — ані іхнага паходжання, ані мэтаў, з якімі іх вазілі ў далёкія краіны.
Не, вядома ж, я разумеў, што яйкі маглі быць проста дзівацкімі штучкамі, якімі ўсцешваліся тагачасныя людзі. З гэткай самай дзіцячай непасрэднасцю збіраў пазней разнастайныя звыродствы ў сваю куншт-камеру расійскі імператар Пётр Вялікі. Гэта яшчэ і ў ХІХ стагоддзі не было чымсьці выключным: людзі стаялі бліжэй да прыроды, таму ўсялякія звыродствы і дзівацтвы лічылі цікавымі для сузірання. Адступленне ад нормы было нечым незвычайным, а не альтэрнатыўным развіццём, як прынята казаць цяпер…
Вой, пардон! Я зноў збіўся… Вяртаемся да яек, якія так зацікавілі некалі мяне, а цяпер настолькі цікавяць маіх невядомых пераследнікаў, што яны нават не паленаваліся наняць вышыбалу звестак з маёй галавы.
Адкрыццё напаткала мяне нечакана, як тая табліца, якую прысніў нецвярозы расійскі хімік. Як цяпер памятаю, я праглядаў альбом “Замкі Францыі”. Погляд з вышыні птушынага палёту — стваральнікі ніколі не бачылі гэтыя замкі такімі! Побач — фотаздымкі асобных пакояў, асобных элементаў дэкору: нізкія столі пакояў суседзілі на старонках з высознымі сценамі парадных залаў, статуі рыцараў (неад’емны атрыбут калідораў у такіх замках!) перамяжаліся з габеленамі, чые фарбы былі ці не старэйшымі за тых самых рыцараў, партрэты ўладальнікаў чаргаваліся з барэльефнымі сцэнамі палявання ці бітвы… І нечакана я пабачыў выяву барэльефа, ад якога ў мяне проста заняло дыханне.
Гэта быў вядомы антычны сюжэт на тэму спароўвання Леды і Зеўса, які прыняў аблічча лебедзя. Сюжэт, вядома, не для дзяцей, што называецца, але старажытныя эліны непрыстойнасцяў у такіх адносінах не бачылі — яны ўсё ўспрымалі як абсалютна нармалёвую, прыродную з’яву. Гэтак жа прырода выяўляецца сама па сабе, па-за межамі нашага этычнага ўспрымання ў фільме “Легенда пра Нараяму” — бачылі?..
Так-так, я не адхіляюся, я працягваю. Барэльеф, пабачаны мной, належаў, вядома ж, ужо не антычнасці, а Рэнесансу — тады творцы толькі вярталіся да адкрыцця прыгажосці чалавечага цела!.. На барэльефе было некалькі сцэнаў. Там было спароўванне Леды і Лебедзя, потым было яйка, якое з’явілася ў выніку гэтага саюзу, а фінальная сцэна паказвала нараджэнне з яйка Алены Прыўкраснай — той самай, якая стала прычынай Траянскай вайны. І мармуровая статуя Алены вянчала фінал гэтага барэльефа — яна нібыта нараджалася не толькі з яйка, але і з папярэдняга барэльефа! Гэта была задума неверагодна прыгожая, дый увасабленне не горшае.
Але яйка! Яно найперш прывабіла маю ўвагу. Я даведаўся, што імя скульптара невядомае, а мясцовая легенда кажа, быццам бы скульптара, які стварыў гэтую прыгажосць, і не было зусім. Паводле легенды, мясцовы барон прывёз з крыжовага паходу з далёкіх усходніх земляў не толькі золата, але і яйка птушкі Рух! І з дапамогай свайго прыдворнага алхіміка ён стварыў з гэтага яйка скульптуру Алены Прыўкраснай. Легенда нахвальвала здольнасці алхіміка, які здолеў вывесці з яйка такі цуд, і проціпастаўляла яго няздарам, што з яек птушкі Рух панастваралі адно гаргульяў ды іншых пачвараў, якіх можна бачыць не толькі на Саборы Парыжскай Божай Маці, але і на мностве іншых сабораў ды замкаў.
Маё ўзрушэнне было настолькі моцным, што я проста не мог уседзець на месцы — я пайшоў бадзяцца па горадзе. Перада мной адкрыўся цуд! Я фактычна быў у нечым уладальнікам легенды, і адзін я ва ўсім свеце ведаў, што легенда існавала насамрэч. А магчыма… Магчыма, яна існуе і дагэтуль!
Толькі позна ўвечары, вяртаючыся дадому, я заўважыў, што ў той зусім не спякотны кастрычніцкі дзень я сышоў з дому ў пінжаку і хатніх тапачках. Падазраю, што сустрэчныя на мяне касавурыліся, але прынамсі нікога са знаёмых я не напаткаў.
Цяпер мяне больш не цікавіла, у якія краіны пасольствы вывозілі яйкі птушкі Рух. Іншае сталася маёй ідэяй фікс — цяпер мне карцела знайсці самое яйка. Як апантаны, я перагортваў старонкі манускрыптаў і тоўстыя старонкі судовых кніг — у гэтым папяровым моры я шукаў сваю перліну, адгадку сваёй таямніцы. Адкуль браліся яйкі таямнічай птушкі?
Калі іх вывозілі раз-пораз, значыць, аднекуль іх бралі! Адкуль? Ці жылі ў нас птушкі Рух? Альбо недзе захавалася цэлае радовішча тых яек? Калі яны захаваліся з нейкіх дагістарычных часінаў, то, магчыма, гэтым і тлумачыцца тая акалічнасць, што з яек з’яўляліся каменныя статуі? Безліч пытанняў апанавала мяне, і я не мог даць адказы на іх...