”Інфанта і аднарог”
Вільня: “Логвінаў”
Пра кнігу:
У адной са школаў, здавалася б, тыповага беларускага горада пачатку ХХІ ст. пяты год працуе малады настаўнік і літаратар Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі. За пару дзён да новага навучальнага года яго раптоўна прызначаюць класным кіраўніком у зусім няпросты выпускны клас. Настаўнік з неахвотай бярэцца за гэтую справу, паралельна адзначаючы цікавасць да сваёй асобы як з боку каляжанак ды старшакласніц, так і з боку загадкавай КНАКС — Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны, супрацоўнік якой папярэджвае яго пра верагоднасць сутыкнення са з’явамі звышнатуральнага парадку.
Навучальны год робіцца для Баластоўскага сапраўдным выпрабаваннем, у якім вычварна пераплятаюцца педагагічныя нягоды, несупадзенні каханняў і нават цэлыя сусветы, куды фантастычным чынам рэгулярна “засмоктвае” настаўніка.
Што страшней — настаўніцкая руціна ці ноч пры калінавым мосце? Што больш складана — выхоўваць праблемных выпускнікоў ці змагацца за каханне пад свінцовым дажджом Сталінграда? Ці здолее галоўны герой развязаць клубок праблем, каб знайсці галоўнае — разуменне і ўзаемнасць пачуцця? Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць, прачытаўшы новы раман Сяргея Балахонава “Інфанта і аднарог”.
Пра аўтара:
Сяргей Балахонаў (нар. 24.04.1977 г, в. Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці) — пісьменнік, музыка, перакладчык песеннае лірыкі. Паводле адукацыі — гісторык. Скончыў ГДУ імя Ф. Скарыны (1999). Выкладае ў школе. Аўтар кніг прозы “Імя грушы” (2005, “Логвінаў”) і “Зямля пад крыламі Фенікса” (2012, “Логвінаў”, шорт-ліст прэміі Гедройца 2013 года). Стваральнік шэрагу альбомаў электроннае музыкі пераважна ў стылі эмбіент, а таксама меладэкламацый уласных вершаў і вершаў іншых беларускіх паэтаў розных эпох. Як перакладчык удзельнічаў у музычных праектах “Тузін. Перазагрузка” (2009) і “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2” (2011). Жыве і працуе ў Гомелі.
Кнігу "Інфанта і аднарог" можна прачытаць
тут.
Інфанта і аднарог
(фрагмент)
Да рэстарацыі “Арэса” я падышоў не адзін. Мяне нагналі каляжанкі, радасна вітаючыся, быццам ад мяне залежаў іх далейшы настрой на вечар. Я ўсміхнуўся — яны, прынамсі, не збіраліся чапляцца да мяне з рознымі бздурамі. Гардэробшчык з абліччам прасмаленага генерал-маёра падводна-касмічных войскаў Расійскай імперыі прыняў нашу верхнюю вопратку, пільна разглядаючы кожную маю каляжанку. Прысутнасць у іх шэрагах мужчынаў ён успрымаў як своеасаблівы феномен, спрабуючы выклікаць у мяне, Ярыка, Давыдавіча прыступ шчырасці: “Дык што ж? Раскажыце, як здаровы мужык можа працаваць у школе?” Я і Майсюк адно паціскалі плячыма і тупа ўсміхаліся. Іскаліеў параіў гардэробшчыку звярнуцца да нашага дырэктара і папярэдзіў, што будзе бяда, калі загадчык тутэйшых вешалак, пачне клеіцца да нашых каляжанак. “Стары воўк пазначыў сваю тэрыторыю”, — заўважыў мне Яраслаў. У такіх выбітных здольнасцях Дзяніса Давыдавіча я ніколі не сумняваўся.
У зале нас чакалі не толькі выстаўленыя ў выглядзе літары “Г” сталы, але і невялікая палоска сталоў, што месціліся крыху збоку.
— Што гэта такое? — удакладніў Руслан Альгердавіч у адміністратаркі.
— Гэта столікі для працаўнікоў “Чырвонай архідэі”. Бачыце, мы іх паставілі асобна ад вашых. Так што вам будзе зручна, — тлумачыла жанчына, разумеючы, што зараз на яе можа абрынуцца хваля гневу.
— Зручна? — з недаўменнем перапытаў наш дырэктар і зрабіў паўзу, максімальна напаўняючы яе трывогаю. — Мы ж з вамі дамаўляліся, што ў гэтай зале святкаваць будзе толькі наш педкалектыў. Пра суседзяў ніякай гаворкі не вялося…
— Але ж вы неаднойчы карэктавалі колькасць людзей, якія будуць тут з вамі. І кожны раз у бок змяншэння. А мы не можам несці страты з-за гэтага, — паспрабавала апраўдацца адміністратарка.
Руслан Альгердавіч пільна зірнуў на яе бэйдж, а потым сваім спраўным басам сказаў:
— Паслухайце, я знаёмы са школьным дырэктаратам усяго горада, на розных прадпрыемствах і фірмах таксама знаёмых дырэктараў хапае. І я абавязкова ўсім паведамляю, як вы спраўляецеся са сваёй работай. Пабачым, якія страты вы панесяце тады. Я так разумею, што зараз мы з гэтай “Чырвонай архідэяй” нічога зрабіць не зможам. Але ў якасці кампенсацыі за сённяшнюю недарэчнасць я патрабую, каб караоке для маіх настаўнікаў сёння было бясплатным. Інакш…
— Добра, добра. Я папярэджу адказных. Выбачайце, калі ласка, што так атрымалася, — замітусілася жанчына і праз хвілю знікла.
Іскаліеў пераглянуўся са мной і з Ярыкам і, як настаўленне прамовіў:
— Глядзіце, сынкі, як справы трэба рабіць. Нахрапіста, з адчуваннем сваёй перавагі, калі перавага мінімальная або ўвогуле адсутнічае.
— Ды ўжо ж глядзім і зважаем, — бадзёра адгукнуўся Майсюк. — Вось толькі Эрнесцік кіславаты нейкі.
— Нічога страшнага, — як дэльфійскі аракул вяшчаў Давыдавіч. — Зараз гарэлачкі лясне, бабенцыю за срачэнцыю ўшчыкне і адразу павесялее. І памятай, Эрнесце, я цябе сёння кантралюю. Ты абавязаны ператанчыць з усімі жанчынамі, што табе падабаюцца. Але выбраць павінен адну, з якой працягнеш святкаванне дома.
— У каго дома? — скептычна чмыхнуў я.
Іскаліеў пачаў быў нешта тлумачыць у адказ на маё чмыханне, але дырэктар заклікаў усіх займаць месцы за сталамі. Калегі ажывіліся і з жартачкамі-смешачкамі рушылі да сталоў. “У царкве лічаць святых, а ў карчме — гулякаў”, — даволі голасна прамовіў Міроненка, тлумачачы дамам, што так гавораць італьянцы. Дамы хіхікалі і баламутліва запэўнівалі, быццам думалі, што італьянцы гавораць толькі пра піцу і футбол. Я сачыў за агульным рушаннем, вырашыўшы наўмысна памарудзіць, каб заняць тое месца, якое мне застанецца. Келдышавай усё яшчэ не было, а выконваць яе просьбу мне не хацелася. Зрэшты, проста счакаць усеагульнай рассадкі мне не дазволілі. Андрамедава рашуча ўзяла мяне пад руку і павяла з сабою. У кожным іншым разе я проста вырваўся б з гэтых ланцугоў. Але позірк дырэктара мяне стрымліваў. Давялося сесці побач з той, што пацягнула мяне за сабою. Насупраць нас села Рыбанька. Можна было не гадаць, ува што гэта пагражала ператварыцца.
Келдышава ўвайшла ў залу, калі педкалектыў толькі-толькі напоўніў першы раз келіхі і чакаў тоста ад дырэктара. Яна вінавата ўсміхнулася і кіўнула ўсім на знак прывітання. Праходзячы міма мяне, Лія Навумаўна зусім па-сяброўску пахлопала мяне па плячы і нахілілася, каб вельмі злосна сказаць на вуха: “Дзякуй, што трымаеш мне месца”.
— Хопіць інтрыгаваць публіку, — голасна заўважыў на гэтае дзейства Дзяніс Давыдавіч.
— Дайце ж нарэшце кіраўніку сказаць тое, што ён хоча.
— Выбачайце, калі ласачка, я не хацела перашкодзіць. Проста тэрмінова нагадала таварышу Баластоўскаму пра міжпрадметныя сувязі, — Лія лёгка ўдавала з сябе дурніцу.
— Ведаем мы вашы сувязі, — не змаўчаў Іскаліеў, і ўсе дружна засмяяліся.
Руслан Альгердавіч гэтыя слоўныя кульбіты пакінуў без каментараў, урачыста павіншаваўшы прысутных з усімі зімовымі святамі, асабліва са старым новым годам. Грамада з задавальненнем узняла ўгору келіхі і, пачокаўшыся, імкліва спаражніла іх. Над сталамі на пэўны час павісла феерычная гамана ў супольнасці з гукамі ад смакавання салаты і халодных закусак.
— Ты ўжо ж паслугуй мне. Пакладзі, калі ласка, каўбаскі, — даволі гучна шчабятала Андрамедава проста ў маю вушную ракавіну.
— І мне, і мне. Я вельмі люблю, як Эрнест Скіргайлавіч арудуе каўбаскай, — не стрымалася Алеся ад распачынання лакальнай інфармацыйнай вайны — вайны намёкаў з эківокамі.
Абедзве каляжанкі пагардліва паглядзелі адна на адну. Яшчэ крыху, і нехта з іх абавязкова плёснуў бы другой у твар алейнаю юшкай ад салаты “Вялікі Сырт”. Становішча выратаваў дырэктар. Ён нагадаў, што паміж першай і другой — як сігнуць адной нагой, і перадаў слова для тоста Данцовай. Тая між віншаванняў і зычанняў раптоўна згадала мяне як добрага работніка, таленавітага артыста і мужнага чалавека. Калегі запляскалі ў ладкі. Усім увадначас захацелася чокнуцца са мною. Андрамедава ішла на розныя хітрыкі, абы толькі Рыбанька не змагла дакрануцца сваім келіхам з маім. Мяне гэта наравістасць пакідала зусім абыякавым. Як і агнястрэлы вачэй Келдышавай з дальняга ад мяне краю нашай застольнай літары.
Пасля трэцяга тоста Любартава абвясціла мой выхад да мікрафона. Усцешаны магчымасцю нарэшце вырвацца з-за стала, я пайшоў на зусім маленечкую сцэну. Давялося перакінуцца колькімі слоўцамі з хлапцом, што сядзеў на тэхніцы. Той зрэагаваў станоўча, і неўзабаве мне можна было абхапіць абедзвюма рукамі мікрафон, каб без прадмоваў заспяваць:
Mélodie d'amour chante le coeur d'Emmanuelle.
Qui bat coeur à corps perdu.
Mélodie d'amour chante le corps d'Emmanuelle.
Qui vit corps à coeur dessus.
Усе калегі ўважліва слухалі кожнае французскае слова, якое злятала з маіх безнадзейна беларускіх вуснаў. Не менш уважліва слухалі нашы міжвольныя суседзі — працаўнікі кветкаводчай фірмы “Чырвоная архідэя”. Калі спеў скончыўся, мне зладзілі авацыю. Ружавеючы ад сораму і задавальнення, я пакланіўся і спусціўся са сцэны на грэшную зямлю. На зямлі паспелі абвясціць танцы. Мае калегі затрэсліся ў харэаграфічных канвульсіях. Я рухаўся праз іх і іхныя харавыя падпеўкі жаночаму голасу, дакладней, галасу, што імкліва вырываўся з дынамікаў:
Ориентация Север,
Я хочу, чтоб ты верил,
Я хочу, чтоб ты плакал,
А я не буду бояться,
Что нам нужно расстаться,
Что мне нужно остаться.
Рагнеда Іванаўна рабіла неверагодныя піруэты і па, праводзячы мяне памаўзлівым позіркам. Але не за яе позірк зачапіўся мой зрок. Сярод “архідэяў” я раптоўна ўбачыў маладую жанчыну вельмі падобную на Настассю Цыпіну. У мяне нават галава пайшла кругам перш, чым стала зразумела, што перада мною ўсяго толькі падабенства, а не арыгінал.
Незнаёмка мне ветліва ўсміхнулася і падзякавала за песню. “Keine Ursache!” — неўпрыцям адказаў я па-нямецку, на што малодка заўсміхалася яшчэ больш і пацягнула за сабой у вір павольнага танцу, мелодыя для якога акурат загучала. Я пагадзіўся на гэтую авантуру з незвычайнай для сябе лёгкасцю. На нейкія пяць хвілінаў для мяне перастала існаваць усё, што было навокал. Я не адчуваў пакрыўджанасці пэўных каляжанак. Я не чуў найноўшых жарцікаў Дзяніса Давыдавіча. Я забыў — о, божачкі мае праведныя! — Алісу Селязнёву і каханне да яе. Ці не ўпершыню ад самага свайго нараджэння я здолеў цалкам скінуць з сябе чорны пыл турбот і адчуць сябе шчаслівым. Я мусіў бы здзівіцца таму, што са мной адбывалася, але і ўменне здзіўляцца апынулася па-за бортам маёй свядомасці. Я нешта шаптаў на вушка сваёй партнёрцы па танцу. Яна таксама шаптала мне нешта наўзаем.
З невялікімі перапынкамі мы так і пратанчылі амаль да канца нашых вечарынак. Я быў у нейкім тумане. Мяне цягнула і цягнула да Веранікі, як назвалася мая незнаёмка. Каляжанкі спрабавалі мяне торгаць і тузаць, але сіла прыцягнення да іншай не давала ім ні найменшага шанцу.
— Не любіце іх? — спытала Вераніка.
— Як сказаць, — пахмыльнуўся я.
— Ну, мо’ тады паехалі адсюль, пакуль не пачаўся ўсеагульны сыход, — нечакана прапанавала яна.
— Паехаў бы, ды мышка ў кішэні дзірку выгрызла, — хістаўся між туманам і яваю я.
— Спадзяюся, што сваім хвастом мышка нічога не разбіла? — падміргнуўшы, пацікавілася яна.
— Неа, — паспрабаваў падміргнуць у адказ я.
— Тады паехалі, — амаль што загадала ўпадабанка і за руку вывела мяне з залы.
Генерал-маёр з рэстараннага гардэробу аддаў нашы рэчы і змоўніцкім голасам склаў прапазіцыю прадаць нам лёгкіх наркотыкаў ці хаця б надзейных кантрацэптываў.
— Omnia mea mecum porto, — выдала яму ў адказ Вераніка.
Той глянуў на мяне запытальна і адначасова з чаканнем праявы мужчынскае салідарнасці. Але я адно развёў рукамі і языком, які заплятаўся, рэзюмаваў, скарыстаўшыся ўзорам позняе студэнцкае лаціны:
— Fortuna non penis, in manus non recipe.
Мая спадарожніца выбухнула задорыстым смехам. Праз колькі секундаў мы пакінулі рэстарацыю. Адразу пад’ехала таксі. Вераніка назвала таксісту адрас, які я не здолеў толкам расчуць. Таксіст запрашальна кіўнуў галавой.
Таксоўка імчала па начным зімовым горадзе. Я нават не спрабаваў звярнуць увагу, у якім напрамку мы едзем. Я і мая ўпадабанка сядзелі на заднім седзіве і амаль бесперапынна цалаваліся ўзасос. Гэта так мяне збаламуціла, што слова “наўзацмачкі”, якое мне было вядомым са слоўніка Вацлава Ластоўскага, я забыўся так жа лёгка, як кагадзе забыў Алісу Селязнёву.
Праз пятнаццаць хвілін, а можа праз гадзіну ці дзве, мы некуды прыехалі. Ад захаплення Веранікай я па-ранейшаму быў сляпым. Я не разумеў, куды мы прыехалі і куды заходзім. Мне праглася адно — дабрацца да больш-менш зацішнага месцейка, каб урэшце напоўніцу ўпіцца любошчамі з гэтай неверагодна юравабнай малодкай. Урэшце гэта адбылося. Ці то на канапе, ці то ў ванне, ці то і там, і сям, і яшчэ недзе. Мой розум не ўспрымаў ніякіх асаблівасцяў інтэр’еру. Мой розум быў цалкам падпарадкаваны жарсці, якая дзікім зверам таілася ўва мне. Я бачыў толькі Вераніку. Чуў толькі Вераніку. Адчуваў толькі Вераніку. Вераніка была перада мной і навокал мяне. Акрамя Веранікі не было нічога за выключэннем цьмяных жоўтых агнёў, пра паходжанне якіх мне нават на імгненне не закарцела задумацца. Я ўвесь аддаўся шчасцю, як шчасце аддавалася мне.
Раптоўна ад гэтага шчасця мне стала бракаваць паветра. Я хутка падскочыў, нібыта вынырнуў з ракі, і зразумеў, што няздатны дыхаць ротам. Рот быў нечым заклеены. Спробы рухацца далей асаблівага плёну не далі. Звязаны па руках і нагах я сядзеў голы на нейкім старызным смярдзючым тапчане, які стаяў у паўцемрыве невядомага мне халоднага памяшкання. Кволая лямпачка, што гарэла на процілеглай сцяне, ледзьве пазначала сваім святлом абрысы дзвярэй. Зрок ніяк не мог асвойтацца і разабраць, чым яшчэ напоўнена памяшканне. Акром выцця ветру за нябачным вакном, я не чуў ніякіх гукаў. Аднак мне здавалася, што нехта пільнуе мяне з-за покрыва цемры.
З кожнай секундай мне станавілася ўсё халадней і халадней. Мне было цяжка ўсведамляць, што чароўныя часіны з прыгажуняй Веранікай ператварыліся ў чорт ведама што. Яшчэ цяжэй мне было думаць пра тое, да чаго гэтае чорт ведама што ў выніку прывядзе. Я паспрабаваў падаць голас. Атрымаўся глухі стогн. Але не зважаючы на гэта, я працягваў спробы.
Нечакана пачуўся моцны гук, сінхронна з якім вылецелі дзверы, і ў памяшканне забеглі людзі з аўтаматамі ў руках. Нехта вырынуў з сябе загадны крык: “Усім заставацца на сваіх месцах! Гэта спецназ!” У вочы мне ўдарылі промні некалькіх яркіх ліхтароў, і я міжволі прымружыўся...