“Каляндар Бахарэвіча”
Мінск: “Радыё Свабода”
Пра кнігу:
«Каляндар Бахарэвіча» — 366 эсэ пра падзеі, асобы і факты гісторыі, якія варта ведаць, каб адчуць сябе часткай чалавецтва. Рэкамендуецца для любога ўзросту, пажыццёвых зняволенняў і палётаў на Марс.
Пра аўтара:
Альгерд Бахарэвіч — пісьменнік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Мінску. У 1997 годзе скончыў філалагічны факультэт БДПУ, працаваў настаўнікам, журналістам. Аўтар кніг прозы “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў” (2002), “Натуральная афарбоўка” (2003), “Ніякай літасці Валянціне Г.” (2006), “Праклятыя госці сталіцы” (2008), “Сарока на шыбеніцы” (2009), “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” (2011), “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” (2012), “Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення” (2012), “Каляндар Бахарэвіча” (2014), “Ніякай літасці Альгерду Б.” (2014), “Дзеці Аліндаркі” (2014). Паасобныя творы А. Бахарэвіча перакладзены на нямецкую, чэшскую, украінскую, балгарскую, славенскую, рускую мовы. Лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” за 2002 год. Паводле апытання інтэрнэт-сайта “Новая Еўропа” Бахарэвіч быў названы найлепшым беларускім пісьменнікам 2006 года. “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца-2012, а “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” — у шорт-ліст той жа прэміі 2013 года, абедзве кнігі занялі па выніках другое месца сярод намінаваных на прэмію кніг.
Спампаваць кнігу "Каляндар Бахарэвіча" можна
тут.
Любоў цара
31 студзеня 1563 Іван Жахлівы пачынае аблогу Полацка
31 студзеня 1563 году шэсцьдзесят тысяч прадстаўнікоў братняга расейскага народу (а можа, і значна болей, братоў не лічаць) на чале з генералісімусам Іванам Жахлівым падступілі да муроў гораду Полацку. Яшчэ тысяч сорак гасцей з усходу цягнулі на сабе тое, што мусіла назаўжды засведчыць братэрскую любоў маскоўцаў да палачанаў: дзвесце гарматаў і іншы цалкам мірны рыштунак.
Генералісімус Іван быў чалавек нязлосны і нікому не жадаў благога: падумаеш, сына роднага забіў. А што людзей пачкамі губіў, дык было б тае бяды: чаго-чаго, а гэтага майна ў маскоўскіх гаспадароў заўсёды хапала з лішкам. Чаму ж смутак расіў у гэтыя зімовыя дні светлыя вочы Івана? Бедны цар проста хацеў вярнуць сваё, законнае: Валынь, Галіцыю, ды вось, Полацак. Ён жадаў усяго толькі любові. А яго чамусьці ніхто не любіў. Нават уласныя падданыя. Яго палюбяць праз некалькі стагоддзяў, напішуць пра яго раманы, здымуць фільмы пра тое, як ён бараніў радзіму і мяняў прафесію, адзначаць вайсковы геній, волю, веру і дзяржаўны розум. Але любоў — такая рэч, якой заўжды хочацца тут і цяпер.
І вось перад ім, як піша Ўладзімер Арлоў, ляжыць «галоўная цвердзь Вялікага Княства Літоўскага — горад з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васямнаццаццю храмамі». І зусім невялікім гарнізонам. Бяры — і любі. Але праклятае места чамусьці не жадае царскае любові.
Калі б у Івана быў гучнамовец або радыё, ён, напэўна, загадаў бы з раніцы да раніцы круціць мантры на туземным «наречіі», кшталту гэтай:
«Ой, калі б, калі
Маскалі прыйшлі,
Нашы родныя, веры одныя!»
Але радыё ў яго няма. І любові таксама ўсё ніяк не адчуваецца.
...Іх гэта дагэтуль здзіўляе — да гістэрык і сопляў. Яны дагэтуль крыўдзяцца, як дзеці, і шчыра ня могуць даўмецца: як можна жыць у Менску, Віцебску, Горадні, Пінску, Берасці,
Полацку — і не любіць іх? У іх жа ўсё такое вялікае і красівае...
На 16-ты дзень аблогі Іван, паабяцаўшы папярэдне абаронцам Полацку волю і захаванне іхнай маёмасці, пасля жорсткіх баёў бярэ горад. І Полацак захлынаецца ад прыступу братэрскіх пачуццяў: габрэяў топяць у Дзвіне, усіх, хто няправільна хрысціцца, забіваюць без суду і следзтва (хаця можна толькі ўявіць сабе гэты суд, калі б ён адбываўся), манахаў сякуць шаблямі, па ўсім горадзе гвалтаванні і кроў, спаленыя некалькі храмаў і тры тысячы двароў, маёмасць месцічаў рэквізуецца на братэрскія патрэбы і звозіцца ў Маскву.
А любові ўсё роўна як не было, так і няма. Хаця, здавалася б: цяпер жа ўжо не адкруцяцца.