“Рух”
Мінск: “Кнігазбор”
Пра кнігу:
Гэтая кніга — пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, разведчыкаў і здраднікаў, а найперш — пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму.
Гэта, паводле сведчання крытыкаў, “сучасны еўрапейскі раман, кампактны і цэльны, які зацягвае і не адпускае да самага фіналу… Твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем. Агулам ліха распрацаваны індустрыяльны сюжэт з некалькімі паралельнымі лініямі, якія сыходзяцца (і без кахання тут, зразумела, не абышлося).
А што ўласна да беларусаў, то чытача прыцягвае скразная нацыянальная жылка, якая ўважна адмечана адным з герояў, што ўвасабляе наш народ і яго ментальнасць у яе найлепшых праявах сярод народаў свету”.
Пра аўтара:
Алесь Пашкевіч нарадзіўся 11 верасня 1972 года на Случчыне. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і аспірантуру пры ім. Паэт, празаік, літаратуразнаўца, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1995 г., у 1996 г. пераназваны ў Саюз беларускіх пісьменнікаў) і Беларускага саюза журналістаў (з 1997 г.). Аўтар кніг “Нябесная сірвента”, (1994), “Пляц волі” (2001), рамана “Круг” (2006), літаратуразнаўчых манаграфій “Зваротныя дарогі” (2001) і “Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры” (2002), а таксама шэрагу публікацый у друку.
Піша на беларускай мове. Вершы і проза перакладаліся на расейскую, украінскую, польскую, літоўскую, балгарскую, ангельскую і шведскую мовы. У 1998 годзе стаў кандыдатам філалагічных навук, у 2002-м абараніў доктарскую дысертацыю (прызначаная прэзідэнтам Беларусі Вышэйшая атэстацыйная камісія назвала яе варожай дзяржаўнай ідэалогіі і адмяніла рашэнне Навуковага савета па абароне). У 2004 годзе ўзнагароджаны Ганаровай граматай БДУ.
Узнагароджаны Прэзідэнтам Украіны ордэнам “За заслугі” ІІІ ступені.
Рух
(фрагмент)
За спінай, за вокнамі, за перастукам вагонных колаў заставаліся тысячы кіламетраў. І непараўнальныя Баку, Тыфліс, і нечаканыя масты над горнымі рэкамі, і неверагодныя каменныя цясніны. І два месяцы працы…
У невялікім мястэчку Сульян, дзе Кура выліваецца ў Каспій, азербайджанскі мільянер Айдар Зэйналабдзін Тугіеў задумаў пабудаваць халадзільны завод. Яго рыбныя промыслы багата раскінуліся на трыста вёрстаў ад паўднёвых іранскіх берагоў да Махачкалы. Воды Дагестана дарылі яму тоны селядца, а Кура, якая спяшалася да азербайджанскага ўзбярэжжа праз Турцыю і Грузію, радавала ў сваёй дэльце ласосем, асятром, бялугай, сяўругай, міногай, судаком. Селядзец адразу засольваўся, а вось астатнюю рыбу кансерваваць было шкада. Так і ўзнікла думка аб халадзільнай устаноўцы. Памаракавалі, падлічылі: пры цяперашніх коштах у Расіі і Еўропе курскія прысмакі рыбы-ікры праз два гады акупяць нават самы вялікі і дарагі халадзільны завод парыжскага канцэрна Хірша. І паслалі туды заказ, выконваць які, зважаючы на высокі кошт работ, выехаў у невядомы край з брыгадай наладчыкаў сам дырэктар Рудольф Дызель, а з імі — тры грузавыя вагоны з матэрыяламі і абсталяваннем, з якіх праз два летнія месяцы бесперапыннай працы і вырасла маразільная аграмадзіна — ці не адзіная такая на тысячы вёрстаў у радыусе!
Праца была не толькі бесперапыннай, але і нервовай. Тугіеў увесь час намагаўся самачынна кантраляваць і камандаваць. Падмурак, сцены і, здавалася, кожны камень не мінулі ўважлівага позірку заказчыка. Гэта ўжо потым Дызель даведаўся, што мільянер рос у беднай сям’і шаўца і з дзесяці гадоў быў аддадзены бацькам у чаляднікі да бакінскага муляра. З дваццаці гадоў сам кіраваў будоўлямі, і тут — прамінуць сваю?..
Шмат у чым эксперыментальны халадзільны завод, у кампрэсарных устаноўках якога замест вогненебяспечнага метылавага эфіру выкарыстоўвалі аміяк, запрацаваў напрыканцы жніўня, а да паловы верасня яго складскія камеры былі цалкам запоўненыя
рыбай, якая па новым чыгуначным адгалінаванні ў вагонах-рэфрыжэратарах паплыла па ўсёй Расіі…
Парыжскі канцэрн барона Хірша быў па-царску (па-ханску?) аддзячаны. Яго дырэктар Рудольф Дызель і галоўныя інжынеры за выкананую працу атрымалі падвойны заробак. На трое сутак зацягнулася развітальная вячэра, пасля чаго былі экскурсіі па Баку: стары горад і Апшэрон.
— З рыбай парадак навёў. Цяпер, калі дабраславіць Алах, займуся нафтай, — нібы падумаў, нібы канстатаваў Тугіеў. Аберуч паправіў сваю лёгкую папаху з чорнага каракулю і бадзёра ўздыхнуў; акуратная (таксама чорная, аж ільснілася) бародка, імпэтныя вусы выступалі ледзь не да вушэй, правае брыво прыўзнятае.
Іх кавалькада з пяці конных экіпажаў, якія тут звалі на французскі манер дыліжансамі, вярталася да гатэля па Мікалаеўскай вуліцы, і Тугіеў прыўзняўся, нахмурыўся, а калі перад імі паўстаў новы двухпавярховы будынак, не без гонару паказаў на яго рукой:
— Вось… таксама мая задума… Першая ў мусульманскім свеце гімназія для дзяўчынак. Хвала Алаху, сёлета быў першы выпуск. 58 навучэнак, большасць — з бедных сем’яў. Вучоба, адзежа, харчаванне — бясплатныя. — Ён здаволена прысеў і звярнуўся наўпрост да Дызеля: — Мая старэйшая дачка Ханым таксама яе закончыла. І вырашыў я выправіць яе з братам, сынам маім Зафарам, у Еўропу, моваў вашых падвучыцца ды добрых навук. Для мяне ўсё тое — нямая пустыня, а ты, мой дарагі, па ўсім мяркуючы, вучонасць з матчыным малаком усмоктваў… — Мільянер, пакуль сказанае ім перакладалася тлумачом, глыбока прасвідраваў Дызеля каштанавымі зрэнкамі. — Будзь дарадцам дзецям маім у невядомым ім Парыжы.
— Шаноўны Айдар, для мяне гэта — вялікі гонар, — Дызель нават крыху збянтэжыўся. — Зраблю ўсё неабходнае. Вось толькі… сам я, па праўдзе, надоўга заставацца ў Францыі не планую. Хачу на наступны год пераехаць у Нямеччыну і адкрыць там завод рухавікоў.
— А ты думаеш, што я дзяцей больш чым на год у чужыну выпраўлю? — збянтэжыўся і Тугіеў. — Мы ўсіх, каму выдаем замежныя стыпендыі на вучобу, абавязваем праз пэўны час вяртацца на радзіму. А як жа інакш?..
І быў ад’езд з Баку, і доўгі сон у камфортным купэ да Тыфліса і далей, і нястомны перастук вагонных колаў…