Барыс Крэпак


“Вяртанне імёнаў: нарысы пра мастакоў”


Мінск: “Мастацкая літаратура”

Пра кнігу:


Многія славутыя імёны Бацькаўшчыны захоўвае гістарычная памяць пакаленняў. Імёны асветнікаў, дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў, дыпламатаў і палкаводцаў, якія нарадзіліся і жылі ў Беларусі, а таксама вылучыліся сваім талентам і здольнасцямі ў іншых краінах, увекавечаны ў кнігах, энцыклапедыях, помніках, фільмах, палотнах. Дзясяткі і дзясяткі магутных постацей розных часоў па-сапраўднаму з’яўляюцца прыкладам высокага служэння Айчыне і яе народу. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат нацыянальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Барыс Крэпак зрабіў спробу вярнуць Радзіме імёны мастакоў, якія некалі былі незаслужана забытыя. Гэта Іосіф Аляшкевіч, Казімір Ельскі, Януар Сухадольскі, Міхаіл Кулеша, Адам Шэмеш, Кандрат Карсалін, Рудольф Жукоўскі і многія іншыя, якія вартыя таго, каб пра іх памяталі і не забываліся наступныя пакаленні беларусаў.

Пра аўтара:


Нарадзіўся 10 красавіка 1940 года на хутары Падгорным Расашанскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). У 1957 г. скончыў сярэднюю школу ў г. Гродна. Пасля трох гадоў вучобы ў Гродзенскім педінстытуце паступіў на гістарычны факультэт (аддзяленне гісторыі мастацтваў) Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1965 годзе. Першая публікацыя з’явілася ў 1958 годзе на старонках газеты “Гродненская правда”.

Працаваў рэдактарам мастацка-эксперыментальнай калегіі, інспектарам па ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і археалогіі Міністэрства культуры БССР, сакратаром праўлення Саюза беларускіх мастакоў, з 1994 г. — рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва, член рэдакцыйнай калегіі газеты “Культура”.

Аўтар больш за 40 кніг, альбомаў, манаграфій, каталогаў, тысяч артыкулаў, рэцэнзій, творчых партрэтаў, нарысаў, публіцыстычных і навуковых даследаванняў па праблемах беларускага і сусветнага мастацтва. Друкуецца ў рэспубліканскай і замежнай прэсе. Асноўныя творы прысвечаны вядучым мастакам, знакамітым творцам Беларусі В. Цвірку, Л. Шчамялёву, М. Данцыгу, А. Бембелю, З. Азгуру, А. Анікейчыку, А. Кішчанку.
Арганізатары: