Андрэй Пакроўскі
"Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза"
Мінск: Логвінаў серыя "Кнігарня Пісьменніка” / "Пункт адліку”

Анатацыя
Асцярожна, дзверы зачыняюцца, мы адпраўляемся ў небяспечнае падарожжа па мастацкім сусвеце Андрэя Пакроўскага. На нашым маршруце вас чакае сустрэча з Францам Кафкам, які працуе на ксераксе, тралейбусам, які лічыць сябе Маякоўскім, чарапахай Жучкай і безгаловым вучнем малодшых класаў. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя, на працягу ўсяго падарожжа за вамі будуць сачыць прадстаўнікі спецслужбаў, не даваць спакою абчытаныя мінскія клашары, хворыя на птушыны грып, і чырвоная маска смерці. Паважаныя пасажыры, не забывайце аплочваць праезд, на лініі працуе бязлітасны кантроль, які карае злоўленых безбілетнікаў кампаставаннем ніжняй губы.

Урывак

Пасля прысягі нас павялі рабіць ганаровыя наколкі, і тут мяне ледзь не папалілі, бо знайшлі на маёй спіне велічэзную выяву "пагоні”. Яе мне зрабілі бывалыя апазіцыянеры з беларускамоўнага сёмага "Э”, калі я вучыўся ў шостым класе.

– Што гэта за хуйня на кані? – запытаў ў мяне сяржант.

– Гэта Будзёны, – адказаў я, каб не выкрыць сябе, і зрабіў хвалісты рух лапаткамі, а "Будзёны” на маёй спіне памахаў мячом у адказ.

– Добра, тады запішам цябе ў кавалерыю. Вас навучаць змагацца з няўзброеным ворагам у гарадскіх умовах.

Мая служба прайшла як адзін дзень, і праз 18 месяцаў я вярнуўся дадому ў блакітным берэце са сланечнікам. Пасля арміі я без цяжкасцяў здаў уступныя іспыты (стральбу, падцягванне і гісторыю Беларусі) ў акадэмію МУС, дзе з мяне павіны былі зрабіць дыпламаванага мусара. Пасля заканчэння акадэміі мяне размеркавалі ў КДБ, бо я вельмі добра страляў і падцягваўся.

На сёмы дзень маёй працы да нас дайшла інфармацыя, што апазіцыя мае нейкія новыя значкі і налепкі, якіх яшчэ няма ў нашым музеі. Акрамя гэтага Сяргей Міхалок, што жыве цяпер на Гандурасе, са спецслужбамі якога мы, на жаль, не маем дамоўленасцяў, нейкім неверагодным чынам закінуў у нашу краіну стос кружэлак з нейкімі надзвычай абразлівымі песнямі, што сёння актыўна развучвае апазіцыя. Мы атрымалі заданне канфіскаваць некалькі экзэмпляраў новых значкаў і налепак для музея, знішчыць кампакт-дыскі з песнямі Міхалка, а за кампанію самога спевака і ўсіх, хто паспеў развучыць ягоныя песні. Каб справакаваць апазіцыю на актыўныя дзеянні, мы вырашылі зладзіць Дзень горада.

"Значак”




Валянцін Акудовіч
Уладзімір Арлоў
Малгажата Бухалік
Пётр Казакевіч
Павал Касцюкевіч
Ганна Кісліцына
Адам Паморскі
Барыс Пятровіч
Андрэй Хадановіч
Лешак Шарэпка